Губарэ́вічы[1] (трансліт.: Hubarevičy, руск.: Губоревичи) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Стралічаўскага сельсавета.
Найранейшая пакуль што згадка пра «Село Губаровичи з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з дубровами, лесами, чертежами, полми, сеножатми и ловы пташиными» сустракаецца ў лісце ад 15 сакавіка 1574 года князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму аб раздзеле айчызнага маёнтку Брагін Кіеўскага павета Каралеўства Польскага. Уладальнікам яго стаў князь Міхаіл[2][upper-alpha 1]. З датаванага 13 сакавіка 1581 года дакумента вынікае, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітрый Ялец надзяляўся паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага «miasta Brahinia, sioła Chłuchowic [Hłuchowicz], Hubarowa y Babczyna»[5]. 18 мая 1595 года Губарэвічы згаданыя ў акце трыбунальскім у сувязі з пагадненнем аб скасаванні ўзаемных прэтэнзій што да прыўласнівання чужых грунтоў. Паразумеліся тады ўладальнікі часткі Брагінскага маёнтка князі Міхаіл і Юрый Міхайлавічы Вішнявецкія ды ўладальнік Астраглядаўскіх добраў пан Шчасны Харлінскі[6].
У 1628 годзе князь Канстанцін Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, з сяла Губаровічаў з 10 дымоў асадных сялян мусіў плаціць па тры злотыя ды з 12 агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў[7]. Палову Брагінскага замка і места з сёламі, у ліку якіх Губаровічы, атрымаў у спадчыну ад князёў дзеда і бацькі Міхайлаў Вішнявецкіх князь Іерамія Міхал Вішнявецкі, будучы ваявода рускі і правадыр барацьбы з «хмяльніччынай». У 1638 годзе ён заставіў сваю фартуну на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму[8].
У 1683 годзе пані Бруханьскай з 17 дымоў у Губаровічах належала плаціць 6 злотых[9]. Ад лістапада 1686 да канца мая 1687 года Губарэвічы з Глухавічамі і Сцяжарным Брагінскага маёнтка Яна Канецпольскага, у якіх разам налічвалася 77 дымоў, мусілі ўтрымліваць 80 казакоў і 30 коней палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Казакі чынілі «нязносныя крыўды, шкоды, крыміналы, наезды і забоі» паўсюдна, дзе б не былі. У Губарэвічах сотнік Кіяшка забіў войта Івана[10].
Да 1708 года жыхары вёскі былі прыхаджанамі брагінскай Мікалаеўскай царквы. З ініцыятывы застаўнага ўладальніка, мазырскага маршалка пана Антонія Аскеркі тут была пабудаваная царква, а насельніцтва пераведзена на унію[11]. 1 верасня 1719 года сярадзкі ваявода Ян Канецпольскі выдаў пану Зыгмунту Шукшце з жонкай даўгавую распіску на 1500 злотых, забяспечаных прыбыткамі з вёсак Глухавічы, Губарэвічы, Сцяжарнае і Пучын[12]. У 1734 годзе Губарэвічы знаходзіліся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянцаў кімбараўскіх[13], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтка на той час быў ужо князь Міхал Сервацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[14].
Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Губарэвічы былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[15]. У 1754 годзе з 41 двара (×6 — каля 246 жыхароў) сяла Hubarowicze Брагінскага маёнтка выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замка) 6 злотых, 12 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 25 злотых і 18 грошаў[16]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім. Паводле «Апісання цэркваў горада Рэчыцы і Рэчыцкага павета, падпарадкаваных Чарнігаўскай духоўнай кансісторыі» 1796 года, у 1782 годзе ў Губарэвічах узведзены новы будынак царквы ў гонар Нараджэння Багародзіцы[17].
Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі пражыванне ў вёсцы адпаведна 7, 2 і 3 чалавек (głow), якія належалі да Брагінскага кагала[18]. Пэўна, гайдамацка-сялянская Каліеўшчына 1768 года спрычынілася да рэзкага змяншэння тут насельнікаў-яўрэяў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Губарэвічы апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета спачатку Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[19]. У 1795 годзе і колькі часу пазней сяло Губарэвічы належала пану падстарасце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[20], які годам раней страціў жонку Ізабелу[21], дачку ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. У 1795 годзе губарэвіцкая царква Раства Багародзіцы была далучана да расійскага праваслаўя[22].
Згодна з рэвізіяй 1811 года Губарэвічы з іх прыгоннымі жыхарамі былі ўласнасцю непаўналетняга графа Міхала, сына Рафала, Ракіцкага. Прозвішчы сялян — Бабры, Сакуны (лідары), Хорсуны, Марчанкі[23]. У ведамасці 1829 года пра Раства-Багародзіцкую царкву запісана, што ў сяле Губарэвічы налічваўся 31 поўны двор і яшчэ тры чвэрці двара. Прыхаджане з сялян губарэвіцкіх, 127 мужчын і 130 жанчын, што належалі графу Міхалу Ракіцкаму, «который тут не живёт», былі ў заставе ў Кімбараўскага кляштара сясцёр цыстэрцыянак[24]. Паводле матэрыялаў рэвізскіх сказак 1850 года, тут было 38 двароў, 296 жыхароў[25]. У рэвізіі 1858 года ўладальнікам сяла Губарэвічы з 332 душамі прыгонных сялян названы граф Людвік, сын Міхала, Ракіцкі. З прозвішчаў, акрамя ўжо названых раней, — Бандарэнкі, Дашукі, Васюкі, Бордакі, Ляшчуны, Здрок, Прус (Прусянок), Рудзянок[26]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 321 жыхар Губарэвічаў абодвух полаў быў прыхаджанінам Стралічаўскай Міхайлаўскай царквы[27].
У паслярэформенны перыяд Губарэвічы ў складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. На 1864 год тутэйшая царква Раства Багародзіцы была прыпісной у Стралічаўскім прыходзе[28]. У 1879 годзе Губарэвічы належалі да ліку паселішчаў Стралічаўскага царкоўнага прыходу[29]. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1885 годзе тут было 68 двароў і 270 жыхароў, дзейнічала царква Раства Багародзіцы. У 1891—1896 гадах Губарэвіцкае сельскае таварыства мела пазямельныя судовыя справы з уладальнікам маёнтку Брагін панам Станіславам Кербедзем, дакладней, з яго ўпаўнаважаным Юзафам Вайткоўскім[30]. Паводле перапісу 1897 года 103 двары, 650 жыхароў, царква, школа граматы, два ветракі і аднайменны фальварак. На 1909 год у Губарэвічах 130 двароў, 830 жыхароў[31].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Губарэвічы ў складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[32].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасля вяртання ў склад БССР, з 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года вёска была цэнтрам Губарэвіцкага сельсавета ў Хойніцкім раёне спачатку Рэчыцкай, а з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі Беларускай ССР. У 1930 годзе заснаваны калгас «Хваля рэвалюцыі», працавала кузня. У пачатку 1930-х гадоў сельская царква стала прыходскай. 7 студзеня 1938 года супрацоўнікі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР арыштавалі протаіерэя царквы Іаана Жэлезняковіча, якога расстралялі 10 лютага[33]. У верасні 1938 года царкву пераабсталявалі пад школу. У Вялікую Айчынную вайну 1941—1945 гадоў загінулі 104 вяскоўцы. Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы было 756 жыхароў, у складзе саўгаса «Стралічаў» (цэнтр — аднайменнае сяло). Пасля 1986 года з вёскі адсялілі 726 жыхароў.