Шумі́лінскі раён (з 17 ліпеня 1924 па 23 лістапада 1961 Сіроцінскі раён) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — гарадскі пасёлак Шуміліна. Размешчаны ў цэнтральнай частцы Віцебскай вобласці, мяжуе з Полацкім, Гарадоцкім, Віцебскім, Бешанковіцкім і Ушацкім раёнамі.
Паверхня раёна пераважна раўнінная. Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, усходняя і паўднёва-ўсходняя — у межах Гарадоцкага ўзвышша. Агульны нахіл паверхні з усходу на захад. 85 % тэрыторыі на вышыні 130—150 м. Найвышэйшы пункт 177 м (за 2 км на поўнач ад вёскі Лескавічы), найбольш нізкая адзнака 110 м (урэз Заходняй Дзвіны).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы. Сучасная паверхня складзена з паазерскіх марэнных і азёрна-ледавіковых адкладаў, ніжэй залягаюць утварэнні сожскага, дняпроўскага, месцамі бярэзінскага зледзяненняў. Агульная магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў 50—80 м.
Карысныя выкапні: торф, цагляная гліна, жвір, будаўнічы пясок.
У складзе сельгасугоддзяў пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Паводле механічнага складу глебы пераважна сугліністыя і супясчаныя.
Найбольшая рака Заходняя Дзвіна з прытокамі Обаль (з Усысай і Чарнаўкай) і Сечна. Густата натуральнай рачной сеткі 0,45 км/км².
Азёры на тэрыторыі Шумілінскага раёна: Будавесць, Віцір, Гародна, Дабееўскае, Заронаўскае, Княжно́, Круглік, Лезвінка, Лескавічы, Мошня, Разван, Расалай, Сасноўскае, Сосна, Бубальскае, Хвоя і інш.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца геалагічны помнік прыроды Вялікі камень. Сярод 99 заказнікаў рэспубліканскага значэння 2 знаходзяцца на тэрыторыі раёна. Гэта ландшафтны заказнік «Казьянскі» і гідралагічны заказнік возера «Сосна», адзін заказнік мясцовага значэння «Варануха».
Лясныя ўчасткі размеркаваны па раёне нераўнамерна, больш у паўночнай і паўночна-заходняй, менш у паўднёва-ўсходняй частцы. У складзе лясоў хвоя, бяроза, елка і інш.
На балоты прыпадае каля 10 % тэрыторыі раёна. Гэта масівы верхавых балот: Обаль-2, Обаль-1, Ямішча і іншых, адзінае нізіннае балота — Дабееўскі Мох.
23 лістапада 1961 года Сіроцінскі раён перайменаваны ў Шумілінскі раён. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, Мікалаеўскі сельсавет перададзены Бешанковіцкаму раёну, Дабейскі, Лескавіцкі, Пагарэліцкі, Сіроцінскі сельсаветы, 9 населеных пунктаў Лаўжанскага сельсавета і гарадскі пасёлак Шуміліна — Віцебскаму раёну, 20 населеных пунктаў Казьянскага сельсавета — Гарадоцкаму раёну, Лаўжанскі, Казьянскі, Клётчынскі, Мішневіцкі, Обальскі сельсаветы — Полацкаму раёну.
30 ліпеня 1966 года Шумілінскі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Шуміліна і 8 сельсаветаў: Дабейскі, Клётчынскі, Лаўжанскі, Лескавіцкі, Мікалаеўскі, Обальскі, Пагарэлецкі і Сіроцінскі. 2 жніўня 1966 года да раёна далучаны Мішневіцкі сельсавет Гарадоцкага раёна. 12 студзеня 1968 года ўтвораны Казьянскі сельсавет. 30 верасня 1968 года вёска Обаль набыла статус гарадскога пасёлка. 1 лістапада 1968 года скасаваны Обальскі сельсавет, 26 сакавіка 1973 года Лескавіцкі сельсавет перайменаваны ў Светласельскі, Клётчынскі сельсавет — у Лявонаўскі, 19 красавіка 1973 года Пагарэліцкі сельсавет — у Язвінскі. 18 ліпеня 1985 года ў склад раёна з Бешанковіцкага раёна перададзены Каўлякоўскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Шумілінскі раён і гарадскі пасёлак Шуміліна аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 лютага 2000 года Обальскі пассавет рэарганізаваны ў Обальскі сельсавет, скасаваны Лявонаўскі сельсавет. 26 верасня 2002 года скасаваны Казьянскі сельсавет[4], 8 красавіка 2004 года — Язвінскі сельсавет[5].
Буйнейшыя прадпрыемствы:
Сельская гаспадарка раёна спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вытворчасці зерня і льну.
Асноўны артыкул: Адукацыя ў Шумілінскім раёне Сістэма адукацыі Шумілінскага раёна ў 2012 годзе складалася з 9 сярэдніх, 3 базавых, 1 пачатковай, 4 сярэдніх школы-сада, 2 базавых дзіцячых садоў-школ, 3 пачатковых дзіцячых садоў-школ, Шумілінскай раённай гімназіі, у якіх навучалася 2733 навучэнцаў.
Былі адкрыты 8 гімназічных і 3 ліцэйскія класы на базе Обальскай СШ і СШ № 1 г. п. Шуміліна.
Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў Шумілінскім раёне ажыццяўляе ўстанова аховы здароўя «Шумілінская цэнтральная раённая бальніца».
Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Шумілінскага раёна На тэрыторыі Шумілінскага раёна ўзяты на ўлік 108 помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку 14 помнікаў археалогіі (7 з іх рэспубліканскага значэння), 3 помнікі архітэктуры, 91 помнік гісторыі (22 з іх рэспубліканскага значэння).