wd wp Пошук:

Генрых Гейнэ

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гейнэ. Хрысціян Ёган Ге́нрых Ге́йнэ, слушней Га́йнрых Га́йнэ (ням.: Christian Johann Heinrich Heine; 13 снежня 1797, Дзюсельдорф — 17 лютага 1856, Парыж) — нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Сінтэзаваў дасягненні нямецкага рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму.

Біяграфічныя звесткі

У 1819—1825 гадах вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім універсітэтах; слухаў лекцыі Георга Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. 3 1831 года ў эміграцыі ў Парыжы. 3 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых.

Творчасць

Друкаваўся з 1817 года. Найбольш значныя творы ранняга перыяду (1816—1831) — зборнік лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кнігі нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—1831). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зборніка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феадальна-манархічнай Германіі. 3 пачатку 1830-х гадоў у яго творчасці пераважаюць палітычныя, грамадскія, філасофска-эстэтычныя праблемы (кнігі «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрнэ», 1840; «Лютэцыя», 1840—1847; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах палітычнай і сатырычнай тэматыкі (зборнікі «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—1847; «Германія. Зімовая казка», 1844) Г. Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўрэйскага народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зборнік «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гістарычныя, міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, палітычная надзённасць і глыбіня філасофскіх абагульненняў.

Даследаваннямі па творчасці Гейнэ займаліся беларускія літаратуразнаўцы Віталь Вольскі, Ю. Дворкін, Аляксей Зарыцкі, Уладзімір Некляеў, Сямён Вальфсон, Г. В. Сініла.

Беларускія пераклады

Да творчасці Гейнэ звярталіся беларускія літаратары і перакладчыкі Максім Багдановіч, А. Вяржбоўскі, Марыя Васілеўская, Юлій Таўбін, Алесь Дудар, Аркадзь Мардвілка, Сцяпан Ліхадзіеўскі, Аляксей Зарыцкі, Іосіф Сіманоўскі, Янка Лучына, Язэп Семяжон, Юрка Гаўрук, Хведар Ільяшэвіч, Васіль Сёмуха, Фелікс Баторын, Лявон Баршчэўскі, Яўген Бяласін, Юрый Кісялеўскі, Рыгор Барадулін, Ігар Крэбс і іншыя.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118548018 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  2. 1 2 3 4 Берковский Н. Я. Гейне // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 2.
  3. П. Вейнберг Гейне, Генрих // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIII. — С. 254–257.
  4. 1 2 3 J. Mähly Heine, Heinrich // Allgemeine Deutsche BiographieL: 1880. — Т. 11. — S. 338–351.
  5. J. W. F., J. G. R. Heine, Heinrich // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 13.
  6. https://odysseo.generiques.org/ark:/naan/a0114424969760tfHY3

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Выпускнікі Гётынгенскага ўніверсітэта
Нарадзіліся ў 1797 годзе
Нямецкамоўныя паэты
Пахаваныя на могілках Манмартр
Выпускнікі Берлінскага ўніверсітэта
Паэты Германіі
Памерлі ў 1856 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў Дзюсельдорфе
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Памерлі ў Парыжы
Памерлі 17 лютага
Выпускнікі Бонскага ўніверсітэта
Нарадзіліся 13 снежня
Асобы
Публіцысты Германіі
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Пісьменнікі паводле алфавіта