wd wp Пошук:

Фрыдэрык Шапен

Запыт «Шапен» перанакіроўваецца сюды; гл. таксама іншыя значэнні.

Фры́дэрык Франсуа́ Шапе́н (фр.: Frédéric François Chopin [ʃɔpɛ̃][8]; польск.: Fryderyk Franciszek Chopin [ˈʂɔpɛn̪], Фрыдэ́рык Франці́шэк Шо́пен[9], англ.: Frédéric François Chopin [ʃopæn, ʃopæn; ˋʃoupæŋ, ˋʃɒpæ:][10]; 1 сакавіка 1810 (паводле некаторых крыніц — 22 лютага 1810, вёска Жэлязова-Воля, каля Варшавы — 17 кастрычніка 1849, Парыж) — польскі кампазітар , піяніст
-віртуоз, педагог. Аўтар шматлікіх твораў для фартэпіяна. Найбуйнейшы прадстаўнік польскага музычнага мастацтва.

Біяграфія

Паходжанне і сям’я

Месца нараджэння Шапена ў маёнтку Жэлязова-Воля
Нікаля Шапен
Юстына Шапен

Бацька Шапена — Нікаля Шапен, француз, сын латарынскага селяніна, эміграваў у Польшчу ў 1787 годзе ва ўзросце шаснаццаці год. У Францыі ён быў ахрышчаны як «Нікаля», але, жывучы ў Польшчы, ён карыстаўся польскай формай свайго імя — «Мікалай». Цяжка сказаць, што вымусіла яго пакінуць Францыю, але ў Польшчы ён знайшоў новую бацькаўшчыну і прымаў актыўны ўдзел у яе гістарычным лёсе. Нікаля Шапен разам з польскімі патрыётамі прымаў удзел у барацьбе за незалежнасць Польшчы. Пасля задушэння паўстання Тадэвуша Касцюшкі і канчатковага падзела Рэчы Паспалітай (1795) Нікаля Шапен, капітан войска Касцюшкі, нягледзячы на хісткасць свайго палажэння, вырашыў застацца ў Польшчы. Чалавек шырокага разумовага далягляду і адукацыі, ён займаўся педагагічнай дзейнасцю, навучаючы дзяцей з арыстакратычных сем’яў, і ўрэшце заваяваў рэпутацыю аднаго з найлепшых педагогаў Варшавы. Аднымі з такіх дзяцей, былі дзеці графа Скарбка, да якога Нікаля Шапен быў запрошаны ў 1802 годзе ў маёнтак Скарбкаў Жэлязова-Воля. Там ён сустрэўся з далёкай сваячкай Скарбкаў, — Юстынай Кшыжаноўскай, з якой пазней пабраўся шлюбам[11]. Вяселле адбылося 2 чэрвеня 1806 года ў прыхадской царкве XVI ст. у Брохаве. Паводле захаваных звестак, маці кампазітара была надзвычай музыкальнай, выдатна іграла на фартэпіяна, была надзелена прыгожым голасам. Сваёй маці Фрыдэрык абавязаны першымі музычнымі ўражаннямі, прывітай з дзяцінскіх гадоў прыязнасцю да народных песняў. Інтэлігентнасць і чуласць бацькоў злітавалі ўсіх членаў сям’і любоўю і дабратворна адбівалася на развіцці даравітых дзяцей.

Дзяцінства

Помнік Фрыдэрыку Шапену ў Жэлязовай Волі (1955/1969; аўтар: Юзаф Гаслаўскі)

Фрыдэрык Шапен нарадзіўся ў маёнтку Жэлязова-Воля за 46 км на захад ад Варшавы ў тагачасным Варшаўскім герцагстве. Запіс у метрычнай кнізе (знойдзены ў 1892) падае 22 лютага 1810 года за дату нараджэння кампазітара[12], але на іншую дату, 1 сакавіка, прыходзілася святкаванне яго нараджэння сярод шчыльнага сямейнага кола[13]; і, паводле пісьма самога Шапена, якое ён адрасаваў 16 студзеня 1833 года старшыні польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы[14], ён «нарадзіўся 1 сакавіка 1810 у вёсцы Жэлязова-Воля ў правінцыі Мазовія»[15]. Ён быў другім дзіцёнкам і адзіным сынам у сям’і. Ён быў ахрышчаны 23 красавіка 1810 года ў той жа царкве ў Брохаве, дзе калісьці ажаніліся яго бацькі. Метрычная кніга падае яго асабістае імя пасля хрышчэння як «Fridericus Franciscus»[12]; па-польску яго імя гучала «Fryderyk Franciszek».

У 1817—1827 сям'я Шапенаў пражывала ў гэтым будынку Варшаўскага ўніверсітэта, цяпер упрыгожанага профілем Фрыдэрыка Шапена (па цэнтру)

У кастрычніку 1810 года, калі Шапену было сем месяцаў, сям’я пераехала ў Варшаву з-за таго, што яго бацька прыняў прапанову знакамітага лексікографа Самюэля Ліндэ выкладаць французскую мову ў Варшаўскім ліцэі. Школа размяшчалася ў Саксонскім палацы і з гэтага часу сям’я Шапенаў пражывала на яго прымежнай тэрыторыі. У 1817 годзе вялікі князь Канстанцін Паўлавіч рэквізаваў Саксонскі палац для ваенных мэтаў і Варшаўскі ліцэй перамясціўся ў Казіміраўскі палац[16], які тады належаў да новазаснаванага Варшаўскага ўніверсітэта. Сям’я жыла ў шырокім пакоі на другім паверсе сумежнага дома. Шапен наведваў Варшаўскі ліцэй з 1823 па 1826 год.

Польскі дух, культура і мова запоўнілі дом Шапена і ў выніку ён ніколі, нават у Парыжы, не быў здольны ў поўнай меры авалодаць французскай мовай[17][18]. Біёграф Льюіс Энолт пазычыў фразу Жорж Санд, каб апісаць Шапена «больш польскім, чым Польшча»[19].

Іншыя ў сям’і Шапенаў былі гэтаксама схільныя да музыкі. Бацька Фрыдэрыка іграў на флейце і скрыпцы; яго маці іграла на піяніна і давала дзецям урокі ў элітным пансыянаце, які падтрымліваўся сям’ёй маладога кампазітара. У выніку Фрыдэрык ужо ў малым узросце стаў добра знаёмым з музыкай у яе самых разнастайных формах[17].

Ужо ў дзіцячыя гады Шапен праявіў незвычайныя музычныя здольнасці. Ён быў аточаны асаблівай увагай і клопатам. Падобна Моцарту, ён захапляў усіх навакольных сваёй музычнай «апантанасцю», незнікаемай фантазіяй у імправізацыях, прыраджоным піянізмам. Яго ўспрымальнасць і музычная ўражлівасць выявіліся бурна і незвычайна. Ён мог плакаць, слухаючы музыку, ускокваць ноччу, каб падабраць на фартэпіяна мелодыю ці акорд, які запомніў. Музыкант і сучаснік Шапена Юзаф Сікорскі ўзгадвае ў сваіх «Успамінах пра Шапена» (польск.: Wspomnienie Chopina) што, яшчэ дзяцём, Шапен плакаў падчас ігры сваёй маці на фартэпіяна. У шасцігадовым узросце, ён ужо спрабаваў паўтараць, тое што ён чуў, і ствараць свае ўласныя мелодыі[20]. Ён атрымаў свае першыя фартэпіянныя ўрокі не ад сваёй маці, а ад сваёй старэйшай сястры Людвікі[17].

Першыя фартэпіянныя канцэрты

Войцех Жыўны, карціна Амброзія Мерашэўскага, 1829

Першым прафесіянальным настаўнікам Шапена па фартэпіяна, з 1816 па 1822 гг., быў чэх Войцех Жыўні[21]. Хоць музычнае майстэрства юнага музыканта хутка пераўзыйшло майстэрства яго настаўніка, Шапен пазней выказваўся пра Жыўнага з вялікай прыязнасцю. Сямігадовы «маленькі Шапен» (Szopenek) пачаў даваць публічныя канцэрты, якія пазней выклікалі параўнанні маладога піяніста з Моцартам, у дзіцячым узросце, і Бетховенам[17].

Сёлета, сямігадовы Шапен напісаў два паланэзы, у соль міноры і сі-бемоль мажоры. Першы быў апублікаваны ў гравюрнай майстэрні айца Ізідора Юзафа Цыбульскага (кампазітара, гравёра, дырэктара арганнай школы і аднаго з нешматлікіх выдаўцоў тагачаснай Польшчы); другі паланэз захаваўся ў форме рукапіса, падрыхтаванага Нікаля Шапенам. Казалася, што гэтых два невялікіх творы супернічалі не толькі з папулярнымі паланэзамі вядучых польскіх кампазітараў, але і са знакамітымі паланэзамі Міхала Клеафаса Агінскага. Істотнае развіццё меладычных і гарманічных інвенцый і фартэпіяннай тэхнікі адлюстравалася ў наступным вядомым паланэзе Шапена ў ля-бемоль мажоры, які юны музыкант прэзентаваў на імяніны Войцеха Жыўнага ў 1821 годзе ў якасці падарунка[17].

У адцінаццацігадовым узросце Шапен выступаў у прысутнасці расійскага імператара Аляксандра I, які ў той час знаходзіўся ў Варшаве, каб адкрыць Сейм (польскі парламент)[20].

Будучы дзіцём, Шапену была ўласцівая кемлівасць, якая, як казалі, паглынала і выкарыстоўвала ўсё дзеля яе развіцця. Ён рана паказаў выдатныя здольнасці ў назіранні і красленні, праніклівую дасціпнасць, пачуццё гумару і незвычайны талент да пераймання[17]. Гісторыя з яго школьных гадоў распавядае, як настаўнік быў прыемна здзіўлены цудоўным партрэтам, які Шапен намаляваў са свайго кіраўніка ў класе.

У гэтыя гады Шапен быў некалькі разоў запрошаны ў Бельведэрскі палац у Варшаве ў якасці музычнага партнёра вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, неўзабаве ачараваўшы зласлівага князя сваёй фартэпіяннай ігрой[17] (праз некалькі гадоў, вялікі князь збгаў з Бельведэра адразу пасля пачатку лістападаўскага паўстання 1830—1831 гадоў, уцякаючы ад польскіх кадэтаў, якія, з мэтай захапіць яго, пераследвалі князя цераз Лазенскоўскі парк да сваіх баракаў).

Маёнтак у Шафраніі, дзе Шапен праводзіў вакацыі з 1824 па 1825

У 1820-я гг., калі дзесяцігадовы Шапен наведваў Варшаўскі ліцэй і Варшаўскую кансерваторыю, кожныя вакацыі ён праводзіў далёка ад Варшавы: у Шафраніі (1824 — напэўна яго першае ўласнае падарожжа — і 1825), Душнікі (1826), Памеранія (1827) і Саннікі (1828)[22].

У вёсцы Шафранія (дзе ён знаходзіўся ў якасці госця Юльюша Дзеваноўскага, бацькі ліцэйскага таварыша Дамініка Дзеваноўскага)[23] і ў іншых месцах яго адпачынку Шапен пазнаёміўся з народнымі мелодыямі, якія ён пазней пераўтварыў у арыгінальныя кампазіцыі. Яго лісты з Шафраніі (так званыя лісты «Шафранскага кур’ера»), наўмысна напісаныя ў афіцыёзным стылі, з’яўляліся ўзорам вельмі сучаснай і жывой польскай мовы, якія пазабавілі яго сям’ю сваёй парадыйнасцю на варшаўскія газеты і выявілі літаратурны талент юнага Шапена.

Адукацыя

Шапен, які адукоўваўся дома да трынаццаці год, стаў вучнем Варшаўскага ліцэя ў 1823 годзе, працягваючы аднак фартэпіянныя ўрокі пад кіраўніцтвам Жыўнага. У 1825 годзе, падчас прадстаўлення твора Ігнацы Машэлеса, ён выступіў перад аўдыторыяй са сваёй вольнай імправізацыяй і быў абвешчаны «найлепшым піяністам Варшавы»[17].

Увосені 1826 года Шапен распачаў трохгадовы курс адукацыі з сілескім кампазітарам Юзафам Эльснерам у Варшаўскай кансерваторыі, якая з’яўлялася філіяй Варшаўскага ўніверсітэта. Першая сустрэча Шапена з Эльснерам мусіла мець месца не раней за 1822 год; дакладна вядома, што на працягу 1823 года Шапен быў пад нефармальным кіраўніцтвам Эльснера і ў 1826 годзе Шапен афіцыйна пачаў вывучаць з Эльснерам музычную тэорыю, генерал-бас і музычную кампазіцыю.

На першым гадавым іспыце Эльснер заўважыў выбітны талент і музычны геній Шапена. Як і Жыўны, Эльснер толькі назіраў, не ўплываючы і не выпраўляючы, развіццё квітнеючага талента маладога Фрыдэрыка. Эльснеравы вучэбны стыль быў заснаваны на яго нежаданні «утрымліваць» Шапена «вузкімі, акадэмічнымі, састарэўшымі» правіламі і на яго рашэнні дазволіць маладому артысту пасталець «згодна з законамі яго ўласнай прыроды».

У 1827 годзе сям’я Шапенаў пераехала на кватэру ўздоўж вуліцы ля Варшаўскага ўніверсітэта, якую яны здымалі ў палацы Чапскіх у Кракаўскім прадмесці (дзе зараз размяшчаецца Варшаўская акадэмія мастацтваў). Тут бацькі Шапена ізноў пачалі трымаць свой элітны пансыянат для студэнтаў-хлопчыкаў. Юны Шапен будзе жыць тут да 1830 года, пакуль не з’едзе ў Варшаву. У 1837—1839 артыст і паэт Цыпрыян Норвід будзе жыць тут падчас навучання маляванню ў Акадэміі прыгожых мастацтваў; пазней ён напіша свой знакаміты верш «Фартэпіяна Шапена», які распавядае пра выпадак яго знішчэння расійскімі войскамі ў 1863 годзе[24]. Салон сям’і Шапенаў (salonik Chopinów) на дадзены момант з’яўляецца адчыненым для любой аўдыторыі музеем; гэта быў менавіта гэты салон, дзе Шапен упершыню сыграў большасць сваіх ранніх твораў.

Парыж

Шапен прыехаў у Парыж пад канец верасня 1831 года, у нявызначаным стане адносна сваёй будучыні тут. У Парыжы Шапен займеў добрыя стасункі з вядомымі польскімі эмігрантамі, уключна з прынцам Адамам Ежы Чартарыйскім і паэтам Адамам Міцкевічам. Кола знаёмстваў Шапена ўзбагацілася такімі постацямі як пісьменнік Генрых Гейнэ, мастак Эжэн Дэлакруа, найбуйнейшыя піяністы таго часу Фрыдрых Калькбрэнер, Фердынанд Гілер і Франц Ліст, кампазітары Гектор Берліёз, Фелікс Мендэльсон, Шарль-Валентын Алькан і Вінчэнца Беліні.

Жорж Санд

Жорж Санд (Занд) — псеўданім французскай пісьменніцы Аўроры Дудэван (Амандын-Аўрора-Люсіль Дупен, баранеса Дудэван), з якой Шапен пазнаёміўся ў 1836 годзе. Нягледзячы на першапачатковае адмоўнае ўражанне, трохі пазней кампазітар распачаў з ёй рамантычныя стасункі. У 1845 годзе Жорж Санд выдала кнігу Лукрэцыя Фларыяні, галоўныя героі ў якой — заможная актрыса і балесны прынц, якіх можна інтэрпрэтаваць як Санд і Шапена.

Смерць

У 1848 годзе Шапен вярнуўся ў Парыж. Не ў змозе больш даваць урокі, Шапен вымушаны быў прыняць шчодрую дапамогу ад сваёй шатландскай прыхільніцы Джэйн Стырлінг (па-англійску: Jane Stirling). Даглядаць хворага прыехала з Польшчы сястра кампазітара, Людвіка; не абыходзілі яго ўвагай і французскія сябры. Шапен памёр у сваёй парыжскай кватэры на Вандомскай плошцы. Паводле яго жадання на адпяванні ў царкве Св. Мадлен прагучалі фрагменты Рэквіему Моцарта.

Шапен пахаваны на парыжскіх могілках Пер-Лашэз. Сэрца Шапена паводле яго тэстаменту было перавезенае на радзіму і спачывае ў Базіліцы святога Крыжа ў Варшаве

Музыка

Аўтар шматлікіх твораў для фартэпіяна. Буйнейшы прадстаўнік польскага музычнага мастацтва. Па-новаму вытлумачыў многія жанры, адрадзіў на рамантычнай аснове прэлюдыю, стварыў фартэпіянную баладу, апаэтызаваў і драматызаваў танцы — мазурку, паланэз, вальс; пераўтварыў скерца ў самастойны твор. Абагаціў гармонію і фартэпіянную фактуру, спалучаў класічнасць формы з меладычным багаццем і фантазіяй.

Сярод яго твораў 2 канцэрты (1822, 1830), 3 санаты (1822—1844), фантазія (1841), 4 балады (1835—1842), 4 скерца (1832—1842), экспромты, накцюрны, эцюды і іншыя творы для фартэпіяна; песні. У яго фартэпіянным выкананні глыбіня і шчырасць пачуццяў спалучаліся з вытанчанасцю, тэхнічнай дасканаласцю.

Шапен — кампазітар, надзвычай папулярны для выканання сярод піяністаў. Кожны, хто мае хоць нейкае дачыненне да ігры на фартэпіяна, сутыкаецца з праблемай інтэрпрэтацыі твораў Шапена.

Раз на пяць гадоў у Варшаве адбываецца Міжнародны конкурс піяністаў імя Шапена, на якім выконваюцца выключна творы гэтага кампазітара, адзін з найпрэстыжнейшых у свеце. За доўгую гісторыю гэты конкурс адкрыў імёны найвыбітнейшых піяністаў, такіх як Марта Аргерыч, Маўрыцыа Паліні (англ.: Maurizio Pollini), Крысціян Цымерман (англ.: Krystian Zimerman), Іва Пагарэліч (англ.: Ivo Pogorelić), Фу Ц’Онг (англ.: Fou Ts’ong).

Творы

Ува ўсіх творах Шапена выкарыстоўваецца фартэпіяна. Большасць кампазіцый напісаныя для фартэпіяна сола, маюцца таксама творы для фартэпіяна з скрыпкай, віяланчэллю і з аркестрам. Захавалася каля 230 твораў Фрыдэрыка Шапена, некаторыя юнацкія творы загубленыя.

Творы для фартэпіяна сола

Балады

Эцюды

Фантазіі

Накцюрны (усяго 21)

Экспромты

Мазуркі

Паланэзы

Прэлюдыі

Ронда

Скерца

Санаты

Вальсы

Творы для фартэпіяна з аркестрам

Зноскі

  1. Часам у крыніцах, часцей за ўсё польскамоўных, сустракаецца транскрыпцыя Szopen, см. напр. Sikorski J. Wspomnienie Szopena. / Biblioteka Warszawska t. 4, z. 108, 1849. s. 510-559; Przybyszewski S. Szopen a naród. — Kraków.: Spółka nakł. “Książka”, 1910; Paderewski I. J. Szopen. — Warszawa: Muzyka, 1926; Gliński M. Szopen: monografja zbiorowa. — Warszawa: Muzyka, 1932 и др.
  2. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118520539 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  3. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  4. 1 2 Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
  5. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118520539 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  6. LIBRIS — 2012. Праверана 24 жніўня 2018.
  7. 1 2 3 https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Chopin-Fryderyk-Franciszek;3885797.html
  8. Французскае напісанне прозвішча — Chopin — вынікае з прозвішча яго бацькі, француза па нацыянальнасці, см. Wincenty Łopaciński Chopin, Mikołaj / Polski słownik biograficzny, vol. III. — Kraków.: Polska Akademia Umiejętnosści, 1937, pp. 426-27.
  9. Аднак Фрыдэры́ка Францішэ́ка Шапэ́на, Польский язык. Методические указания (Ударение), Музыкальная шкатулка от Шопена Архівавана 27 верасня 2011.
  10. oldict.com Online Dictionary
  11. Zdzisław Jachimecki, “Chopin, Fryderyk Franciszek, " Polski słownik biograficzny, vol. III, 1937, p. 420.
  12. 1 2 Запіс аб хрышчэнні Шапена (па-лацінску, датаваны 23 красавіка), прыход святога Роха ў Брохаве, Польшча, падае 22 лютага за дату нараджэння Шапена: http://diaph16.free.fr/chopin//actenaissancechopin.png
  13. Barbara. Life / Biography — general outline(англ.) . Fryderyk Chopin Society. Праверана 26 лютага 2010.
  14. Bibliothèque Polonaise de Paris: https://web.archive.org/web/20161221001556/http://www.bibliotheque-polonaise-paris-shlp.fr/index.php?id_page=210 (French)
  15. Selected Correspondence of Fryderyk Chopin, abridged from Fryderyk Chopin’s correspondence, collected and annoted by Bronislaw Edward Sydow, translated by Arthur Hedley, McGraw-Hill, 1963, p. 116
  16. Архівавана 28 мая 2010. Fryderyk Chopin Information Centre.
  17. 1 2 3 4 5 6 7 8 Jachimecki, p. 420.
  18. Benita Eisler, Chopin’s Funeral, Abacus, 2004, p. 29
  19. Bauer, Marion. Music Through the Ages — A Narrative for Student and Layma. — Books.google.com, March 2007. — P. 248. — ISBN 9781406739411.
  20. 1 2 Hedley, Encyclopædia Britannica, p. 263.
  21. Ambroży Mieroszewski’s portrait of Wojciech Żywny, 1829 Архівавана 3 верасня 2009..
  22. Artur Szklener, «Fryckowe lato: czyli wakacyjne muzykowanie Chopina» («Fritz’s Summers: Chopin’s Musical Vacations»), Magazyn Chopin: Miesięcznik Narodowego Instytutu Fryderyka Chopina (Chopin Magazine: Monthly of the Fryderyk Chopin National Institute), no. 4, 2010, p. 8.
  23. http://en.chopin.nifc.pl/chopin/persons/detail/id/6608 Архівавана 28 кастрычніка 2012.
  24. Jan Zygmunt Jakubowski, ed., Literatura polska od średniowiecza do pozytywizmu (Polish Literature from the Middle Ages to Positivism), pp. 514-15.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (30):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 17 кастрычніка
Катэгорыя·Кампазітары паводле алфавіта
Катэгорыя·Музычныя педагогі Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1810 годзе
Катэгорыя·Музычныя педагогі XIX стагоддзя
Катэгорыя·Памерлі ад туберкулёзу
Катэгорыя·Піяністы Францыі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Парыжы
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 сакавіка
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 1849 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Пер-Лашэз
Катэгорыя·Кампазітары XIX стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 лютага
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мазавецкім ваяводстве
Катэгорыя·Кампазітары Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Істотныя артыкулы
Катэгорыя·Музычныя педагогі Францыі
Катэгорыя·Выпускнікі Музычнага ўніверсітэта імя Фрыдэрыка Шапэна
Катэгорыя·Піяністы XIX стагоддзя
Катэгорыя·Акадэмічныя музыканты Польшчы
Катэгорыя·Піяністы Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Варшаўскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Піяністы паводле алфавіта
Катэгорыя·Рамантычныя кампазітары
Катэгорыя·Асобы