wd wp Пошук:

Дарыйцы

Дары́йцы (стар.-грэч.: Δωριεῖς) † — адно з асноўных з старажытнагрэчаскіх плямёнаў. У канцы 2 тысячагоддзя да н. э. мігрыравалі на поўдзень Грэцыі.

Паходжанне

Відавочна, дарыйцы трапілі на тэрыторыю Балканскага паўвострава разам з ахейцамі, аднак у адрозненні ад апошніх доўгі час жылі на поўначы сучаснай Грэцыі, на тэрыторыі Эпіра і Македоніі. Размаўлялі на заходніх дыялектах старажытнагрэчаскай мовы. У старажытнагрэчаскай міфалогіі продкам дарыйцаў лічыўся Дор, сын Эліна і німфы Арсеіды.

Грэчаскае паходжанне дарыйцаў падкрэсліваў Герадот. Згодна яго сведчанню, у мінулым яны насялялі землі паўночна-заходняй Грэцыі, а таксама мясцовасці вакол гары Алімп. “Пасля выгнання з Гістэатыды кадмейцамі дарыйцы пасяліліся каля Підна і называліся цяпер македнамі. Адсюль гэта плямя зноў перасялілася ў Дрыапіду, а адтуль — перадусім у Пелапанес, дзе і прыняло найменне дарыйцаў”[1], — пісаў ён.

Цікава, што ў “АдысеіГамера дарыйцы ўзгадваліся толькі як адныя з насельнікаў Крыта[2]. Назва або імя дарыйцаў таксама знойдзены пры расшыфроўцы ахейскіх надпісаў. Такім чынам, да міграцыі паўночных дарыйцаў на Пелапанес там маглі жыць нейкія дарыйцы, назву якіх запазычылі перасяленцы.

Дарыйскае нашэсце

Асноўны артыкул: Дарыйскае ўварванне У канцы 2 тысячагоддзя да н. э. на поўдні Грэцыі адбылося разбурэнне ахейскіх дзяржаў і іх культуры. Гісторыкі Старажытнай Грэцыі вылучаюць “гамераўскі перыяд” (XII ст. да н. э. або XI ст. да н. э. - IX ст. да н. э.), які характарызаваўся значным заняпадам, хаця таксама быў звязаны з надыходам жалезнага веку. Частка гісторыкаў гэта традыцыйна тлумачаць дарыйскім нашэсцем, якое быццам бы загубіла ахейскую цывілізацыю[3].

Ужо ў эпоху элінізму існавала агульна прынятае тлумачэнне заняпаду ахейскага дыялекта на Пелапанесе ўварваннем дарыйцаў. Для гэтага выкарыстоўваўся міф аб вяртанні нашчадкаў Геракла, які лічыўся прадстаўніком валадарскай дынастыі Аргаса, але памёр у выгнанні. Яго нашчадкі вярнулі сабе адабраныя землі з дапамогай дарыйцаў. У заходнееўрапейскай навуковай гістарыяграфіі канцэпцыя дарыйскага нашэсця ўпершыню была дэталёва распрацавана Карлам Отфрыдам Мюлерам у 1825 - 1830 гг. Прыхільнікі яго ідэі першапачаткова таксама спасылаліся на старажытнагрэчаскую міфалогію, але пазней прыводзілі ў якасці доказаў і археалагічныя знаходкі, звязвалі прыход дарыйцаў з распаўсюджваннем абраду спалення нябожчыкаў.

Ужо ў XIX - XX стст. таксама вылучыўся шэраг навукоўцаў, які абвяргае канцэпцыю дарыйскага нашэсця на поўдзень і тлумачыць перасяленне дарыйцаў як звычайную міграцыю, што не абавязкова абумовіла разбурэнне папярэдняй культуры. Яны звязваюць прыход дарыйцаў з распаўсюджваннем геаметрычнай керамікі (X ст. да н. э.), з перыядам, калі Мікенская Грэцыя ўжо была зруйнавана нейкім іншым нашэсцем, магчыма так званых “народаў мора”. Ніякіх іншых ясных археалагічных доказаў не існуе[4]. На іх думку, міф аб вяртанні нашчадкаў Геракла быў складзены толькі ў другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. і выкарыстоўваўся для апраўдання агрэсіўнай палітыкі Аргаса і Спарты ў дачыненні суседніх раёнаў Пелапанеса[5].

Рассяленне

Перасяленне дарыйцаў з поўначы Грэцыі ў Пелапанес адбылося каля 1100 г. да н. э. (згодна канцэпцыі дарыйскага нашэсця) або каля 950 г. да н. э. (згодна канцэпцыі міграцыі). Яны засялілі большую частку паўвострава, акрамя Аркадзіі, дзе ў горнай мясцовасці захаваліся ахейцы. Найбольш магутнымі дарыйскімі полісамі на Пелапанесе былі Спарта, Карынф, Аргас. У часы Герадота дарыйцы таксама складалі аснову насельніцтва Крыта, Родаса, Эгіны, некалькіх іншых астравоў поўдня Эгейскага мора. У выніку каланізацыі паселішчы дарыйцаў узніклі ў Малой Азіі (Дарыда), Сіцыліі і поўдні Апенінскага паўвострава. Сам Герадот паходзіў з дарыйскай калоніі Галікарнас.

Зноскі

  1. Герадот, I:56
  2. Гамер, “Адысея”, XVI:175
  3. Для прыкладу: История Древней Греции / Под редакцией В.И.КУЗИЩИНА, МОСКВА, «ВЫСШАЯ ШКОЛА», 2003
  4. Jonathan M. Hall, Ethnic Identity in Greek Antiquity, p. 114 - 141
  5. Гл.: Белох Ю. Греческая история в двух томах. Т. 1. - М., 2009

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Насельніцтва Старажытнай Грэцыі
Катэгорыя·Старажытныя народы