Апало́н (стар.-грэч.: Ἀπόλλων), Феб (стар.-грэч.: Φοῖβος, «прамяністы») — у старажытнагрэчаскай і старажытнарымскай міфалогіі срэбралукі бог — ахоўнік статкаў, навук і мастацтваў.
Сын Зеўса і Леты, брат-блізнюк Артэміды. Апалон увасабляў Сонца і сонечнае святло, якое сімвалізавлася яго залатымі стрэламі (яго сястра ўвасабляла Месяц). Уяўляўся таксама як бог-лекар, прадказальнік будучыні, шляхоў, падарожнікаў і мараходаў. Апалон надзяляў дарам прадбачання і ачышчаў людзей, якія здейснілі забойства.
Зазвычай Апалон выяўляўся зграбным, прыгожым, залатакудрым юнаком. Нярэдка маляваўся з лірай у руках і ў акружэнні дзевяці муз, правадаром і заступнікам якіх ён з’яўляўся, за што яго называлі Мусагет (грэч.: Μουσηγέτης). У гонар Апалона ўзводзіліся шматлікія свяцілішчы і храмы, праводзіліся святкаванні і гульні.