Чамяры́сы[1] — аграгарадок, цэнтр Чамярыскага сельсавета Брагінскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.
Паблізу ёсць радовішчы гліны, жалязнякоў і торфу.
У 23 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 48 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 153 км ад Гомеля.
На ўсходзе канава «Дзяржаўная».
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін. Планоўка складаецца з дугападобнай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі, да якой з захаду далучаюцца дугападобная і прасталінейная вуліцы. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. У 1986—1987 гадах пабудаваны цагляныя хаты на 64 кватэры, у якіх змесцаваліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. Пасля 2-га раздзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1850 годзе валоданне Юдзіцкіх. У 1885 годзе ў Дзяражыцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Паводле перапісу 1897 года знаходзіліся школа граматы і карчма.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года і з 15.8.1974 г. цэнтр Чамярыскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай і з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (з 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.
У 1930 годзе 2 вёскі: Чамярысы-1 і Чамярысы-2. У 1931 годзе арганізаваны калгасы «Ударнік» і «Чырвоная Беларусь», працавалі цагельня (з 1929 года), 2 гамарні, 2 вятракі. У канцы 1930-х гадоў вёскі Чамярысы-1 і Чамярысы-2 аб’яднаны ў адзін населены пункт — вёска Чамярысы.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 года фашысты спалілі 307 двароў і забілі 6 жыхароў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 152 мясцовых жыхара. У памяць пра загінуўшых у цэнтры вёскі ў 1967 годзе ўсталяваны абеліск.
У 1959 годзе цэнтр калгаса «Рассвет». Размяшчаліся механічная і швейная майстэрні, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, крама.