У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Боснія, значэнні.
Бо́снія і Герцагаві́на[1] , таксама нефармальна Боснія-Герцагавіна, БіГ, або проста Боснія (басн.: Bosna i Hercegovina, харв.: Bosna i Hercegovina, лац. сербск.: Bosna i Hercegovina, кір. сербск.: Босна и Херцеговина) — дзяржава ў цэнтральнай частцы Балканскага паўвострава. Складаецца з Федэрацыі Босніі і Герцагавіны, Рэспублікі Сербскай і акругі Брчко. Назва краіны паходзіць ад назвы ракі Босна і венг.: herceg — ваявода. Мяжуе на захадзе і поўначы з Харватыяй, на ўсходзе з Сербіяй, на паўночным усходзе з Чарнагорыяй. Мае выхад да Міжземнага мора. Большая частка насельніцтва краіны - мусульмане славянскага паходжання.
Асноўны артыкул: Гісторыя Босніі і Герцагавіны
Тэрыторыі сучаснай Босніі і Герцагавіны былі заселеныя ілірыйскімі плямёнамі, а з пачатку новай эры ўваходзілі ў склад Рымскай імперыі. Пасля падзення Рыму частка тэрыторый адышла да Візантыі.
У VII ст. на гэтых тэрыторыях з’яўляецца славянскае насельніцтва. У IX ст. землі Босніі належалі Харвацкаму каралеўству і Сербскаму каралеўству. У XI ст. тэрыторыя сучаснай Босніі перайшла да Венгрыі. У XII ст., нягледзячы на тэрытарыяльныя прэтэнзіі суседніх дзяржаў, было створана самастойнае Баснійскае княства, якое заставалася незалежным да 1463 г., калі трапіла пад уладу Асманскай імперыі. Знік і княскі род Катраманічаў, які валадарыў у Босніі тры стагоддзі.
Падчас турэцкага панавання баснійцы масава выракаюцца хрысціянства і прымаюць іслам.
Туркі валодалі Босніяй да 1878 г.
Пасля антытурэцкага паўстання, паводле пастановы Берлінскага кангрэсу, быў усталяваны пратэктарат Аўстра-Венгрыі. Пратэктарат скончыўся анексіяй Босніі і Герцагавіны ў 1908 г.
28 чэрвеня 1914 г. ў Сараеве быў ажыццёўлены замах на нашчадка аўстравенгерскага трону Франца Фердынанда. З гэтай падзеі пачалася Першая сусветная вайна.
Пасля заканчэння вайны Боснія і Герцагавіна ўваходзіць у склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 года называлася Каралеўства Югаславія).
Падчас Другой сусветнай вайны тэрыторыя БіГ уваходзіла ў склад Незалежнай Дзяржавы Харватыі.
Пасля вайны БіГ увайшла ў склад Сацыялістычнай Югаславіі (СФРЮ).
Асноўныя артыкулы: Баснійская вайна і Рэспубліка Боснія і Герцагавіна Суверэнітэт Босніі і Герцагавіны быў абвешчаны ў лістападзе 1991 г.. А ў лютым 1992 г. быў праведзены рэферэндум па пытанні пра выхад рэспублікі са складу Югаславіі, падчас якога баснійцы-мусульмане і харваты выказаліся за незалежнасць краіны, якая была абвешчаная 3 сакавіка 1992 г.. Баснійскія сербы не ўзялі ўдзелу ў рэферэндуме і 7 красавіка 1992 г. заявілі пра стварэнне ўласнай рэспублікі. Палітычны канфлікт перарос ва ўзброеныя сутыкненні і этнічныя чысткі, ахвярамі якіх стала шмат жыхароў Босніі і Герцагавіны. ААН накіравала ў Боснію міратворчыя сілы. Праз 42 месяцы пад ціскам ЗША ў Дэйтане было заключана Дэйтанскае пагадненне, паводле якога Боснія і Герцагавіна падзяляецца на дзве часткі: баснійска-харвацкую Федэрацыю Босніі і Герцагавіны (51 % тэрыторыі) і Рэспубліку Сербскую (49 %). 14 снежня 1995 г. ў Парыжы падпісаная мірная дамова.
Асноўны артыкул: Геаграфія Босніі і Герцагавіны Тэрыторыя — 51 тыс. кв. км. Сталіца — г. Сараева (прыблізна 300 тыс. чалавек). Буйныя гарады — Тузла, Баня-Лука, Мостар, Зеніца. Боснія і Герцагавіна размяшчаецца на тэрыторыі дзвюх гістарычных абласцей — Босніі, што займае даліну ракі Савы і яе прытокаў, і Герцагавіны, размешчаный крыху больш на поўнач, у басейне ракі Нярэтвы.
У г. Мостар (кантон Герцагавіна-Нярэтва, Федэрацыя Босніі і Герцагавіны) дзейнічае адзін з каледжаў міжнароднай супольнасці.
Асноўны артыкул: Эканоміка Босніі і Герцагавіны Асноўная валюта ў краіне — канвертавальная марка (0,51 еўра). У населеных харватамі раёнах у абарачэнні харвацкая куна.
Асноўны артыкул: Дэмаграфія Босніі і Герцагавіны Поўных сучасных звестак пра колькасць і структуру насельніцтва краіны няма. Паводле неафіцыйных звестак, у БіГ цяпер жыве 3,6 мільёнаў чалавек, што складвае 82,6 % даваеннага ўзроўню. Афіцыйныя мовы — баснйцская, сербская і харвацкая. Па дадзеных перапісу насельніцтва 50,7% жыхароў гэтай еўрапейскай дзяржавы - мусульмане, 30,75% - праваслаўныя, 15,19% - каталікі, 1,15 - іншыя і 1.1 - атэісты ці агностыкі[2].
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Босніяй і Герцагавінай усталяваныя 22 лістапада 1993 г. Па выніках 2013 года двухбаковы гандлёвы абарот склаў 10 мільёнаў долараў ЗША (рост больш, чым у 2,3 разы ў параўнанні з 2012 годам), асноўная доля гандлю прыпадае на беларускі экспарт (9,6 млн. долараў ЗША).
7 сакавіка 2014 г. у г.Сараева Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Босніі і Герцагавіне (па сумяшчальніцтве) Аляксандр Хайноўскі ўручыў даверчыя лісты Старшыні Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Жэльку Комшычу.