wd wp Пошук:

Стэп

Стэп у Цэнтральным Казахстане

Стэп — занальны тып ландшафту, прадстаўлены травяністай ксерафітнай і мезаксерафітнай расліннасцю. Для стэпаў характэрны згуртаванні дзернавінных злакаў (кавылі, танканог, ціпчак і інш.) і разнатраўя на чарназёмных і каштанавых глебах.

Стэпавыя зоны — прыродныя зоны ўмераных і субтрапічных паясоў Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў з пераважаннем у ландшафтах стэпаў. Размешчаны ў Еўразіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Аўстраліі. У гарах няпоўны аналаг стэпавай зоны — стэпавыя вышынныя паясы. У Еўразіі найбольшыя плошчы стэпаў знаходзяцца на тэрыторыі Казахстана, Расійскай Федэрацыі, Украіны і Манголіі.

Клімат засушлівы (выпаральнасць на 300—500 мм перавышае гадавую суму ападкаў), з няўстойлівым увільгатненнем, з перапынкам (ва ўмераным поясе) або запавольваннем (у субтрапічным поясе) вегетацыі раслін зімой. Лета гарачае (тэмпература паветра 20—25°С), моцныя вятры, засухі. Ва ўмераным поясе зімой сярэднія тэмпературы паветра адмоўныя (месцамі ніжэй за -20°С), утвараецца ўстойлівае снегавое покрыва; у субтрапічным поясе зіма мяккая, бясснежная, з дадатнымі тэмпературамі (вышэй за 5°С). Ападкаў 200—450 мм за год, да 600 мм у субтрапічным поясе. Велічыня сонечнай радыяцыі на паверхні 500—580 кДж/см² за год, да 790 кДж/см² у субтрапічным поясе.

Паверхневы сцёк нязначны, рэкі малаводныя, часта перасыхаюць. Характэрныя стэпавыя сподкі, западзіны — акруглыя, амаль плоскія паніжэнні рэльефу. Іх дыяметр дзесяткі, радзей сотні метраў, глыбіня да некалькіх метраў. Паводле паходжання вылучаюць гэта дэфляцыйныя і карстава-суфазійныя формы. Расліннасць тут лугавая ці балотная, па краях травяністыя бярозавыя згуртаванні, на дне часам утвараюцца вадаёмы ці балоты.

У залежнасці ад характару расліннасці адрозніваюць сапраўдныя (тыповыя) стэпы з пераважаннем дзернавінных злакаў, лугавыя (лугастэпы), або разнатраўныя; пустынныя (апустыненыя) стэпы з вялікай колькасцю пустынных паўкусцікавых (пераважна палыну), эфемераў і эфемероідаў. У Паўночнай Амерыцы стэпамі называюць прэрыі, ў Паўднёвай Амерыцы — пампы.

Глебы пладародныя (чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя ва ўмераным поясе, карычневыя і шэра-карычневыя, месцамі засоленыя — у субтрапічным). На разараных тэрыторыях пашырана эрозія глеб.

Натуральныя ландшафты, дзе пераважала стэпавая травяністая расліннасць, амаль зніклі (большая частка тэрыторыі стэпавай зоны ўмеранага пояса разарана, у субтрапічным поясе пашыраны арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля). Захаваная натуральная расліннасць — засуха- і марозаўстойлівыя травяністыя расліны з пераважаннем дзернавінных злакаў, участкі кусцікавых, па далінах рэк галерэйныя лясы.

Жывёльны свет стэпаў вельмі разнастайны і адрозніваецца на розных кантынентах (напр., у Еўразіі пашыраны капытныя, грызуны, паўзуны і інш., у Аўстраліі — сумчатыя). Жывёльны свет мяняецца ў сувязі з гаспадарчай дзейнасцю чалавека.

Прыродныя ўмовы і клімат спрыяльныя для жыцця людзей. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжавых і тэхнічных культур; развіта жывёлагадоўля. Пашыраюцца эразійныя і іншыя небяспечныя працэсы. Прыродныя стэпы захаваліся ў запаведніках і месцах, маладасягальных для чалавека (горы, міжгорныя катлавіны і інш.).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Стэпы
Тыпы расліннасці
Біёмы