wd wp Пошук:

Самадыйскія народы

Самадыец на нартах, мал. 1881 г.

Самады́йскія народы, самады́йцы або састарэлая назва самае́ды — народы поўначы Еўразіі, якія размаўляюць на самадыйскіх мовах. Агульная колькасць (2010 г.) - каля 50 тысяч чал.

Этымалогія

Лічыцца, што агульная назва самадыйцаў паходзіць ад старажытнарускага слова самоядь, што ў сваю чаргу з’яўлялася пераагучваннем саамскага самэ-эднэ (“зямля саамаў”). Відавочна, так першапачаткова называлі ўсе качавыя народы ўсходнееўрапейскай поўначы і толькі пазней гэта назва было перанесена на ненцаў і іншых самадыйцаў.

Паходжанне і рассяленне

З’яўленне самадыйскіх народаў звычайна звязваюць з Кулайскай археалагічнай культурай, якая сфарміравалася ў 1 тысячагоддзі да н. э. у таёжных раёнах сярэдняй плыні ракі Об. Вылучаюць 2 асноўныя этапы[1] яе фарміравання:

Прадстаўнікі гэтай культуры ўзводзілі ўмацаваныя паселішчы на высокіх берагах рэк, будавалі каркасныя і зрубныя жытлы, займаліся ліццём бронзы, апрацоўвалі дрэва і косць, рабілі арыгінальную кераміку, мелі складаныя пахавальныя рытуалы. На сароўскім этапе бронза саступіла месца жалезу. Кулайцы трымалі коняў і аленяў, аднак найбольш важнымі заняткамі заставаліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Кулайскія воіны былі ўзброены лукам і стрэламі, дзідамі з вялікімі масіўнымі навершамі, сякерамі-чаканамі, аберагалі сябе з дапамогай даспехаў і шлема, зробленых з металічных або касцяных пласцін, нанізаных на скураныя рамяні. Адзіных дзяржаўных утварэнняў у кулайцаў не было. Відавочна, розныя плямёны варагавалі паміж сабою, аднак былі здольныя аб’яднацца, каб рабіць сумесныя напады на жыхароў стэпу.

Носьбіты Кулайскай культуры прасунуліся на поўдні да Саянаў і Алтая[2]. У III - II стст. да н. э. з-за экалагічных змен[3] яны рушылі ўздоўж ракі Об на поўнач, часткова асвоілі паўночную плыню ракі Іртыш. У сароўскі перыяд стала насялялі міжрэчча Обі і Іртыша. Характэрна, што ў мовах сучасных самадыйцаў, што жывуць далёка ад стэпу на поўначы, прасочваецца архаічнае ўздзеянне цюркскіх і іранскіх моў.

У II - V стст. н. э. з пашырэннем дзяржавы гунаў сітуацыя рэзка змянілася[4]. Уварванне качэўнікаў прывяло з аднаго боку да адрыву паўднёвых саянскіх самадыйцаў (матарцы, камасінцы, тайгійцы, карагасы)[5], якія вельмі паступова да пачатку XX ст. былі асіміляваны цюркамі і буратамі, з другога — да далейшай масавай міграцыі на поўнач. Пры гэтым самадыйскае насельніцтва само асімілявала паўночных абарыгенаў, блізкіх па паходжанню да юкагіраў. Самадыйцы прыйшлі на поўнач, калі ўжо мелі навыкі жывёлагадоўцаў[6]. У новым экалагічным асяроддзі яны захавалі ўменне прыручаць аленяў, хаця на тэрыторыі Сібіры яшчэ доўгі час важную ролю адыгрывала паляванне на дзікіх аленяў і футравых звяроў, а каля буйных рэк — рыбалоўства.

У пісьмовых рускіх крыніцах самадыйцы былі зафіксаваны ў канцы XI ст. як суседзі вуграў, якія тады насялялі Урал. Такім чынам, ужо ў 2 тысячагоддзі да н. э. самадыйцы пачалі рассяляцца на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Еўропы. У XV - XVI стст. пад ціскам татар і рускіх вугорскае насельніцтва Заходняй Сібіры заняло значную частку таёжных самадыйскіх тэрыторый гэтага рэгіёна. Перасяленне рускіх на Пячору і Паўночны Урал вымусіла ненцаў мігрыраваць на ўсход і шляхам ваенных сутычак адсунуць продкаў энцаў і нганасанаў за паўночную плыню ракі Енісей і на Таймыр. Ваенныя сутычкі працягваліся да сярэдзіны XIX ст.[7]

Спіс самадыйскіх народаў

У нашы дні захавалася 4 самадыйскія народы, якія жывуць на захадзе і поўначы Сібіры, а таксама на паўночным усходзе Еўропы:

У мінулым на поўдні Сібіры жылі так званыя саянскія самадыйцы.

Асаблівасці культуры

Асноўнымі заняткамі самадыйскіх народаў здаўна былі паляванне, рыбалоўства і аленегадоўля. У таёжных жыхароў (селькупаў, лясных ненцаў) аленегадоўля адыгрывала дадатковы характар. Статкі аленяў былі малымі (10 - 12 галоў)[8][9], пасвіліся каля паселішчаў. У жыхароў тундры яны былі значна большымі, хаця перасяленне на працягу года вызначалася сезоннай міграцыяй дзікіх аленяў — асноўнай мэты для здабычы паляўнічых. У тайзе і ў тундры свойскіх аленяў выкарыстоўвалі не толькі як крыніцу мяса і скуры для вопраткі, але і як транспартны сродак. Пераход да сталай качавой аленегадоўчай гаспадаркі адбыўся толькі ў другой палове XIX - пачатку XX стст., прычым не паўсюдна.

Складаныя экалагічныя ўмовы поўначы, а таксама качавы лад жыцця садзейнічалі фарміраванню такіх асаблівасцяў культуры самадыйцаў, як шчыльная ўзаемасувязь са светам прыроды, наяўнасць пераносных жытлаў, перавага мясных і рыбных страў ў народнай кухні, абавязковая ўзаемная дапамога і г. д. Самадыйцы стварылі багаты фальклорэпічныя паданні, казкі, легенды, песні. У нганасанаў існуе звычай для кожнага чалавека мець сваю асабістую песню, якую ён складае сам або атрымоўвае ў падарунак. Танцавальнае мастацтва мае сакральна-рэлігійныя функцыі.

Самадыйская міфалогія заснавана на падзеле свету на тры буйныя часткі — верхні, сярэдні і падземны ўзроўні. Родапачынальнікам свету і валадаром ненароджаных душ лічыцца жаночае бажаство Нга. У міфалогіі жыхароў Таймыра выразна прасочваюцца іншаэтнічныя рысы, відавочна запазычаныя ў іх папярэднікаў. Пад уздзеяннем хрысціянства ўзніклі новыя міфалагічныя вобразы, часцяком скажоныя анімістычнымі ўяўленнямі саміх самадыйцаў.

Зноскі

  1. russiasib.ru Архівавана 15 кастрычніка 2014.
  2. althisto.ru Архівавана 13 жніўня 2013.
  3. hmao.kaisa.ru
  4. Великое переселение народов
  5. Саянские самодийцы Архівавана 4 сакавіка 2016.
  6. Ненцы Архівавана 11 сакавіка 2016.
  7. Забытые истории: Ненцы
  8. Особенности оленеводческого хозяйства отдельных народов: Селькупы Архівавана 6 жніўня 2012.
  9. Карапетова И. А., ПУРОВСКИЕ ЛЕСНЫЕ НЕНЦЫ: НЕКОТОРЫЕ АСПЕКТЫ ХОЗЯЙСТВЕННО-КУЛЬТУРНОЙ И СОЦИАЛЬНОЙ АДАПТАЦИ

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Самадыйскія народы