wd wp Пошук:

Суперкубак УЕФА

Суперкубак УЕФА (англ.: UEFA Super Cup) — афіцыйны футбольны турнір, які адкрывае еўрапейскі сезон і складаецца з аднаго матча, у якім сустракаюцца пераможцы Лігі чэмпіёнаў УЕФА і Лігі Еўропы УЕФА папярэдняга сезона. Паколькі розыгрыш праводзіцца ў канцы жніўня, перад пачаткам футбольнага сезона, які праводзіцца па фармаце «восень-вясна», у канцы летняга трансфернага акна, у розыгрышы звычайна ўдзельнічаюць абноўленыя склады каманд-пераможцаў мінулых турніраў.

Усяго Суперкубак выйгравалі 24 розныя каманды, найбольш тытулаванымі з якіх з’яўляюцца італьянскі «Мілан» і іспанская «Барселона», якія выйгралі ў розныя гады па 5 трафеяў.

Першым уладальнікам Суперкубка УЕФА з’яўляецца амстэрдамскі «Аякс», цяперашні ўладальнік — мадрыдскі «Рэал», які ў 2022 годзе перамог франкфурцкі «Айнтрахт» (2:0).

Гісторыя

Суперкубак УЕФА заснаваны ў 1972 годзе. Заснавальнікам турніру выступіў рэпарцёр галандскай газеты «De Telegraaf» Антон Віткамп, які пазней стаў рэдактарам спартыўнага аддзела гэтага выдання. На той момант узровень галандскага футбола быў вельмі высокі, і Віткамп шукаў новы арыгінальны спосаб выпрабаваць на еўрапейскай футбольнай арэне сілы галандскіх клубаў, у прыватнасці, непераможнага «Аякса» з яго лідарам Ёханам Кройфам.

На той момант «Феенорд» і «Аякс» чатыры разы выходзілі ў фінал Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў і тройчы заваёўвалі прэстыжны трафей. Гэты перыяд лічыўся «залатой эрай» галандскага футбола, галандскія клубы лічыліся наймацнейшымі ў Еўропе.

У сувязі з тым, што апроч Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў у Еўропе пад эгідай УЕФА разыгрываўся Кубак уладальнікаў кубкаў УЕФА, лаўры наймацнейшых клубаў Еўропы былі падзелены паміж уладальнікамі гэтых двух трафеяў, і было відавочна, што супрацьстаянне зможа вырашана быць толькі калі адзін клуб зойме пастамент.

Калі Віткамп падзяліўся сваёй ідэяй з прэзідэнтам «Аякса» Япам ван Прагам, той сустрэў прапанову з запалам, і неўзабаве пад патранажам газеты Віткампа пачалася падрыхтоўка да турніру. Міхаэль ван Праг, бацька Япа, і Віткамп адправіліся ў Цюрых на сустрэчу з дзеючым прэзідэнтам УЕФА Артэміа Франкі, але той адмовіў ім у афіцыйнай падтрымцы турніру з прычыны гадавой дыскваліфікацыі саперніка «Аякса» — «Рэйнджэрс» — у выніку непрыстойных паводзін заўзятараў клуба з Глазга. Паколькі «Рэйнджэрс» адзначаў сваё стагоддзе, было вырашана разыграць тытул наймацнейшага ў неафіцыйным супрацьстаянні.

У выніку першы розыгрыш Суперкубка ў 1972 годзе адбыўся, фінансавала яго De Telegraaf, і УЕФА так і не прызнала яго. Па суме двух матчаў, якія адбыліся дома і ў гасцях, «Аякс» перамог з лікам 6:3.

Праз год УЕФА пагадзілася курыраваць Суперкубак паміж «Міланам» і «Аяксам», які зноў выйграў Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. Але правядзенне матчаў на Суперкубак не было афіцыйна абвешчана; «Мілан» у першым матчы змог абгуляць «Аякс» — 1:0, саступіўшы ў другім матчы з лікам 0:6. Суперкубак 1974 года не адбыўся з-за рознагалоссяў пра тэрміны правядзення паміж заходнегерманскай «Баварыяй» і «Магдэбургам» з ГДР.

Стабільнасць розыгрышы Суперкубка здабылі толькі пачынаючы з 1975 года. Тым не менш, у 1981 годзе «Ліверпул» не змог дамовіцца пра тэрміны правядзення матчаў з тбіліскім «Дынама», а ў 1984 годзе з-за шчыльнага календара пагадзіўся на вызначэнне пераможцы ў адным матчы, які быў праведзены на полі саперніка ў Турыне.

У 1985 годзе «Ліверпул» сустрэўся з «Ювентусам» у фінале Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў на брусельскім стадыёне «Эйзель» і зноў саступіў турынцам. Тым часам на трыбунах адбылося сутыкненне паміж фанатамі, якое прывяло да гібелі людзей, вядомай як Эйзельская трагедыя. У выніку англійскія каманды былі дыскваліфікаваны на пяць гадоў ва ўсіх турнірах УЕФА, у тым ліку быў дыскваліфікаваны і сапернік «Ювентуса» — уладальнік Кубка кубкаў «Эвертан». Суперкубак 1985 года быў адменены.

У наступным, 1986 годзе, фармат правядзення Суперкубка зноў прыйшлося ў спешным парадку змяняць. Кіеўскае «Дынама» і «Сцяўа» не змаглі дамовіцца пра правядзенне матчаў у СССР і Румыніі, і адзіны матч прыйшлося правесці на нейтральным полі. Так стадыён Луі II у Манака ўпершыню стаў арэнай правядзення Суперкубка.

У 1991 годзе зыход супрацьстаяння зноў вырашаў адзін матч — «Манчэстэр Юнайтэд» прыняў «Црвену Звезду» на хатняй арэне «Олд Трафард», таму што палітычная сітуацыя ў Бялградзе была прызнана нестабільнай, і матч у Югаславіі вырашана было адмяніць.

У 1993 годзе з-за карупцыйнага скандалу пераможца першай Лігі чэмпіёнаў марсельскі «Алімпік» быў дыскваліфікаваны ад удзелу ва ўсіх еўрапейскіх і міжнародных турнірах, уключаючы ўдзел у розыгрышы Суперкубка УЕФА, у выніку чаго ўладальніку Кубка кубкаў — «Парме» прыйшлося разыгрываць Суперкубак з фіналістам Лігі чэмпіёнаў — «Міланам».

У 1998 годзе, разгледзеўшы шматлікія цяжкасці, звязаныя з правядзеннем Суперкубка, УЕФА зноў звярнулася да вопыту аднаматчавага фармату турніру на нейтральнай арэне, і правядзенне матча з тых часоў было замацавана за стадыёнам «Луі II».

Пасля скасавання Кубка ўладальнікаў кубкаў па заканчэнні сезона 1998/1999, было вырашана праводзіць матч за Суперкубак паміж пераможцамі Лігі чэмпіёнаў і Кубка УЕФА.

У 2008 годзе Суперкубак упершыню атрымаў расійскі клуб. Пецярбургскі «Зеніт» перамог англійскі «Манчэстэр Юнайтэд» з лікам 2:1. Найлепшым іграком матча быў прызнаны партугалец Дані, для якога той матч быў дэбютным у складзе «Зеніта».

У 2009 годзе перамогу ў Суперкубку святкавала іспанская «Барселона», якая атрымала перамогу над данецкім «Шахцёрам» з лікам 1:0. 90 хвілін матча не выявілі пераможца, таму былі праведзены два дадатковыя таймы. Вырашальны гол на 115-й хвіліне матча пасля перадачы Ліянеля Месі забіў Педра. «Барселона» выйграла пяты трафей менш чым за год (чэмпіянат Іспаніі, Кубак Іспаніі, Суперкубак Іспаніі, Ліга чэмпіёнаў, Суперкубак УЕФА).

У 2010 годзе ўладальнікам трафея стаў мадрыдскі «Атлетыка», які перамог міланскі «Інтэр». У 2011 годзе ў матчы за Суперкубак сышліся «Барселона» і «Порту». Матч скончыўся перамогай каталонцаў 2:0. У 2012 годзе Суперкубак паўторна дастаўся «Атлетыка», які перамог лонданскі «Чэлсі» з лікам 4:1. Гэта быў апошні розыгрыш Суперкубка на стадыёне «Луі II».

У 2013 годзе матч Суперкубка прыняў стадыён «Эдэн» у Празе[1], нямецкая «Баварыя» перамагла «Чэлсі» (2:2 пасля дадатковага часу, па пенальці 5:4 на карысць немцаў).

Трафей

Цяперашні Суперкубак быў упершыню ўручаны ў 2006 годзе «Севільі». Да гэтага доўгі час Суперкубак быў самым маленькім з еўрапейскіх трафеяў. Ён важыў усяго 5 кілаграмаў пры вышыні ў 42,5 см. Для параўнання — Кубак Лігі чэмпіёнаў важыць 8 кг, а Кубак Лігі Еўропы — 15 кг.

Сучасны кубак пры вышыні ў 58 сантыметраў важыць 12,2 кг. Новы трафей захоўвае ключавыя элементы дызайну свайго папярэдніка, спраектаванага ў майстэрні Бертоні ў Мілане. Класічная чаша плаўна пераходзіць у оніксавую базу, выкананую ў форме скручанага скрутка поўсці, а дзве бакавыя ручкі дазваляюць зручна трымаць кубак.

Суперкубак — пераходны прыз. Наўзамен пераходнага прыза назаўжды ўручаецца яго копія. У выпадку заваявання якім-небудзь клубам пераходнага прыза 3 разы запар ці 5 раз увогуле, прыз застаецца ў гэтым клубе навечна. Упершыню яго атрымаў на вечнае захоўванне «Мілан» у 2007 годзе пасля перамогі над «Севільяй» (3:1). У 2015 годзе трафей атрымала «Барселона» пасля пятай перамогі ўвогуле.

Фармат

Першапачаткова Суперкубак разыгрываўся ў спараным матчы — дома і на выездзе, хоць былі і выключэнні. Каманда, якая забіла больш мячоў па суме дзвюх гульняў, прызнавалася пераможцам. Звяртацца да падліку галоў, забітых на выездзе, прыйшлося толькі аднойчы — у 1980 годзе, калі «Валенсія» перамагла «Нотынгем Форэст». Дадатковы час спатрэбіўся ў 1982 годзе, калі «Астан Віла» перамагла «Барселону». Зыход матча за Суперкубак УЕФА ў 2013 годзе ўпершыню вызначыўся ў серыі пенальці, а ў 2000 годзе «Галатасарай» перамог «Рэал» па правіле «залатога гала».

У наш час у матчы за Суперкубак выступаюць клубы-пераможцы Лігі чэмпіёнаў УЕФА і Лігі Еўропы УЕФА. Зыход паядынку вырашаецца ў адным матчы.

Рэгламент матча аналагічны фармату фіналаў еўракубкаў. Калі пасля асноўнага часу лік застаецца нічыйным, дадаюцца два дадатковыя таймы па 15 хвілін. Калі і яны не выяўляюць пераможца, зыход матча вырашаецца ў серыі пенальці.

Прызавыя

Клуб, які перамагае, атрымлівае €5 млн, які прайграў — €3 млн.

Квіткі на матч

60 % квіткоў распаўсюджваецца паміж заўзятарамі каманд. Частка месцаў забраніравана для высокапастаўленых гасцей. Астатнія месцы прадаюцца УЕФА праз анлайнавы аўкцыён. У адны рукі аддаюць не больш за два квіткі, разгуляных у латарэі. Таксама спаганяецца плата за абслугоўванне ў памеры 5€.

Пераможцы

Асноўны артыкул: Спіс удзельнікаў Суперкубка УЕФА

Перамогі ў турніры паводле клубаў

Каманда Перамогі Паражэнні Гады перамог Гады паражэнняў
Іспанія Барселона541992, 1997, 2009, 2011, 20151979, 1982, 1989, 2006
Іспанія Рэал Мадрыд532002, 2014, 2016, 2017, 20221998, 2000, 2018
Італія Мілан521989, 1990, 1994, 2003, 20071973, 1993
Англія Ліверпул421977, 2001, 2005, 20191978, 1984
Нідэрланды Аякс311972, 1973, 19951987
Іспанія Атлетыка Мадрыд302010, 2012, 2018
Германія Баварыя Мюнхен232013, 20201975, 1976, 2001
Англія Чэлсі231998, 20212012, 2013, 2019
Бельгія Андэрлехт201976, 1978
Іспанія Валенсія201980, 2004
Італія Ювентус201984, 1996
Іспанія Севілья1520062007, 2014, 2015, 2016, 2020
Партугалія Порту1319872003, 2004, 2011
Англія Манчэстэр Юнайтэд1319911999, 2008, 2017
Украіна Дынама Кіеў1119751986
Англія Нотынгем Форэст1119791980
Англія Астан Віла101982
Шатландыя Абердзін101983
Румынія Сцяўа101986
Бельгія Мехелен101988
Італія Парма101993
Італія Лацыа101999
Турцыя Галатасарай102000
Расія Зеніт102008
Германія Гамбург021977, 1983
Шатландыя Рэйнджэрс011972
Нідэрланды ПСВ011988
Італія Сампдорыя011990
Сербія Црвена Звезда011991
Германія Вердэр011992
Англія Арсенал011994
Іспанія Рэал Сарагоса011995
Францыя Пары Сен-Жэрмен011996
Германія Барусія Дортмунд011997
Нідэрланды Феенорд012002
Расія ЦСКА Масква012005
Украіна Шахцёр Данецк012009
Італія Інтэрнацыянале Мілан012010
Іспанія Вільярэал012021
Германія Айнтрахт Франкфурт012022

Паводле краін

Краіна Пераможцы Фіналісты
Іспанія Іспанія 16 14
Англія Англія 9 10
Італія Італія 9 4
Нідэрланды Нідэрланды 3 3
Бельгія Бельгія 3 0
Германія Германія 2 8
Партугалія Партугалія 1 3
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік СССР[2] 1 1
Расія Расія 1 1
Шатландыя Шатландыя 1 1
Румынія Румынія 1 0
Турцыя Турцыя 1 0
Югаславія Югаславія[3] 0 1
Францыя Францыя 0 1
Украіна Украіна 0 1

Зноскі

  1. Амстэрдам прыме фінал Лігі Еўропы — 2013, а Прага — Суперкубак Архівавана 27 красавіка 2017.
  2. Абодва разы (у 1975 і 1986) у матчы за Суперкубак удзельнічала кіеўскае «Дынама», якое прадстаўляла УССР, а пасля распаду СССР — Украіну
  3. Бялградская «Црвена Звезда», што ўдзельнічала ў матчы за Суперкубак у 1991 годзе, пасля распаду Югаславіі прадстаўляе Сербію

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
УЕФА
Міжнародныя клубныя спаборніцтвы па футболе