wd wp Пошук:

Райніс

Ян Ра́йніс (лат.: Rainis) — псеўданім; сапраўднае імя і прозвішча Яніс Пліекшанс, (лат.: Jānis Pliekšāns), 11 верасня 1865, хутар Варславаны, цяпер Дунаўская воласць, Екабпілскі край, — 12 верасня 1929, Юрмала, Латвія) — латышскі паэт, драматург, грамадскі дзеяч.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся 11 верасня 1865 года ў сям’і арандатара маёнтка Крыш’янаса Пліешканса. Вучыўся ў Дзвінску ў нямецкай школе (цяпер Даўгаўпілская 6-я школа імя Райніса) . У 1884—1888 гадах вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. У 1889—1891 гадах працаваў у Віленскім судзе. У 1891—1895 гадах працаваў рэдактарам дэмакратычнай газеты «Dienas lapa» («Штодзённы лісток»). Першыя вершы апублікаваў у 1895 годзе.

У чэрвені 1897 года за ўдзел у рэвалюцыйным руху быў арыштаваны, у Рыжскай губернскай турме скончыў пераклад на латышскую мову «Фаўста». У снежні 1897 года сасланы ў Пскоў, у 1899 годзе — у горад Слабадской Вяцкай губерні. Вярнуўся ў 1903 годзе, у 1905 годзе нелегальна эміграваў у Швейцарыю.

З 1920 года ў Латвіі. У 1920 годзе Райніс ад Латвійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі быў абраны ў Канстытуцыйны сход Латвійскай Рэспублікі. Быў адным з аўтараў латвійскай канстытуцыі[4]. З 1921 года дырэктар Нацыянальнага тэатра ў Рызе. У 1921 годзе пры ягонай падтрымцы створаны Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі[5]. Абараняў у сейме інтарэсы беларусаў Латвіі[5]. Садзейнічаў адкрыццю беларускіх гімназій у Дзвінску і Люцыне[5]. 28 лютага 1925 года першым з латышскіх дзеячаў культуры быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай краіны — Ордэнам Трох зорак I ступені. Ведаў беларускую мову і беларускія народныя песні[5]. У лістападзе 1926 года ўдзельнічаў у рабоце міжнароднай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая праходзіла ў Менску[6]. У 1926—1928 гадах міністр асветы. Арганізатар (1929) і першы старшыня Таварыства культурнай сувязі з народамі СССР.

Быў жанаты з латвійскай паэткай Аспазіяй. Памёр 12 верасня 1929 года ў Юрмале, пахаваны ў Рызе.

Творчасць

Друкаваўся з 1887 года. Бунтарскі настрой, вера ў перамогу дабра і прыгажосці ў ягоных п’есах «Паўідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (1913), трагедыі «Ілля Мурамец» (1922). Аўтар зборнікаў вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), філасофскай паэмы «Ave sol!» (1910).

У творчасці Яна Райніса арганічна спалучаюцца вобразная метафарычная форма з глыбокай філасофскай сімволікай, рэалізм з тонкім лірызмам, фальклорныя матывы[5].

На беларускую мову творы Райніса перакладалі Эдзі Агняцвет, Мікалай Арочка, Алесь Астапенка, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Артур Вольскі, Сцяпан Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Сяргей Дзяргай, Язэп Дыла, Кастусь Кірэенка, П. Масальскі (Пятро Сакол), Пімен Панчанка, Васіль Сёмуха.

Райніс і беларусы

Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Райнісам 19 лістапада 1926 г. Сядзяць (злева направа): З. Бядуля, Я. Райніс, Я. Купала, К. Крапіва. Стаяць: Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, П. Глебка, К. Чорны. З фондаў БДАМЛМ.

Ян Райіс быў актыўным прапагандыстам беларускай нацыянальнай культуры ў міжваеннай Латвіі, быў абаронцам і прадстаўніком латвійскіх беларусаў у Сейме Латвіі. Ён дамогся ў свой час для беларускай меншыні культурна-нацыянальнай аўтаноміі.

З выступлення Райніса ў Сейме Латвіі ў 1922 г.:

Пытанне паставілі так: хто ж у сапраўднасці прыдумаў беларусаў? Гэтых беларусаў, як быццам, выдумаў я. Выдумаць іх я не мог, бо само існаванне такога народа — гэта факт. Але што я іх абараняю, дык я не хачу і не магу гэта адмаўляць… З беларускім пытаннем у нас справа выглядае так, што беларусы ў Латвіі без абароны… Я ж абараняю ўсіх тых, у каго другога абаронцы няма…[7]

Яніс Райніс цікавіўся традыцыйнай беларускай культурай і фальклорам, часта бываў у беларускіх вёсках Латгаліі, часта наведваў Паўночную Беларусь, у прыватнасці сучасны Верхнядзвінскі раён і інш. Райніс ведаў пра беларусаў з дзяцінства. У дзяцінстве ён хадзіў на рум слухаць дудароў-плытагонаў з Беларусі, што сплаўлялі лес па Дзвіне.

У Віцебску на Старасямёнаўскіх могілках пахавана маці паэта Дартэ Пліекшанс, ёй усталяваны памятны знак. Неаднаразова Райніс наведваў Беларусь.

Яму свае вершы прысвяцілі Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Васіль Вітка, Віталь Вольскі, Сяргей Грахоўскі, Васіль Зуёнак, Пятро Прыходзька, Аляксей Пысін, Юрась Свірка, Максім Танк, Станіслаў Шушкевіч, экслібрысы Яўген Ціхановіч.

Бібліяграфія

Беларускія пераклады

Зборы твораў

Літаратура пра Яніса Райніса

Памяць

У Мінску і Ерэване яго імем названа вуліца. На планеце Меркурый адзін з кратараў.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11889496X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Rainis // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. «Izstrīdētā» Latvijas Satversme — Latvijas Avīze(недаступная спасылка) (лат.)
  5. 1 2 3 4 5 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8. С.271
  6. Марат Гаравы. Адкрылася выстава «Ян Райніс і беларуская культура» (нявызн.). Новы час (16 лістапада 2013).
  7. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. Кн. 2/ рэдкал.: У.С. Богаў, А.Ф. Бубала [і інш.]. Мн., 2000. С. 259.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Памерлі ў 1929 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Памерлі ў Латвіі
Нарадзіліся 11 верасня
Асобы
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Нарадзіліся ў 1865 годзе
Перакладчыкі на латышскую мову
Паэты Латвіі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Выпускнікі Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта
Перакладчыкі Латвіі
Перакладчыкі з англійскай мовы
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Памерлі 12 верасня
Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Трох Зорак
Выпускнікі СПбДУ
Перакладчыкі з рускай мовы
Перакладчыкі з нямецкай мовы
Драматургі Латвіі
Пісьменнікі паводле алфавіта
Нарадзіліся ў Латвіі
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Латышскамоўныя паэты
Пахаваныя на могілках Райніса
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі