Узля́ны[1] (трансліт.: Uzliany, руск.: Узляны) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на левым беразе ракі Вушанка. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета. Месціцца за 35 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 6 км ад чыгуначнага прыпынку Седча на лініі Мінск — Асіповічы.
Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Узляны мае балцкае паходжанне і адпавядае літоўскаму uzlos — гаць, насціл з жэрдак на гразкай дарозе[2]. Другая распаўсюджаная назва паселішча — Вузляны, існуе версія пра паходжанне назвы ад слова вузел, бо вёска стаіць на скрыжаванні дарог, «звязвае» паміж сабой шматлікія паселішчы.
Знаходзіцца на паўночна-заходнім ускрайку Пухавіцкай раўніны на яе мяжы з Мінскім узвышшам. Па ўсходзе тэрыторыя населенага пункту абмежаваная меліяраванай нізінай уздоўж ракі Вушанка, па поўначы і паўднёвым захадзе ― раней забалочанымі нізінамі з меліярацыйнымі каналамі. На паўднёвым захадзе дамінуючыя вышыні да 180 ― 190 м з г. Селішчы (196 м) ва ўрочышчы Цагельня. На поўдні ― былая забалочаная нізіна, на якой да 1990-х гадоў ажыццяўлялася торфараспрацоўка.
На месцы ранейшай здабычы торфу праведзена рэкультывацыя кар’ера з яго абвадненнем. У выніку ў непасрэднай блізкасці ад вёскі на паўднёвым кірунку ад вуліцы Дамавая ўтвораны разліў «Узляны-Маліннікі» ці Узлянскі разліў плошчай 145 га, які з’яўляецца трэцім па велічыні вадаёмам Пухавіцкага раёна і адным з аб’ектаў, які, дзякуючы сваёй фаўне, карыстаецца папулярнасцю сярод рыбаловаў і паляўнічых.
На паўднева-ўсходнім ускрайку вёскі знаходзіцца пруд Вузляны з абсталяваным пляжам, які амаль штогод уключаецца ў пералік паверхневых водных аб’ектаў, якія выкарыстоўваюцца для рэкрэацыі[3].
На ўсход ад вёскі па правым беразе ракі Вушанка раней размяшчаўся кар’ер для здабычы пяску і пясочна-гравійнай сумесі, які быў рэкультываваны з высадкай на яго месцы хвойных дрэваў. Разам са знаходзячымся далей лесам Барок былы кар’ер уключаны ў паляўніча-гаспадарчую зону ўстановы «Пухавіцкая РПС» РДГА «БТПР»[4].
У 1-й палове XV ст. вёска ўваходзіла ў склад Бакштанскай воласці, якая належала заможнаму магнацкаму роду Кезгайлаў. У 1447 годзе частка гэтых уладанняў з Ігуменам (суч. Чэрвень) і 2000 жыхароў воласці, а таксама з Узлянамі і суседнімі Азярычынам, Пярэжырамі, Лешніцай і Такарняй, перададзена біскупам віленскім[5].
Упершыню ў афіцыйных дакументах згадваецца ў 2-й палове XVII ст. Узляны дзяліліся на дзве паловы: у мястэчку Узляны пражывала ў асноўным яўрэйскае насельніцтва, у сяле Паляны — пераважала беларускае. Першая згадка пра сяло Паляны адносіцца да пачатку XVII ст. Гэта было невялікае паселішча.
У 1-м дзесяцігоддзі XVIII ст. узлянскай яўрэйскай супольнасцю пабудавана драўляная сінагога[6], асаблівасцю якой быў выраблены рэзчыкам па дрэву Баерам Бен Ісраэлем Арон-ха-Кодэш, дзе захоўвалася Тора супольнасці[7].
У 1771 годзе біскуп віленскі Ігнацы Якуб Масальскі аддзяліў Узляны ад парафіі пярэжырскай, фундаваў тут царкву Покрыва Багародзіцы.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) — у Расійскай імперыі, у Пярэжырскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Расійскія ўлады адабралі маёнтак у Касцёла і перадалі яго генералу Пятру Аляксеевічу Ісленеву, які ў 1803 годзе саступіў гэтую маёмасць генералу Адаму Длускаму. Апошні ў 1805 годзе перадаў Узляны Паўлу Сакеру, які быў родам з Курляндыі. У 1829 годзе ў Міхала, сына Паўла Сакера, маёнтак набыў Ярэма Стрэнкоўскі. У 1840 годзе ўдава Стрэнкоўская падзяліла Узляны паміж сваімі дочкамі — Зузанай, жонкай Івана Лапава (Яна Лапы), і Юліяй, жонкай Багуслава (Арцёма Георгіевіча) Копцава (Копаця). Копцавым дасталіся Узляны, а другая палова, названая ў народзе «Зузанполем» ад пабудаванага фальварка, належала Лапавым. У гэты ж час каля 200 яўрэяў «аселі» ў гэтай мясцовасці. Займаліся яны пераважна рознічным гандлем, бо мястэчка атрымала прывілей на нядзельны торг[8].
У сярэдзіне XIX ст. рабінам ва Узлянах быў Ш. Штылбанс, які з’яўляўся адным з найбольш шанаваных іўдзейскіх святароў і меў афіцыйны тытул «гаон»[7]. Пасля яго смерці ў 1870 годзе іўдзейскую супольнасць узначаліў яго сын П. Штылбанс (1848―?).
У 1886 годзе 73 двары, 624 жыхары, ёсць праваслаўная царква, вінакурны завод, яўрэйская малітоўная школа. У канцы XIX ст. сярод землеўладальнікаў Узлян значыліся Філіпіна Мацвееўна Копаць, дваранка, каталічка — маёнтак Узляны Пярэжырскай воласці, 300 дзесяцін зямлі, Міхал Паўлавіч Трафімаў, ганаровы грамадзянін, праваслаўны — маёнтак Сузанполь (Зузанполе), 200 дзесяцін зямлі[9].
У 1897 годзе ў вёсцы 135 двароў, 805 жыхароў, 2 хлебазапасныя магазіны; сяло — 76 двароў, 570 жыхароў, другая вёска — 75 двароў, 562 жыхары, маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў. У 1898 годзе пабудаваная новая (драўляная) Пакроўская царква. У 1903 годзе адкрытая царкоўна-прыходская школа[10].
У пачатку XX ст. на месцы сучаснага населенага пункта было 2 вёскі з назвай Узляны. У 1909 годзе вёскі Узляны: 1 — 75 двароў, 502 жыхары; 2 — 76 двароў, 570 жыхароў; мястэчка — 105 двароў, 876 жыхароў, праваслаўная царква, сінагога, паштова-тэлеграфнае аддзяленне; маёнтак — 3 двары, 67 жыхароў; праводзіліся штотыднёвыя таржкі[10]. У 1914 годзе ва Узлянах дзейнічала Дзяржаўная ашчадная каса № 117 пры Мінскім аддзяленні Дзяржаўнага банка.
У 1917 годзе ў мястэчку — 102 двары. 690 жыхароў, у сяле — 78 двароў, 438 жыхароў; у вёсцы — 103 двары, 521 жыхар; у маёнтку — 39 жыхароў[10].
З лютага да снежня 1918 года вёска акупаваная войскамі Германскай імперыі[10].
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Узляны абвешчаныя часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшлі ў склад БССР. З снежня 1919 года да ліпеня 1920 года вёска акупаваная войскамі Польшчы[10].
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1922 годзе вучылася каля 70 дзяцей, працавалі 2 настаўнікі. 3 20 жніўня 1924 года цэнтр Узлянскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года); з 18 студзеня 1931 года ў Пухавіцкім, з 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім, з 6 ліпеня 1935 года ў Смілавіцкім, з 11 лютага 1938 года ў Рудзенскім раёнах[10]. У 1933 годзе былі калгасы імя Сталіна і імя Леніна, 2 млыны, шавецкая майстэрня, 2 кузні. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці[10].
У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 года была акупавана войскамі нацысцкай Германіі. 8 кастрычніка 1941 года нямецкая адміністрацыя здзейсніла забойства 375 мірных жыхароў — яўрэяў, якія жылі ў Вузлянах. Дзейнічала антыфашысцкае падполле, у ваколіцах вёскі — савецкая партызанскай брыгада «Беларусь». 4 ліпеня 1944 года пры савецкім вызваленні раёна каля вёскі ў баі адзначыліся салдаты 5-й батарэі 220-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 48-й арміі пад камандаваннем гвардыі капітана Антона Леанцюка, якія, паводле савецкай гістарыяграфіі, з узводам прыдадзеных танкаў у ходзе 3-гадзіннага бою адбілі 6 варожых атак, забілі больш за 600 салдат і афіцэраў, 2 самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі, 4 мінамёты, 9 аўтамашын і бронетранспарцёраў, 6 кулямётаў. Антону Леанцюку, гвардыі сяржантам Дзмітрыю Чапусаву, Афанасію Чарняку, Яфрэму Курачкіну[d] і гвардыі малодшаму сяржанту Васілю Токараву (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза[10].
З 8 красавіка 1957 года ў Навапольскім сельсавеце Рудзенскага раёна[11]. З 20 студзеня 1960 года ў Пухавіцкім раёне[12], з 1 красавіка 1960 года ў Пярэжырскім сельсавеце[13]. У 1960 годзе ў вёсцы 120 жыхароў. У 1970 годзе 166 двароў, 447 жыхароў, цэнтр калгаса імя Куйбышава[10]. У 1980-х гадах і пазней дзейнічалі базавая школа, дзіцячы яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, дом культуры з музеем, магазін раённага спажывецкага таварыства і комплексны пункт бытавога абслугоўвання[10].
У 2002 годзе ў вёсцы 151 двор, 399 жыхароў. Мясцовая сельскагаспадарчая вытворчасць ажыццяўляецца калгасам (з 2003 года ― калгасам-камбінатам) «Барацьба» з цэнтрам у Зазерцы, пераўтвораным у 2010 годзе ў ААТ «Зазерка»[14]. З 2005 года ва Узлянах зарэгістравана і функцыянуе ТАА «Ліцейны двор», якое займаецца вытворчасцю мастацкіх кампазіцый з каляровых і чорных металаў. Да 28 мая 2013 года вёска была цэнтрам Узлянскага сельсавета[15].
У 2000-х ― 2010-х гадах у вёсцы спыніў сваю работу шэраг устаноў. У 2016 годзе адбылося закрыццё дзіцячага сада і школы, адукацыйныя паслугі насельніцтву аказваюцца на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Грабенская базавая школа». У 2020 годзе двухпавярховы цагляны будынак узлянскай базавай школы прададзены на аукцыёне суб’екту гаспадарання для арганізацыі вытворчасці экалагічна бяспечнай фарбы для малявання і пластыліна для дзіцячай творчасці[16].
Помнік загінулым яўрэям
Яўрэйскія могілкі
Брацкая магіла савецкіх войнаў і партызан (1941—1944 гады)
Помнік на месцы бою воінаў-артылерыстаў 4 ліпеня 1944 года
Яўрэйскія могілкі