У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Папко.
Vinsent (сапраўднае імя — Дзмітрый Уладзіміравіч Папко; нарадзіўся 3 кастрычніка 1988 года) — беларускі музыкант і акцёр.
У 2009 годзе артыст выдаў дэбютны альбом «Пачатак»[2]. Пасля выдання адбылася прэзентацыя альбома. Пасля выдання дэбютнага альбома былі знятыя відэакліпы на дзве песні з дыска: «Працягваю жыць» і «Восеньскі вальс». Неўзабаве пасля выдання альбома, артыст пачаў канцэртаваць па гарадах Беларусі. Кліп на песню «Восеньскі вальс», зняты Змітром Карначыкам і Алесем Меліхаўцом, атрымаў узнагароды «Street Awards» і «Кліп-марафон»[3] за найлепшы кліп года.
У 2010 годзе Vinsent выдае сінгл «Слава Героям!», напісаны па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Героямі песні з’яўляюцца Алесь Загорскі і Кастусь Каліноўскі. Тэкст пабудаваны ў выглядзе перапіскі паміж героямі.
З 2011 года артыст выступае з жывым складам музыкаў. Пачынае эксперыментаваць, змешваючы хіп-хоп з рокам і джазам. Vinsent гастралюе па міжанародных фестывалях у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне.
У 2011 годзе выходзіць «Жывы DVD». Аснову DVD складае новае відэа, зробленае на клубных канцэртах, а таксама справаздачы з міжнародных фестываляў. У дадатак да гэтага дыск змяшчае канцэртныя аўдыёзапісы, інтэрв’ю, сумесныя трэкі, тэксты ды фотаздымкі[4].
У 2012 годзе Vinsent выдае сінгл і кліп «Ні кроку назад»[5], які з’яўляецца саўндтрэкам да фільма «Вышэй за неба».
Vinsent мае сумесныя працы: сінгл «Развага» (2010) з гуртом :B:N:, сінгл «Дай сілы!» (2011) з гуртом IQ48[4].
У 2015 годзе выдаецца новы альбом «Vir», які змяшчаў 10 новых трэкаў. На песню «Жывы» быў зняты кліп.[6]
У кастрычніку 2017 года музыка прыняў удзел у складанцы (Не) расстраляная паэзія, запісаўшы песню «Метрапалітэн». Тэкст песні быў напісаны на аснове верша забітага ў 1937 г. беларускага паэта Зямы Піваварава[7].
У 2013 годзе адбылася прэм’ера фільма «Жыве Беларусь», у якім акцёр Дзмітрый «Вінсэнт» Папко сыграў галоўную ролю Мірона Захаркі.
У 2013 годзе адбылася прэм’ера фільма «Вышэй за неба», у якім акцёр Дзмітрый «Вінсэнт» Папко сыграў ролю Макса[4]. Ідэйным натхняльнікам і сурэжысёрам фільма з’яўляецца драматург Андрэй Курэйчык.