Хракаві́цкі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — вёска Старыя Хракавічы. Знаходзіўся на паўднёвым усходзе раёна. Большасць вёсак, якія ўваходзілі ў яго склад, былі выселеныя пасля Чарнобыльскай аварыі.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Хракавіцкі (Старахракавіцкі) сельсавет у складзе Брагінскага раёна Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаваных Просмыцкага і Чамярыскага сельсаветаў. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года ў складзе Брагінскага раёна БССР. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай вобласці. 15 жніўня 1974 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Чамярысы, сельсавет перайменаваны ў Чамярыскі[1].
26 сакавіка 1987 года цэнтр Савіцкага сельсавета перанесены ў вёску Старыя Хракавічы, сельсавет перайменаваны ў Хракавіцкі[2]. 20 студзеня 2005 года з даных па ўліку населеных пунктаў як фактычна неіснуючая выключана вёска Чэрнеў[3]. 17 лістапада 2005 года скасавана вёска Цалуйкі[4]. 20 жніўня 2008 года рашэннем Брагінскага райсавета дэпутатаў былі ліквідаваныя населеныя пункты Выграбная Слабада, Вярховая Слабада, Жэрднае, Ляды, Нежыхаў, Новы Сцепаноў, Перасяцінец, Піркі, Пучын, Стары Сцепаноў, Сувіды[5]. 1 снежня 2009 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Чамярыскага сельсавета[6].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 9 населеных пунктаў: вёскі Грушнае, Двор-Савічы, Новая Грэбля, Новыя Хракавічы, Просмычы, Савічы, Старыя Хракавічы, пасёлкі Калінінскі і Ленінскі.
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (7 населеных пунктаў) — 858 чалавек[7], з іх 96,5 % — беларусы, 2,2 % — рускія, 0,9 % — украінцы[8].