wd wp Пошук:

Барыс Кіт

Бары́с Кіт, імя пры нараджэнні Бары́с Уладзі́міравіч Кіта́ (6 красавіка 1910, Санкт-Пецярбург — 1 лютага 2018, Франкфурт-на-Майне) — беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна[3].

Біяграфія

Сям’я паходзіць з вёскі Агароднікі Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён). У 1918 з бацькамі з Пецярбургу вярнуўся на Навагрудчыну. Скончыў народную школу ў Карэлічах (1926), Навагрудскую беларускую гімназію (1928), фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1933). Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 года быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, яе дырэктар у 1939 годзе. З восені 1939 стаў дырэктарам адроджанай гімназіі ў Навагрудку. Потым школьны інспектар у Баранавіцкай вобласці, арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы.

У 1941 з пачаткам нацысцкай акупацыі Беларусі, каб пазбегнуць арышту, некаторы час жыў у вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна, дзе пазней настаўнічаў у мясцовай народнай школе. У 1943 арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. Пасля закрыцця гэтых навучальных устаноў у 1944 Барыс Кіт арыштаваны гестапа. Быў зняволены ў турме ў Вілейцы[4]. Ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні А. Дасюкевіч і К. Касяк. У канцы вайны эміграваў у Германію, у 1945—1948 вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.

У 1948 г. пераехаў у ЗША, стаў актыўна дапамагаць іншым сваім суродзічам-беларусам, якія знаходзіліся ў лагерах для перамешчаных асобаў ў Германіі, атрымаць адпаведныя дакументы і перабрацца ў ЗША. Спачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але хутка пераехаў у гарадок Саўт-Рывер, дзе жыло шмат беларусаў, уладкаваўся на працу ў фармацэўтычную фірму. Дзякуючы Б. Кіту быў створаны Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, які распачаў сярод беларускіх імігрантаў культурную, сацыяльную, палітычную работу. Барыс Кіт быў старшынёю камітэту з 1949 па 1950. Пасля пераязджае ў Каліфорнію, дзе таксама арганізоўвае беларускую групу, маючы памочнікам свайго былога вучня Часлава Найдзюка. Тут, у Лос-Анджэлесе, Барыс Кіт працуе ў фірме North American Aviation, дзе ажыццяўляліся касмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Марс Apollo, чаўночны карабель Shuttle. Першай яго навуковай працай было паспяховае даследаванне якасцей вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва. У 1951—1955 г. быў другім віцэ-старшынём Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі. У 1958 Барыса Кіта запрасілі ў горад Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць у Міністэрстве паветраных сіл ЗША ў аддзеле касманаўтыкі. Адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасьці. Выконваў абавязкі эксперта ў развіцці міжнароднай касманаўтыкі, перад усім савецкай. У 1960 з выхадам навукова-папулярнай кнігі «Дапаможнік па ракетным паліве» пачынаецца літаратурная дзейнасць Барыса Кіта. У 1964 ён напісаў сваю другую кнігу «Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі». З 1963 Барыс Кіт працуе ў аддзеле касманаўтыкі карпарацыі IT&T, дзе даследавалі і будавалі спадарожнікі сувязі, што з’яўлялася першым этапам у справе падрыхтоўкі падарожжа амерыканцаў на Месяц. Займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў. Барыс Кіт выступае з рэфератамі, піша і публікуе артыкулы, чытае даклады на міжнародных кангрэсах па касманаўтыцы. Пад канец 1960-ых ён наведаў з лекцыямі Японію, Індыю, Мексіку, Іспанію, Канаду, Англію, Швецыю, Фінляндыю, Нарвегію, Германію і інш.

З 1972 жыве ў Германіі, месцам свайго сталага жыхарства выбірае горад Франкфурт-на-Майне. Дапамагаў у арганізацыі Беларускага музея ў Ляймене. Вяртаецца да педагагічнай працы. Яшчэ ў Вашынгтоне ён выкладаў матэматыку ў Мэрылендскім універсітэце, а ў Франкфурце-на-Майне Барыс Кіт стаў прафесарам Еўрапейскага аддзелу Мэрылендскага ўніверсітэта. Тэмай доктарскай дысертацыі ён выбраў жыццё і навуковую дзейнасць польскага матэматыка Антоні Зыгмунда, свайго колішняга прафесара ў Віленскім універсітэце. Дысертацыю «Antoni Zygmund, his life and his contribution to the mathematics of 20th century» Барыс Кіт паспяхова абараніў у 1982 на вучонай радзе Рэгенсбургскага ўніверсітэта і атрымаў за гэтую працу навуковае званне доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. У 1987 яму ўручылі дыплом заслужанага прафесара, а ў 1990 — дыплом ганаровага прафесара. У 1991 яму быў уручаны дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Барыс Кіт член многіх навуковых таварыстваў свету.

Барыс Кіт з’яўляўся фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданняў, кніг М. Сяднёва. У 1990-я г. наведваў Беларусь. Аўтар успамінаў.

Памёр у Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця. 15 лютага 2018 пахаваны на могілках праваслаўнай царквы Святой Елізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне[5], дзе каля 30 гадоў таму ён сам выкупіў участак.

Выбраная бібліяграфія

Цікавыя факты

Рыгор Барадулін прысвяціў Барысу Кіту чатырохрадкоўе, якое ўвайшло ў кнігу «Дуліна ад Барадуліна»:

Як ні сягне высока птах,
Ляцеціме ў гняздо наніз.
Зямля стаіць на трох кітах.
Адзін з кітоў — спадар Барыс.

Зноскі

  1. Barys Kit // https://pantheon.world/profile/person/Barys_Kit Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Борис КитБеларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі.
  3. novogrudok.gov.by Архівавана 14 кастрычніка 2020.
  4. Тайны муроў Вілейскай турмы Архівавана 11 лістапада 2013.//«Рэгіянальная газета»
  5. svaboda.org

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (30):
Катэгорыя·Ганаровыя грамадзяне Навагрудскага раёна
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 1 лютага
Катэгорыя·Беларусы ў Германіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1910 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Франкфурце-на-Майне
Катэгорыя·Зняволеныя Вілейскай турмы
Катэгорыя·Навучэнцы Навагрудскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Члены Беларускага навуковага таварыства (1918)
Катэгорыя·Памерлі ў 2018 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 6 красавіка
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выкладчыкі Навагрудскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Вісбадэне
Катэгорыя·Беларусы ў ЗША
Катэгорыя·Выпускнікі Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга-Максіміліяна
Катэгорыя·Фізікі Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Папулярызатары навукі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Зняволеныя Лукішскай турмы
Катэгорыя·Члены Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі
Катэгорыя·Стагадовыя доўгажыхары
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных