wd wp Пошук:

Аландскія астравы

Ала́ндскія астравы (шведск.: Åland, фінск.: Ahvenanmaa) — архіпелаг, які складаецца з 6700 астравоў, паўаўтаномная шведскамоўная вобласць Фінляндыі, якая знаходзіцца паміж Швецыяй і мацерыковай Фінляндыяй, з насельніцтвам 29 000 чалавек. У складзе Фінляндыі астравы маюць шырокую аўтаномію. Знаходзяцца ў Балтыйскім моры каля Батнічнага заліва. Асаблівы статус астравоў гарантуецца міжнароднай супольнасцю паводле Аландскай канвенцыі 1921 г. Тэрыторыя астравоў з’яўляецца дэмілітарызаванай зонай, тут забаронены нават пралёт самалётаў ваенна-паветраных сіл.

Тэрыторыя — 1579,79 км². Насельніцтва (2011 г.) — 28 355 чал. Адзіны горад і сталіца — Марыехамн.

Геаграфія і прырода

Тапаграфічная карта

Аландскі архіпелаг месціцца на поўдні Батнічнага заліва паміж Фінляндыяй і Швецыяй. Налічвае каля 20 тысяч астравоў. Толькі 6700 з іх маюць назву[1]. Заселеныя каля 100 астравоў. Астатнія астравы ўяўляюць сабою дробныя камяністыя шхеры. Найбуйнейшы востраў Аланд займае плошчу 685 км².

Геалагічная аснова складаецца з пратэразойскіх гранітаў. Каля 20 тысяч гадоў таму ледавік зруйнаваў горную гранітную граду на месцы астравоў і рассеяў валуны па тэрыторыі на поўдзень[2]. У ледавіковую эпоху частка паверхні была запоўнена асадкавымі пародамі.

Тэрыторыя астравоў прадстаўлена пераважна камяністымі раўнінамі і скальнымі ўзвышшамі. Пласт глебы вельмі тонкі. У многіх месцах бачны карставыя агаленні.

Клімат субкантынентальны ўмераны[3]. Сярэднегадавая тэмпература складае 5,4 °C. Узімку сярэдняя дзённая тэмпература каля −0,3 °C, але ўначы падае да −5,3 °C. Улетку сярэдняя тэмпература +10,7 °C — +19,3 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 558 мм.

Для прыроды Аландскіх астравоў характэрна спалучэнне лясных масіваў з шырокімі лугамі[4]. Пераважаюць шырокалісцевыя лясы з такімі дрэвамі, як дуб, ясень, бяроза, клён, асіна. У лугавых зонах дамінуюць кветкавыя расліны, у тым ліку некалькі відаў архідэй. Улетку на астравах шмат птушак. Для аховы дзікай прыроды арганізавана 40 запаведнікаў.

Гісторыя

У XVIII стагоддзі праз Аландскія астравы праходзіў важны шлях з Санкт-Пецярбургу ў Стакгольм. 18 сакавіка 1809 года, падчас Фінскай вайны расійскія войскі акупавалі астравы і далучылі іх, разам з Фінляндыяй, да Расійскай імперыі.

У 1856 годзе Парыжскі мірны дагавор надаў астравам асаблівы статус дэмілітарызаванай зоны, які захоўваецца да нашых дзён. Аландская канвенцыя 1921 гарантавала іх нейтралітэт.

Палітыка

Згодна з Актам аб самакіраванні Аландскіх астравоў ад 28 снежня 1951, з’яўляюцца парламенцкай рэспублікай у рамках аўтаноміі ў складзе Фінляндыі. Астравы маюць уласны парламент (Лагтынг), які складаецца з 30 дэпутатаў, абраных праз агульныя тайныя выбары. Яму падпарадкоўваецца ўрад (Ландскапсрэгерынг), які ў сваю чаргу складаецца з міністраў адукацыі, культуры, фінансаў, сацыяльных спраў і навакольнага асяроддзя, адміністрацыі і ўзаемадзеяння з Еўрапейскім Саюзам, прамысловасці і гандлю, і сувязі, які ўзначальваецца Лантрадам (прэм’ер-міністрам).

Эканоміка

Насельніцтва займаецца ў асноўным рыбнай лоўляй, жывёлагадоўляй і сельскай гаспадаркай.

Зноскі

  1. DISCOVER 6,700 ISLANDS
  2. NASA Visible Earth: Åland Islands
  3. Mariehamn, Åland Islands Climate & Temperature
  4. Nature Архівавана 5 ліпеня 2014.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Правінцыі Фінляндыі
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта
Катэгорыя·Аландскія астравы