wd wp Пошук:

Сантарын

.mw-parser-output .t-geoinfobox td,.mw-parser-output .t-geoinfobox th{min-width:120px}.mw-parser-output .t-geoinfobox td:only-child,.mw-parser-output .t-geoinfobox th:only-child{text-align:center}.mw-parser-output .t-geoinfobox-name{font-size:110%;padding:2px}.mw-parser-output .t-geoinfobox-nickname{font-style:italic}.mw-parser-output .t-geoinfobox-cave th:only-child,.mw-parser-output .t-geoinfobox-mount th:only-child{background:#e7dcc3}.mw-parser-output .t-geoinfobox-surface th:only-child{background:#ffe4c4}.mw-parser-output .t-geoinfobox-blue th:only-child,.mw-parser-output .t-geoinfobox-water th:only-child{background:#c0daff}.mw-parser-output .t-geoinfobox-underwater th:only-child{background:#b0e0e6}.mw-parser-output .t-geoinfobox-green th:only-child{background:#d0f0c0}.mw-parser-output .t-geoinfobox-tomb th:only-child{background:#bbbbbb}.mw-parser-output .t-geoinfobox-yellow th:only-child{background:#fdeaa8}.mw-parser-output .t-geoinfobox-ny th:only-child{background:#cbd5c4;border:1px solid #aaaaaa}.mw-parser-output .t-geoinfobox-ny th:first-child:not(:only-child){background:#cbd5c4;text-align:right;padding:0 0.5em}.mw-parser-output .t-geoinfobox-grey th:only-child{background:#eaecf0}

Сантары́н (грэч.: Σαντορίνη), або Ці́ра (грэч.: Θήρα) — востраў на поўдні Эгейскага мора. Уваходзіць у склад Грэцыі. Агульная плошча - 92,5 км². Насельніцтва (разам з суседнімі астраўкамі, 2011 г.) - 15 550 чал.

Геаграфія

Сантарын уваходзіць у групу Кікладскіх астравоў. Знаходзіцца ў 107 км на поўнач ад вострава Крыт, у 238 км на паўднёвы ўсход ад Афінаў, у 1961 км на паўднёвы захад ад Мінска.

Востраў мае вулканічнае паходжанне і разам з суседнімі астравамі Цірасія, Аспранісі, Палеа-Камені, Неа-Камені і Агі́ас-Нікалаас з’яўляецца рэшткамі кальдэры вулкана, вывяржэнне якога адбылося каля 21 тыс. гадоў таму. Лічыцца, што вывяржэнні каля 1520 г. да н.э. і 1460 г. да н.э. загубілі Мінойскую цывілізацыю. Апошняе вывяржэнне адбылося ў 1956 г. Новае вывяржэнне чакаецца ў бліжэйшыя гады.

Унутраныя схілы кальдэры стромкія, пік Святога Іллі дасягае вышыні 566 м.

Клімат сухі субтрапічны. Сярэдняя дзённая тэмпература ўлетку — +27°C, узімку — +12°C. З чэрвеня да верасня дажджы здараюцца ў сярэднім 1 раз на месяц.

На Сантарыне здаўна здабываюць пуцалан.

Гісторыя

Назвы

На працягу сваёй гісторыі востраў меў розныя назвы. Старажытныя грэкі называлі яго Каліста (стар.-грэч.: Καλλίστη) або Странгі́ле (стар.-грэч.: Στρογγύλη, літаральна “круглы”). Назва Сантарын з’явілася ў XIII ст. і была дадзена ў часы Лацінскай імперыі ў гонар Святой Ірыны. Назва Ціра або Фера старажытная, але канчаткова прыжылася толькі ў XIX ст., была дадзена па найменню галоўнага населенага пункта. Мясцовыя жыхары і аўтары даведнікаў для вандроўнікаў да нашых дзён аддаюць перавагу назве Сантарын.

Мінойскі перыяд

Рэшткі мінойскага горада

Французскія вучоныя, якія працавалі на Сантарыне з 1866 г., яшчэ ў XIX ст. засведчылі наяўнасць старажытнай культуры. Імі былі знойдзены рэшткі керамікі, рэдкія медныя і бронзавыя вырабы, а таксама фрэска. У 1956 г. адбылося землетрасенне. Ён разбурыў кар’ер Акраціры на паўднёвым захадзе Сантарына, у якім здабывалі пуцалан. Пласты зямлі зрушыліся, і на месцы кар’ера выявіўся старажытны горад сярэдзіны 2 тысячагоддзя да н.э. У 1967 г. грэчаскі археолаг Спірыдон Марынатас пачаў раскопкі. Пад пластамі попелу і пемзы (да 20 м таўшчынёй) ён знайшоў вялікае паселішча мінойскага перыяду.

У выніку археалагічных даследаванняў выяўлена, што Сантарын быў населены паміж 4 і 3 тысячагоддзямі выхадцамі з суседніх Кікладскіх астравоў. Культура гэтага часу нагадвае тую, што існавала на суседніх астравах. Каля 2 тысячагоддзя да н.э. на месцы больш старажытнага паселішча ўзнік горад. Жыхары Акраціры займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам і гандлем. Ён займаў значную тэрыторю, цягнуўся з поўначы на поўдзень праз увесь востраў. Прычым, астатняя частка горада знікла падчас вывяржэння вулкана, папросту правалілася ў кратар.

Жытлы ў Акраціры будаваліся з мясцовых матэрыялаў. З-за частых землетрасенняў франтоны абкладвалі каменем, рамы для ўваходных арак і вокнаў майстравалі з трывалай драўніны масліны. Многія дамы мелі некалькі паверхаў. Першы выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб, іншыя былі жылымі. Паверхню сцен упрыгожвалі фрэскамі. Меліся спецыяльныя памяшканні-прыбіральні. Вуліцы Акраціры брукаваныя. Пад брукам памяшчаліся гліняныя дрэнажныя трубы. У горадзе функцыянавала складаная дрэнажная сістэма, якая пазбаўляла яго насельнікаў ад бруду. Кераміка прывазная, вылепленая з шэрай крупчастай гліны. Мяркуецца, што яна выраблялася ў Балканскай Грэцыі і на суседнім Крыце.

Акраціры быў добра ўмацаваны, меў натуральны або толькі часткова штучны канал, які атачаў пабудовы. Вялікі флот выкарыстоўваўся для ваенных спраў і знешняга гандлю, перш за ўсё з Крытам. Знешні выгляд горада паказаны на адной з фрэсак:

Злева — мінойскі горад на Акраціры, астатнюю частку займае так званая “працэсія караблёў”, справа — бітва

Мясцовае мастацтва мела асаблівыя рысы, аднак знаходзілася пад уплывам крыцкага. Тубыльцы карысталіся лінейным пісьмом тыпу А (як і мінойцы Крыта). Аднак не вядома, ці меў Акраціры прамое палітычнае дачыненне да Крыта, які вызначаўся палацавымі комплексамі і адсутнасцю гарадоў. На фрэсках, а таксама сярод археалагічных знаходак знойдзены рэчы, якія прывозілі з Афрыкі, Заходняга Міжземнамор’я і Азіі.

Выкід попелу пасля вывяржэння вулкана на Сантарыне ў 1520 г. да н.э.

Горад загінуў у выніку трох вывяржэнняў вулкана сярэдзіны 2 тысячагоддзя да н.э. Першае адбылося каля 1580 г. да н.э. і мела лакальны характар. Многія жытлы былі часткова разбураны, але пазней адноўлены другім пластом сцен, больш тонкім, чым першасны. Падвойныя сцены будынкаў першапачаткова здзіўлялі археолагаў, пакуль сітуацыя не была растлумачана геолагамі.

Смяротным для Акраціры стала вывяржэнне каля 1520 г. да н.э. Яно значна пераўзыходзіла знакамітае вывяржэнне Кракатау ў 1883 г., суправаджалася магутным выбухам, вікідамі вадзянога пару, атрутных газаў, вялізарнага воблака попелу, цунамі з хвалямі да 25 - 40 м увышыню. Лічыцца, што вывяржэнне нанесла значныя страты на суседнім Крыце, яго наступствы адчуваліся ў Егіпце і на Блізкім Усходзе.

Вывяржэнню папярэднічалі землетрасенні, якія дапамаглі жыхарам даведацца пра небяспеку. Відавочна, яны паспелі падрыхтавацца да эвакуацыі і сесці на караблі. Пра гэта кажуць адсутнасць рэшткаў загінулых (былі знойдзены рэшткі толькі аднаго чалавека), а таксама дробныя рэчы, якія ўзялі з сабою. Аднак, як лічаць вучоныя, выратавацца не здолеў ніхто, паколькі вулкан загубіў усё жывое на адлегласці больш за 100 км. Ужо пасля разбурэння Акраціры адбылося яшчэ адно моцнае вывяржэнне 1460 г. да н.э. Яно паклала канец Мінойскай цывілізацыі на Крыце. Паданні аб двух спусташэннях захоўваліся на Крыце стагоддзямі і былі зафіксаваны Герадотам[1].

Паслямінойская гісторыя

Згодна паданням, пасля вывяржэння Сантарын зноў быў каланізаваны спачатку фінікійцамі, пасля — дарыйцамі з Лаконіі. Новыя пасяленцы займаліся земляробствам, вырошчваннем вінаграду, гандлявалі віном. Імі быў пабудаваны храм Апалона, праводзіліся святы ў гонар вясны. Герадот паведамляў, што семігадовая засуха і перанаселенасць вымусілі частку сантарынцаў пакінуць востраў, заснаваць калоніі на поўначы Афрыкі[2]. Адна з іх, Кірэна, дала назву цэлай вобласці Кірэнаіке.

У эліністычны перыяд Сантарын залежыў ад дзяржавы Пталамеяў. Тут былі пабудаваны буйны гандлёвы цэнтр і ваенныя ўмацаванні. Але ў часы рымскага, а потым візантыйскага панавання востраў згубіў сваё стратэгічнае значэнне. У XIII ст. ён быў захоплены крыжакамі і перададзены венецыянцам. У 1579 г. далучаны да Асманскай імперыі. У 1830 г. — да Грэцыі.

Інфраструктура

На сучасным востраве Сантарын існуе каля 20 населеных пунктаў, пабудаваных так шчыльна адзін да іншага, што звонку яны нагадваюць адзіны горад. У 1986 г. здабыча пуцалану была спынена. Мясцовае насельніцтва займаецца земляробствам (вырошчваннем гародніны і вінаграду), вытворчасцю віна, але найбольшы прыбытак прыносіць турызм. Дзейнічаюць міжнародны аэрапорт (на ўсходзе вострава) і порт Афініас, які прымае паромы.

Зноскі

  1. Герадот, VII:171
  2. Герадот, IV:149-165

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Астравы Грэцыі
Катэгорыя·Вулканічныя астравы
Катэгорыя·Картка на Геакары: Выправіць: Каардынаты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Карткі астравоў з няправільнымі параметрамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Карткі з састарэлым фарматам каардынат
Катэгорыя·Прыродныя геаграфічныя аб’екты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Карткі з састарэлым параметрам Карта
Катэгорыя·Геаграфія Старажытнай Грэцыі
Катэгорыя·Кіклады
Катэгорыя·Астравы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Астравы Эгейскага мора