Гру́шнае[1] (трансліт.: Hrušnaje, руск.: Грушное) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Чамярыскага сельсавета.
Знаходзіцца за 20 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 48 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 139 км ад Гомеля, на рацэ Брагінка (прыток ракі Дняпро).
Ці не ўпершыню Грушнае (Грушна) згаданае ў люстрацыі старостваў Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага 1616 года. Належала яно да Любецкай воласці аднаіменнага староства, якое пажыццёва трымаў пан Мікалай Струсь. У вёсцы на той час было 20 падданых, агульны пабор з якіх складаў 62 злотых і 24 грошы[2]. Прысутная вёска Грушна таксама ў люстрацыях Любецкага староства 1622 і 1636 гадоў[3].
На 1730 год засведчана фундацыя Грушнаўскай Пакроўскай царквы[4]:
Поданъ фундушъ къ церкви Грушенской Покровской владелцемъ господиномъ Антоніемъ Іондилемъ Риломъ съ 1730 года и потому самому онымъ наданиемъ земли священники грушенские ползуются. Жилой дворъ съ огородами. Сенокосовъ два возовъ 30. Пахотнаго поля оран кон. по едну руку на 18 дней. Надругу руку островъ Саловица званый на 18 дней. Въ годъ роковщины хлебомъ совсей парохіи чвертокъ 110
Ёсць яшчэ сведчанне пра наведванне ваколіцаў Грушнага гайдамакамі[5]:
Тот же секунд-майор Галцов 25 августа 1750 г. рапортовал: «сего августа 25 дня писал к нему польского местечка Лоева, владельца конюшенного и ротмистра Антония Рокицкого местечка Брагина управитель шляхтич Верига, что сего августа против 25-го числа разбойников 12 ч-к, в ночи при селе Игрушине попа Павла Лазниченка разбили и двор огнем спалили, и жида разбили и огнем сожгли, а жидовку до смерти скололи; да в деревне Сувиде жида разбили, а жидовку огнем же зжгли и жиденка до смерти скололи, которое де село Игрушин и дер. Сувида разстоянием от Днепра против Любич с 15 верст»
Сустракаецца згадка пра Грушнае і ў датаваным 15 лютага 1754 года запісе «wieczystego prawa darownego» на добра Ёлча, Бярозкі, Савічы, Грушна «і іншых», відавочна, прыналежных да Ёлчанскага ключа[Заўв 1], ад падканцлера літоўскага графа Міхала Сапегі войскаму ашмянскаму пану Францішку Ракіцкаму, за подпісам вялікага канцлера літоўскага князя Міхала Чартарыйскага, замацаваным вялікай пячаткай[6].
Найранейшыя звесткі пра жыхароў ёсць у метрычнай кнізе ўніяцкай Грушнаўскай Свята-Пакроўскай царквы 1765 года, складзенай яе прэсвітарам айцом Гаўрылам Сафаневічам. 3-м днём ліпеня 1784 года датаваны рэфармацыйны дэкрэт генеральнай візітацыі царквы ў сяле Грушнае Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага, выкананы візітатарам айцом А. Рубановічам, дэканам чарнобыльскім[7].
У 1792 годзе узведзены новы драўляны будынак Пакроўскай царквы[8].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) паселішча апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[9]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, даведваемся, што сяло Грушна, слабада Нежыхаў, вёскі Савічы, Калыбань, Піркі, Капоранка, Крукі, Кулажын, хутар Чэрнеў і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі (зноў жа застаўным правам) ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[10].
Як тое вынікае з ведамасцяў прыходскай царквы Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы[Заўв 2] за 1801, 1814 і 1818 гады, сяло Грушнае і вёскі, прыналежныя да прыходу, заставаліся ў спадчынным уладанні паноў Людзвіка і Міхала Ракіцкіх[11]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 129 жыхароў сяла Грушнае належалі да прыходу Пакроўскай царквы[12].
У парэформенны перыяд Грушнае — у Савіцкай воласці Рэчыцкага павета. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Пакроўскай царквы ў Грушным названыя настаяцель а. Сымон Бруй, в. а. штатнага псаломшчыка Фёдар Мігай і звышштатны Міхаіл Загароўскі, просфірня Ганна Плышэўская. На 1879 год да прыходу належалі 1365 душ мужчынскага і 1410 душ жаночага полу сялянскага саслоўя з жыхароў сяла Грушнае, вёсак Савічы, Сувіды, Перкі, Пучын, Крукі, Цалуйкі, Кулажын, Нежыхаў, Выграбная Слабада, Верхавая Слабада і Слабада Міхалёўка[13]. На 1886 год у сяле 28 двароў, 289 жыхароў, конны млын[14]. У 1897 годзе працавала школа граматы. На 1909 год у сяле Грушнае налічвалася 58 двароў, 376 жыхароў[15].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. грушнае, аднак, апынулася ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[16].
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Грушнае ўвайшло ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня сяло разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР.
Пасля ўз’яднання з БССР, з 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года вёска — цэнтр Грушанскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акруг. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Вольны шлях», працавалі вятрак (з 1907 года), гамарня. У 1989 годзе ў складзе калгаса імя В. І. Чапаева (цэнтр — вёска Старыя Хракавічы). Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Хракавіцкага сельсавета[17].
Планоўка складаецца з 4 прасталінейных вуліц, паралельна-мерыдыянальнай арыентацыі. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.