wd wp Пошук:

Юзаф Дашчынскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дашчынскі. Юзаф Даміанавіч Дашчынскі (1774, Вільня — 29 ст. ст. жніўня 1844, двор Астраглядавічы[1][заўв 1]) — піяніст, кампазітар, дырыжор.

Біяграфія

Тытульны аркуш Двух паланэзаў для фартэпіяна ў чатыры рукі. 1832-1833 гг.[заўв 2]
Тытульны аркуш Паланэза для фартэпіяна і Бліскучага вальса[заўв 3]. Каля 1835 г.
Нарадзіўся будучы знакаміты кампазітар у сям’і шляхціча Даміана[[заўв 4]](/Юзаф_Дашчынскі#cite_note-7) Дашчынскага ў Вільні. За адзін з вакальных паланэзаў у 1812 годзе быў адораны брыльянтавым пярсцёнкам ад расійскага імператара Аляксандра І. Даслужыўшыся да звання капітана нацыянальнай віленскай гвардыі, у 1813 годзе пайшоў у адстаўку, каб займацца выкладаннем ігры на фартэпіяна ў Віленскім універсітэце[[4]](/Юзаф_Дашчынскі#cite_note-8). У 1814 годзе вялікі аматар і знаўца музыкі мінскі губернскі маршалак [Людвік Ракіцкі](/Людвік_Ракіцкі "Людвік Ракіцкі"), вучань слыннага італьянскага скрыпача і кампазітара [Джавані Батысты Віёці](/Джавані_Батыста_Віёці "Джавані Батыста Віёці"), запрасіў яго на пасаду дырыжора свайго аркестра ў двары [Гарадзішча](/Тэльман_(Брагінскі_раён) "Тэльман (Брагінскі раён)"), што месціўся ў Рэчыцкім павеце. У 1818 годзе Юзаф Дашчынскі быў абраны сябрам Таварыства рэлігійнай і нацыянальнай музыкі ў Варшаве, што сведчыць аб прызнанні яго заслуг у названай сферы музычнай творчасці[[5]](/Юзаф_Дашчынскі#cite_note-fn2-9).

Згаданы аматарскі аркестр, якім Ю. Дашчынскі кіраваў да канца сваіх дзён, дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сімфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховена. Канцэрты пад яго кіраўніцтвам прыцягвалі слухачоў з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў палацы Л. Ракіцкага, але таксама ў Мінску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах у губернскім цэнтры і наогул у Беларусі ўпершыню прагучалі оперы А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[6].

Ю. Дашчынскі, атрымаўшы ад гаспадара палаца пенсію, жыў у дварах Гарадзішча і Астрагляды на працягу 30 гадоў. Пасля смерці Л. Ракіцкага[заўв 5] аркестр у Гарадзішчы распаўся. Але мэтр Дашчынскі працягваў пісаць музыку. Многія творы ён прысвяціў сваім дабрадзеям — пану нябожчыку і ягонай дачцэ Тэклі Прозаравай. Сярод іх — «Бліскучы вальс» і «Канцэртны паланэз» для фартэпіяна ў чатыры рукі. Гэтыя працы, па словах А. Ахвердавай, захоўваюцца ў бібліятэках Пецярбургу. Аўтар успамінаў Міхал Ельскі, на звесткі якога абапіраюцца ўсе сучасныя даследчыкі, акрамя іншага, зазначыў, што настаўнікамі яго бацькі Караля[заўв 6] ў ігры на скрыпцы былі майстры музыкі Кіфэрлінг, Мёсэр і Дашчынскі[7].

Творчасць

Юзаф Дашчынскі — аўтар больш як 100 музычных твораў, якія выдаваліся ў Ляйпцыгу, Вільні, Вене, Пецярбургу, Варшаве, Маскве. Сярод іх музыка да камедыі-оперы Л. Дмушэўскага «Домік пры гасцінцы» («Domek przy gościńcu»), трохактавая меладрама «Эгбэрт, альбо Аб’яднанне англічанаў» («Egbert czyli Połączenie się anglików»), 4 уверцюры, 3 фартэпіянных концэрты, два паланэзы для фартэпіяна з аркестрам, фартэпіянны квартэт, струнны секстэт, маршы для духавога аркестра, «Rondoletto» для скрыпкі і фартэпіяна, «Valse brillante» для фартэпіяна ў чатыры рукі, варыяцыі на ўласныя і запазычаныя тэмы, вакальныя творы. Аднак, усеагульную вядомасць Ю. Дашчынскаму прынеслі шматлікія паланэзы ў дзве і чатыры рукі, напісаныя ў папулярным стылі brillant, а таксама песня пра Зыгмунта ІІІ, змешчаная ў зборніку «Гістарычных спеваў» Юльяна Нямцэвіча.

Асабліва цікавая яго Вастрабрамская літанія — адзіны з літургічных твораў Ю. Дашчынскага, які захаваўся да нашых дзён. О. Кольберг уважаў яе адной з апошніх у часе што да спадчыны Ю. Дашчынскага. На думку музыказнаўцаў, гэты твор змяняе гісторыю жанру літаніі ў польскай музыцы, дзе першымі ўзорамі аркестровых спеваў уважаліся чатыры Вастрабрамскія літаніі Станіслава Манюшкі[5]. На падставе ўзноўленай партытуры Вастрабрамская літанія ўпершыню прагучала на канцэрце «Polska muzyka sakralna XIX wieku. Wilno» ў Беластоку (2011), потым у Нясвіжы (2012) і ў выкананні Беларускай капэлы Беларускага Вялікага тэатру ў 2016 годзе.

Выданні

Заўвагі

Запіс аб смерці і пахаванні на могілках у Астраглядах мэтра музыкі шляхетнага Юзафа Дашчынскага.
  1. У метрычным запісе Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сказана, што нябожчык меў 70 гадоў ад нараджэння. Таму апошняе, напэўна, і не магло адбыцца ў 1781 годзе, як калісьці няслушна падаў інфарматар Адама Плуга Дамінік Ходзька[2].
  2. Прысвечаны пані Ядвізе з дому Гечэвічаў, жонцы ўладальніка Рудакова Уладзіслава Аскеркі і маці Аляксандра Юстыніяна.
  3. Твор, прысвечаны пані Тэклі з дому Ракіцкіх, жонцы ўладальніка Астраглядаў і Хойнікаў Уладзіслава Прозара.
  4. Імя бацькі кампазітара вядома з дакумента пад назвай «Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года»[3].
  5. 24 ліпеня 1828 г. ён яшчэ жывы, бо менавіта тады забяспечыў кампазітару права на пажыццёвае валоданне вёскай Пясочанка[3].
  6. Уладальнік Дудзічаў і Замосця, вядомы як аўтар «Паланэза 1837 года».

Зноскі

  1. НГАБ у Мінску. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 33адв.
  2. Pług A. [Pietkiewicz A.] O Józefie Deszczyńskim. / A. Pług // Ruch Muzyczny. — Warszawa, 1859. Nr 50. S. 425–426
  3. 1 2 НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7, 26адв.-27
  4. Miller A. Teatr polski i muzyka na Litwie jako strażnice kultury Zachodu (1745–1865): Studjum z dziejów kultury polskiej. – Wilno, 1936. S. 162
  5. 1 2 Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага — помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 21–22
  6. А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2. С. 23; Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65)
  7. Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 23. S. 181, 182

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі 10 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1774 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1844 годзе
Катэгорыя·Кампазітары Беларусі
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Брагінскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў Мінскай губерні