wd wp Пошук:

Навагрудская беларуская гімназія

Навагрудская беларуская гімназія — колішняя навучальная ўстанова ў г. Навагрудак.

Гісторыя

Адкрылася ў 1919 годзе, пасля Рыжскага дагавору (1921) працягвала дзейнасць пры польскай адміністрацыі. Утрымлівалася коштам Бацькоўскага камітэта. Арганізатарам і першым дырэктарам, абраным бацькамі вучняў, быў Ян Цеханоўскі. Адукацыйная праграма гімназіі адпавядала традыцыйнай практыцы навучальных устаноў такога тыпу. На пачатку, пакуль гімназія не стала цалкам беларускамоўнай, кіраўніцтва трымалася гуманітарнага кірунку, асноўная ўвага надавалася вывучэнню моў — апроч беларускай і польскай мовы як дзяржаўнай, у праграме былі французская і нямецкая мовы, лацінская вывучалася факультатыўна. Паступова кіраўніцтва гімназіі схілялася да патрэбаў сялянскай гаспадаркі, быў узяты кірунак на матэматычна-прыродазнаўчы тып навучальнай установы. Шмат увагі надавалася выхаваўчаму працэсу. Пасля ад’езду Я. Цеханоўскага за мяжу на заробкі, в.а. дырэктара — П. Скрабец.

Будынак, у якім размяшчалася гімназія. 1929

Пры гімназіі дзейнічалі мастацкія гурткі розных кірункаў, у т.л. беларусазнаўстве, прыродазнаўстве, сусветнай літаратуры. Для паглыблення ведаў беларускай мовы вучні складалі слоўнік да твораў Ядвігіна Ш., збіралі фальклор. Вучні 1-3 класаў займаліся зборам, распрацоўкай тэрміналогіі мясцовай флоры і фаўны, выдавалі рукапісны часопіс «Жаваранак». Асаблівую папулярнасць меў харавы і музычны гурткі, пад кіраўніцтвам А. Валынчыка, гімназічны хор і аркестр былі вядомыя і па-за Навагрудкам.

Закрыццё

У чэрвені 1934 года гімназія закрыта польскімі ўладамі, беларускім гімназістам хто не скончыў вучобы было прапанавана перавесціся ў мясцовую Польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Аднак пераважная большасць (каля 80 %) гімназістаў працягнула вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі. Пераезд гімназістаў у Вільню наладзіў прыехаўшы адтуль Барыс Кіт. Навагрудскіх гімназістаў размясцілі ў інтэрнаце і накіравалі ў адпаведныя класы.

Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (1939) і перадачы Вільні і Віленскага края Літве, літоўскі намеснік міністра асветы Жугжда[ru] (пасля 2-й сусветнай вайны — міністр) катэгарычна пярэчыў існаванню беларускіх школ у Літве. На просьбу беларускай дэлегацыі (Адам Станкевіч, Адольф Клімовіч, Янка Шутовіч) пра адкрыццё беларускіх школ Жугжда сказаў: «Хто хоча вучыцца па-беларуску, няхай едзе на Беларусь». У гэтых умовах большасць вучняў звярнулася да дырэкцыі з просьбай, каб арганізавана пераехаць у Навагрудак, дзе можна было б вучыцца ў мясцовай гімназіі. Барыс Кіт паехаў у Навагрудак, наведаў кіраўніка школьнага аддзела Баранавіцкай акругі Арцемія Саўчанку, які загадаў аднавіць Наваградскую беларускую гімназію ў тым самым будынку, які яе вучні калісьці будавалі. Праз тыдзень удалося перавезці вучняў з Вільні ў Навагрудак, Б. Кіт быў прызначаны дырэктарам гімназіі.

Колькасць вучняў неўзабаве перавысіла 1000, былі адкрыты паралельныя класы. Адкрыліся таксама вячэрнія заняткі для дарослых. Барыс Кіт рупіўся знайсці высокакваліфікаваных выкладчыкаў, у гэты перыяд у гімназіі выкладалі Ст. Станкевіч, Якім Скурат, Аляксандр Орса, Вольга Русак, Э. Залкінд, Л. Барысаглебскі, А. Анішчык і іншыя. Было адкрыта 10 інтэрнатаў для вучняў з далёкіх мясцін. Пры гімназіі адкрылася 7-гадовая школа.

У выніку даносу Уладзіміра Панько (паводле бухгалтара школьнага аддзела Галабурды) загадчыцы РайАНА Гуртаўцовай, што Б. Кіт раней актыўна ўдзельнічаў у нацыянальным (нацыянал-буржуазным) беларускім руху і не павінен быць дырэктарам савецкай школы, Гуртаўцова выклікала з Мінска на месца дырэктара свайго знаёмага Фелікса Баржэмскага, а Б. Кіта быў прызначаны яго намеснікам. Неўзабаве па гэтым Б. Кіт пераехаў у Баранавічы.

Навагрудская беларуская гімназія працавала і пад нямецкай акупацыяй. Гэты час існавання гімназіі мала асветлены ў беларускай гістарыяграфіі.

Вядомыя педагогі

У гімназіі працавалі педагогі: Ксенія Баландовіч, Аляксандр Данілевіч, Жазефіна Запольская, Аляксандр Орса (доктар прыродазнаўчых навук), Гіта Гецава, Вольга Русак (выкладала нямецкую мову), Наталля Орса, Ніна Трусевіч, Яўген Мілоў, Пётр Якімовіч, Язэп Драздовіч (1927-30, выкладаў маляванне), Міхаіл Чатырка, Пётр Скрабец, Зофія Барановіч, Галіна Ямелкоўская, Глекерыя Мацеўская, Антон Валынчык, Вячаслаў Лаўскі (1930-34, выкладаў матэматыку).

Архітэктура

Трохпавярховы мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры будынка праходзіць карніз. Цэнтральная частка фасада вылучана рызалітам, які завершаны прамым атыкам. У рызаліце на трэцім паверсе аконныя праёмы паўцыркульнага абрысу, астатнія аконныя праёмы прамавугольныя без ліштваў. Уваход аформлены парталам з прамым сандрыкам.

Вядомыя навучэнцы

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Школы паводле алфавіта
Навучальныя ўстановы з беларускай мовай навучання
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Гісторыя Навагрудка
Навагрудская беларуская гімназія
Вікіпедыя:Навучальныя ўстановы без геаграфічных каардынат
Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1919 годзе
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Арганізацыі Заходняй Беларусі