wd wp Пошук:

Пскоў

Пскоў (руск.: Псков) — горад (з 903 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 194,9 тыс. чалавек (2005). Упершыню згадваецца пад 903 годам.

Горад размешчаны на рацэ Вялікай (упадае ў Пскоўскае возера) пры зліцці яе з Пскавой.

Геаграфія

Клімат

Клімат Пскоў
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне
Абсалютны максімум, °C 11,0 11,3 18,5 27,6 32,0 33,6 35,0 34,6 30,3 22,6 14,1 12,4
Сярэдні максімум, °C −3 −2,3 2,9 11,3 18,0 21,3 23,6 21,8 16,0 9,2 2,5 −1
Сярэдняя тэмпература, °C −5,6 −5,5 −1 6,3 12,3 16,0 18,3 16,7 11,6 6,0 0,3 −3,4
Сярэдні мінімум, °C −8,3 −8,8 −4,9 1,3 6,5 10,6 13,0 11,6 7,2 2,7 −1,9 −5,8
Абсалютны мінімум, °C −34,9 −35,3 −29 −14,7 −4,5 0,4 3,1 1,4 −3,6 −12,5 −23 −28,2
Норма ападкаў, мм 48,0 35,2 35,4 34,7 54,8 87,1 75,6 90,6 65,6 62,1 53,4 47,0
Крыніца: Климат, погода г. Псков

Гісторыя

Упершыню ў летапісе згадваецца пад 903 годам. З Х стагоддзя ў складзе Кіеўскай Русі, а з ХІІ ст. належыў Наўгародскай дзяржаве. У 1240 годзе горад захапілі крыжакі, але ў 1242 годзе яго вызвалілі войскі наўгародскага князя Аляксандра Неўскага.

Самай старажытнай часткай горада з’яўляецца дзядзінец, што спачатку меў драўляныя, а потым (з ХІІІ ст.) каменныя ўмацаванні і атрымаў назву Пскоўскі Крэмль, альбо Кром. У плане гэта неправільны шматграннік, абнесены каменнымі сценамі з вежамі, якія складзены з вапняковых пліт шэрага колеру. Найбольш вядомыя вежы маюць назвы Куцякрома (1400) і Смердзя. У сярэдзіне ХІІІ ст. зрабілі каменную паўднёвую частку сцяны Крома, т. зв. Першы ці Персі. Сцяна выходзіць на р. Вялікая, адкуль пачынаюцца ўмацаванні іншых гарадскіх кварталаў.

З ХІІІ ст. да Крома прыбудаваны яшчэ адзін умацаваны гарадскі квартал, які атрымаў назву Даўмонтаў горад. На працягу ХІV-ХV ст. тут узвялі шэсць каменных храмаў і каменныя палаты. Археолагі знайшлі рэшткі гэтых будынкаў, а таксама сляды старажытных вуліц, вымашчаных драўлянымі плахамі на лагах. Быў знойдзены і драўляны вадаправод у выглядзе труб, што складаліся з двух жолабаў, абгорнутых бяростай.

У 1309 годзе ўзводзяць трэцяе кола гарадскіх сцен і з’яўляецца ўмацаваны «Сярэдні горад». У кан. ХІV — пач. ХV ст. гарадскія сцены дабудавалі і павялічылі іх таўшчыню да 4 метраў, а таксама зрабілі 6 вежаў з байніцамі. У другой палове ХІV ст. узводзіцца новы каменны сабор св. Троіцы, 20 каменных храмаў у розных частках горада і чацвёртае кола гарадскіх сцен, абнесенае глыбокім ірвом. Асобны раён горада называўся Запскоўскім і знаходзіўся на другім беразе рэчкі Пскавы.

У канцы ХІІ ст. за рэчкай Вялікай, на адлегласці 1,5 км ад дзядзінца, быў узведзены першы мураваны Спаса-Міражскі сабор. Храм быў зроблены ў тэхніцы мяшанай муроўкі, дзе чаргаваліся рады тонкай цэглы — плінфы і каменных пліт. Сабор быў распісаны ўнікальнымі фрэскамі. Яшчэ адзін прыгожы сабор Нараджэння Багародзіцы быў узведзены ў 1310 ў Снетагорскім манастыры. Храм быў складзены з каменнай пліты і меў шыкоўны фрэскавы роспіс.

З ХІV ст. склалася самастойная пскоўская будаўнічая школа. Пскоўскія дойліды стварылі аднакупальную, трохапсідную кубічную кампазіцыю храма, а таксама асобны тып бесслуповага храма з сістэмай прыступкавых скляпенняў. Плоскія пабеленыя сцены падзялялі плоскімі лапаткамі на тры часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні храма. У якасці прыкладу можна прывесці царкву Успення ў Мялетаве (1463). Адной з адметных рысаў пскоўскай школы былі высокія шматпралётныя званіцы.

Пазней, у ХVІ—ХVІІ стагоддзях у Пскове будавалі вялікія, у некалькі паверхаў, купецкія дамы з тоўстымі сценамі. У сценах былі лесвіцы, пераходы, нішы і схованкі. Аконныя праёмы рабіліся ў выглядзе амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. З боку двара быў высокі ганак на шырокіх слупах з аркамі (да прыкладу — палаты Паганкіных, збудаваныя каля 1645). Пскоўскіх дойлідаў запрашалі на працу ў розныя гарады, у тым ліку, і ў Маскву.

У ХІV—ХV ст. расквітнела пскоўская школа жывапісу. Творы маюць павышаную экспрэсію вобразаў, падкрэсленасць блікаў і выразнасць мазка пэндзля (напр., фрэскі сабора Раства Багародзіцы і царквы Успення). Да другой паловы ХІV ст. адносяцца ўнікальныя абразы «Сабор Маці Божай» і «Параскева Пятніца, Варвара і Улляна».

У ХV ст. ўзнікае славуты пскоўска-пячорскі манастыр у мясцовасці Пячора, які меў абароннае значэнне. У 1473 збудавалі першую падземную пячорную Успенскую царкву. У ХVІ ст. вакол манастыра ўзнікае пасад, які абнеслі разам з манастыром каменнай сцяной з 9 вежамі. Уваход ішоў праз Святыя вароты з вежай. У ХVІ ст. у манастыры зрабілі шматпралётную двух’ярусную вежу-званіцу з гадзіннікам. У ХVІ—ХVІІ ст. тут будуюць 4 цэрквы, якія дайшлі да нашых дзён.

У 1465 годзе ўзнікае пятае кола гарадскіх сцен Пскова. Горад дзяліўся на 7 канцоў. За межамі горада з’явіліся рамесныя слабоды. У цэнтрах канцоў альбо слабод пачалі будаваць храмы, якія адначасова былі і складамі зброі.

У XVI ст. гарадскія сцены мелі даўжыню 9 км і 37 вежаў, з якіх вылучалася вежа Грамячая, збудаваная ў 1524 годзе.

Адукацыя

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Гл. таксама

Зноскі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Населеныя пункты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Нявызначаная краіна (тэлефонны код)
Гарады Пскоўскай вобласці
Гарады воінскай славы
Пскоў