wd wp Пошук:

Фартэпіяна

Фартэпія́на — агульная назва клавішна-струнных музычных інструментаў — раяляў і піяніна. Назва паходзіць ад італьянскага forte — «гучна» і piano — «ціха». У большасці еўрапейскіх моў, у адрозненні ад беларускай, слова fortepiano абазначае толькі старадаўняе фартэпіяна, тады як сучаснае фартэпіяна абазначаецца як piano, klavier і г.д.

Гісторыя

Папярэднікамі фартэпіяна былі клавесін і клавікорд. Іх недахопамі былі хутка згасальны гук, і пастаянны ўзровень гучнасці, што выключала адзін з выразных сродкаў музыкі — дынаміку. Механіка сучаснага фартэпіяна была вынайдзена італьянскім майстрам Крыстаферам каля 1709 г. Першыя музычныя творы для фартэпіяна з’явіліся ў XVIII стагоддзі (Гайдн, Моцарт). У ходзе развіцця да інструмента былі дададзены педалі. Для хатняга музіцыравання ў 1826 г. было пабудавана піяніна. У XX стагоддзі з’явіліся прынцыпова новыя інструменты — электронныя піяніна і сінтэзатар.

Механіка

Гук у фартэпіяна здабываюць ударам малаточка па струне. Струны з дапамогай калкоў нацягнутыя на рэзанансную дэку (у піяніна дэка знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, у раялі — у гарызантальным). Для кожнага гуку існуе хор струн: тры для сярэдняга і высокага дыяпазонаў, дзве або адна — для ніжняга. Дыяпазон большасці фартэпіяна складае 86 паўтонаў ад ля субконтрактавы да да 5 актавы (больш старыя інструменты могуць абмяжоўвацца нотай ля 4 актавы зверху; рэдка сустракаюцца і інструменты з больш шырокім дыяпазонам — ад фа субконтрактавы). У нейтральным становішчы струны, акрамя апошніх паўтара-двух актаў, датыкаюцца з дэмпферам. Пры націсканні клавішы ў дзеянне прыводзяць прыладу з рычагоў, папружак і малаточкаў, званую фартэпіяннай механікай. Пасля націску ад адпаведнага хору струн аддзяляецца дэмпфер, каб струна магла вольна гучаць, і па ім ударае малаточак, абабіты фільцам (лямцам).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Музычныя інструменты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Фартэпіяна