Мінская губерня — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Расійскай імперыі. Існавала ў складзе Расійскай імперыі ў 1793—1917, а пазней затым да канца (у 1921) польска-савецкай вайны.
У пачатку XX ст. плошча яе тэрыторыі складала каля 91 213 км², а колькасць насельніцтва — 2 539 100 чалавек.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 Расійская імперыя атрымала значную частку цэнтральнай тэрыторыі ВКЛ, менавіта з якой і была створана новая губерня — «Мінская губерня» з цэнтрам у Мінску. Афіцыйна губерня як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была створана ўказам расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ ад 23 красавіка 1793. У ходзе адміністрацыйнай рэформы ў Расійскай імперыі указам расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ ад 3 мая 1795 Мінская губерня была перайменавана (што датычылася і іншых губерняў імперыі) у Мінскае намесніцтва, а з пачаткам царавання расійскага імператара Паўла І Мінскае намесніцтва (як і іншыя намесніцтвы імперыі) было перайменавана 12 снежня 1796 назад у «Мінскую губерню».
Афіцыйна адміністрацыйныя ўстановы пачалі працаваць з 22 верасня (2 кастрычніка) 1795, а кіраванне стала ажыццяўляцца па прынятым у 1775 у Расійскай імперыі «Устанаўленні кіравання губерняў Усерасійскай імперыі»: у Мінску адкрыліся Мінскае намесніцкае праўленне, судовыя (крымінальная і грамадзянская) палаты, казённая палата, сумленны суд, прыказ грамадскага нагляду, верхні земскі суд, губернскі магістрат і верхняя расправа[крыніца?].
З 1793 па 1801 Мінская губерня ўваходзіла ў склад Мінскага, Ізяслаўскага і Брацлаўскага генерал-губернатарства (і яго пераемнікаў — Мінскага, Валынскага і Брацлаўскага генерал-губернатарства і Мінскага, Валынскага і Падольскага ваеннае губернатарства).
У 1801—1808 Мінская губерня ўваходзіла ў склад Кіеўскага ваеннага губернатарства (1801—1832). Пасля не ўваходзіла ў склад якога-небудзь генерал-губернатарства. У 1812—1815 ўваходзіла ў склад Мінскага ваеннага губернатарства, а пасля зноў не ўваходзіла ў склад якога-небудзь генерал-губернатарства.
З 8 студзеня 1831 па 13 красавіка 1831 — уваходзіла ў склад Віцебскага генерал-губернатарства (1823—1856). 13 красавіка 1831 Мінская губерня была вылучана са складу Віцебскага генерал-губернатарства і перайшла (13 красавіка 1831 — 31 ліпеня 1831) пад уладу Галоўнакамандуючага Рэзервовай арміяй, а пасля (31 ліпеня 1831 — 6 кастрычніка 1831) Галоўнакамандуючага Дзеючай арміяй. Паралельна было створана таксама Мінскае часовае ваеннае губернатарства (31 красавіка 1831 — 22 студзеня 1832) для задушэння паўстання 1830—1831 гадоў у Мінскай губерні і далейшага арышта і прыцягнення да следства яго удзельнікаў.
З 1834 па 17 лютага 1856 і з 16 жніўня 1862 па 22 снежня 1870 Мінская губерня ўваходзіла ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864), перайменаванага 24 лютага 1864 у Віленскае генерал-губернатарства (1864—1912). У 1861—1862 і 1863—1864 таксама існавала Мінскае часовае ваеннае губернатарства.
З 7 лістапада 1917 года Мінская губерня ў складзе Заходняй вобласці, мела 9 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Навагрудскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слуцкі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мінская губерня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Мінская губерня ўвайшла ў Беларускую ССР, часова знаходзілася ў складзе ЛітБел ССР, з ліпеня 1920 — у БССР.
У лютым 1919 утвораны Баранавіцкі павет, 26 красавіка Рэчыцкі павет далучаны да Гомельскай губерні. З 29 жніўня 1919 года ў сувязі з акупацыяй большасці тэрыторыі польскімі войскамі падчас польска-савецкай вайны неакупаваная частка Мінскай губерні — Мазырскі і частка Бабруйскага, Барысаўскага і Ігуменскага паветаў — перададзена ў склад Гомельскай губерні (вернута 10 жніўня 1920 года). 29 ліпеня 1920 года ўтвораны Нясвіжскі павет.
18 сакавіка 1921 года, пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора, губерня перастала існаваць, бо засталася адзінай у складзе БССР (Віленская і Гродзенская губерні амаль цалкам апынуліся ў Польшчы, як і частка тэрыторыі Мінскай губерні). У складзе БССР з Мінскай губерні засталіся тэрыторыі Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Мазырскага, Менскага, Слуцкага паветаў, якія сталі ўваходзіць у БССР непасрэдна.
З 1793 па 1843 павятовы склад Мінскай губерні мяняўся некалькі разоў.
Вілейскі (10 снежня 1843 г. Вілейскі павет быў уключаны ў склад Віленскай губерні)
Давыд-Гарадоцкі, (павет быў створаны ў 1793 г., а 23 снежня 1796 г. скасаваны — яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Пінскага і Мазырскага паветаў Мінскай губерні)
Дзісненскі (10 снежня 1843 г. Дзісненскі павет быў уключаны ў склад Віленскай губерні)
Докшыцкі (павет быў створаны ў 1793 г., а 23 снежня 1796 г. скасаваны — яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Барысаўскага і Вілейскага паветаў Мінскай губерні)
Навагрудскі (у 1843 павет быў вылучаны са складу Гродзенскай губерні і ўключаны ў склад Мінскай губерні)
Нясвіжскі (павет быў створаны ў 1793 г., а 23 снежня 1796 г. скасаваны — яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Слуцкага павета і часткова Мінскага павета Мінскай губерні)
Пастаўскі (павет быў створаны ў 1793 г., а 23 снежня 1796 г. скасаваны — яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Дзісненскага павета і Вілейскага паветаў Мінскай губерні)
Рэчыцкі (павет быў створаны 29 кастрычніка 1796 г. у складзе Чарнігаўскай губерні, якая 12 снежня 1796 г. цалкам была ўключана ў склад Маларасійскай губерні; а 29 жніўня 1797 г. Рэчыцкі павет быў вылучаны са складу Маларасійскай губерні і ўключаны ў склад Мінскай губерні)
23 красавіка 1913 года мінскі губернатар Аляксей Гірс выдаў сакрэтны ўказ, каб вучыць рэлігіі беларускамоўных дзяцей толькі на рускай мове.[1]
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў заходніх губернях была знятая забарона польскамоўнай асветы. У школьным годзе 1917/1918 у Мінскай губерні зявіліся 243 польскамоўныя школы, у тым ліку сярэднія ў Койданове і Нясвіжы. Паводле афіцыйных звестак у іх навучалася 11 199 дзяцей, значыць амаль 1/4 усіх навучэнцаў на тэрыторыі гэтай губерні. Па-за Мінскам адукацыя на польскай мове асабліва развівалася у паветах: Ігуменскім, Слуцкім і Барысаўскім.[2]
Па прычыне Студзеньскага паўстання 1863—1864 гг., у Мінскай губерні (як і ў іншых губернях Заходняга края) не былі ўведзены земствы (земскае самакіраванне) у 1860-х гг. Толькі ў 1911 г. былі уведзены земствы ў 6 губернях Заходняга края(руск.) бел., у тым ліку і ў Мінскай губерні.
У 1914—1915 гг. выдаваўся часопіс «Вестник Минского губернского земства».