wd wp Пошук:

Сакалава

Сакалава (малагас.: Sakalava, літаральна «народ доўгіх далін») — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць заходні Мадагаскар. Агульная колькасць — 1 949 000 чалавек (2022 г.)[1].

Гісторыя

Сакалава склаліся як этнічная група яшчэ да прыбыцця на Мадагаскар еўрапейцаў. Яны падтрымлівалі цесныя сувязі з Каморскімі астравамі, Занзібарам, усходнім узбярэжжам Афрыкі і нават краінамі Персідскага заліва. Гандлявалі рысам, мясам, рабамі. У XV ст. на тэрыторыі сакалава склалася першае на Мадагаскары дзяржаўнае ўтварэнне, якое пазней распалася на манархіі Буйна і Менабэ. Да сёй пары сакалава падзяляюцца на дзве буйныя часткі ў адпаведнасці з прыналежнасцю іх продкаў да адной з гэтых дзяржаў.

У XIX ст. значная частка сакалава ўвайшла ў склад дзяржавы мерына. У 1896 г. астатнія сакалава былі заваяваны французамі і далучаны да калоніі Мадагаскар.

Асаблівасці культуры

Сакалава маюць выразную самасвядомасць і адрозніваюць сябе ад іншых малагасійцаў, у тым ліку дзякуючы падтрыманню традыцыі шанавання сакраментаў, што засталіся ад каралёў Буйна і Менабэ. Акрамя таго, яны размаўляюць на дыялектах малагасійскай мовы, у якіх прысутнічае шмат слоў, запазычаных з моў банту.

Сакалава вядомыя сваімі рамёствамі, у першую чаргу разьбярствам, а таксама спеўным мастацтвам і рытмічнай музыкай, даволі папулярнай на ўсім востраве і нават за межамі Мадагаскара.

Большасць сакалава практыкуюць традыцыйныя культы. Каля 35% спавядаюць хрысціянства, 5% — іслам.

Везу

Да сакалава таксама далучаюць групу ве́зу (268 тыс. чал.)[2], назва якіх перакладаецца як «рыбакі». У адрозненні ад іншых сакалава, якія займаюцца пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй, везу звязалі сваё жыццё з морам, займаюцца ловам рыбы і чарапах, значную частку свайго жыцця праводзяць у лодках. Ад астатніх сакалава яны адрозніваюцца матэрыяльнай культурай, будуюць часовыя хаціны, лодкі, часта перамяшчаюцца з месца на месца, гандлююць морапрадуктамі.

Макуа

Яшчэ адной групай, якая размаўляе на дыялекце сакалава і блізкая да іх культурна, з’яўляюцца ма́куа — нашчадкі афрыканскіх рабоў-макуа з ўзбярэжжа Мазамбіка. Макуа жывуць сярод сакалава, часам рытуальна далучаюцца да іх сем’яў і носяць малагасійскія прозвішчы, але памятаюць аб сваім паходжанні «з-за мора». Найбольш распаўсюджаныя заняткі — сельская гаспадарка, лоў рыбы, вулічны гандаль.

Макуа прынеслі на Мадагаскар традыцыі будаўніцтва асобных відаў лодак, мазання твару белай глінай для абароны ад спякотнага сонца і г. д. У каланіяльны час многія з іх ахвотна супрацоўнічалі з французскай адміністрацыяй і дасягнулі значных поспехаў у кар’еры. Аднак у нашы дні сярод сакалава сацыяльны статус нашчадкаў рабоў разглядаецца як вельмі нізкі. Шлюбы паміж макуа і іншымі сакалава здараюцца рэдка.

Галерэя

Зноскі

  1. Sakalava of Madagascar
  2. Sakalava, Vezo of Madagascar

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Малагасійцы