Багры́мавічы[1] (трансліт.: Bahrymavičy, руск.: Багримовичи) — вёска ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Пціцкага сельсавета.
Знаходзіцца на правым беразе ракі Пціч, за 1 км ад яе ўпадзення ў Прыпяць.
Вядома, што жыхары сяла Багрынавічы мелі грамату на карыстанне грунтам Піліпаўшчына яшчэ ад вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы і атрымаць яе маглі не пазней 1432 года, пасля чаго манарх заняўся войнамі і было не да разгляду гаспадарчых пытанняў, тым больш зваротаў даннікаў. У апісанні Мазырскага замка 1552 года сказана, што сяло дало сваю назву нядзелі[upper-alpha 1] і належала да Бчыцкай воласці. На той час у Багрынавічах налічвалася 12 гаспадарак[3]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, была вызначана мяжа сяла Бахрынавічы (Bachrynowicze) воласці Пчыцкай (Pczycka) замку ЯКМ Мазырскага. Шырыня таго грунту ўздоўж склала дзве мілі, а ўпоперак — паўтары мілі. Асобна адзначаныя багатыя рыбныя ловы на рэках Прыпяці, Пцічы і азёрах, гоны бабровыя на Пцічы аж да Прыпяці[4]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Багрымавічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводства.
Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[5]. Недзе ад 1738 года[upper-alpha 2], паводле кансэнсу караля Аўгуста ІІІ, староства трымаў пан Рафал Алойзы Аскерка. У 1760 годзе тую каралеўшчыну пераняў яго сын Антоні Яўхім[6]. На 1789 год у складзе Багрымаўскага староства паноў Аскеркаў названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[upper-alpha 3][7].
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Багрымавічы — у межах Расійскай імперыі. З мая 1795 года сяло знаходзілася ў складзе адноўленага Мазырскага павета Мінскага намесніцтва, са снежня 1796 года — Мінскай губерні[8]. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1795 годзе ў Багрымавічах — 19 двароў, 154 жыхары.
У 1816 годзе ў сяле было 22 двары. На 1834 год — 141 жыхар. Да 1842 года тут дзейнічала прыходская царква, вядомая яшчэ з крыніц XVIII ст. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Багрымавіцкага казённага маёнтка была ўтворана воласць[upper-alpha 4] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 395 дзяржаўных сялян, 2 аднадворцы, 2 пасяленцы «разного звания»[9]. У 1858 годзе ў паселішчы налічвалася 29 двароў.
У парэформенны перыяд Багрымавічы адміністрацыйна належалі да Капаткевіцкай воласці Мазырскага павета. На 1879 год вяскоўцы заставаліся прыхаджанамі Пакроўскай царквы ў Капаткевічах[10]. У 1886 годзе ў сяле было 40 двароў, 298 жыхароў, царква[upper-alpha 5][11]. Згодна з перапісам 1897 года, у Багрымавічах налічваўся 71 двор з 466 жыхарамі, існавалі хлебазапасны магазін, прыстань, карчма. На 1909 год вёска мела 90 двароў і 692 жыхары[12].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Багрымавічы, аднак, у складзе Капаткевіцкай воласці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[13].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Багрымавічы ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. У 1921 годзе ў вёсцы было 117 гаспадарак і 694 жыхары. З 20 жніўня 1924 года — у межах Пціцкага сельсавета Капаткевіцкага раёна Мазырскай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года вёска — у Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Багрымавічах налічвалася 150 двароў з 523 жыхарамі. У сакавіку 1944 года нямецкія акупанты спалілі 102 двары і знішчылі 124 чалавекі[14]. 45 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
З 8 студзеня 1954 года — у Гомельскай вобласці. Пасля скасавання Капаткевіцкага раёна з 25 снежня 1962 года Пціцкі сельсавет з вёскай Багрымавічы апынуліся ў складзе Петрыкаўскага раёна.
Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы пражывала 720 жыхароў. Пасля спынення на мяжы 1960-1970-х гадоў сплаву лесу па Пцічы і закрыцця сплаўнога ўчастку, вёска паступова занепадае. У 2004 годзе — 130 жыхароў.