wd wp Пошук:

Барыс Рагуля

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Рагуля.

Барыс Дзмітрыевіч Рагуля (1 студзеня 192021 красавіка 2005) — беларускі палітычны і ваенны дзеяч. Член ЦК БНП, камандзір Наваградскага беларускага эскадрона, афіцэр БКА, намеснік Старшыні Рады БНР і выбітны дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе. Доктар медыцыны, лекар анкалагічных хвароб, прэзідэнт London Academy of Medicine (Канада)[1].

Біяграфічныя звесткі

Маладосць

Нарадзіўся 1 студзеня 1920 года ў вёсцы Турэц Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Бацька быў лекарам, але калі Барысу было два гады, памёр падчас эпідэміі тыфу, пасля чаго маці з сынам пераехалі ў Любчу. У 1930 годзе маці атрымала працу ў наваградскім шпіталі пасля заканчэння акушэрскіх курсаў у Варшаве. У тым жа годзе Барыс Рагуля паступіў у Навагрудскую беларускую гімназію, дзе ён і атрымаў нацыянальнае выхаванне. У 1935 годзе гімназія была закрытая польскімі ўладамі, таму Барыс Рагуля быў вымушаны перайсці ў Навагрудскую польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Пазней Барыс Рагуля пісаў, што атмасфера ў польскай гімназіі была неспрыяльная: «У беларускай гімназіі я ведаў, што я беларус, а ў польскай я адчуў сябе беларусам». У 1938 годзе скончыў польскую гімназію і здаў уступныя іспыты на медычны факультэт Універсітэту імя Стэфана Баторыя ў Вільні, але ў абыход закону быў забраны ў войска польскімі ўладамі.

Другая сусветная вайна

У чэрвені 1939 года Барыс Рагуля скончыў польскую падафіцэрскую школу ў Замбраве, быў прызначаны камандзірам эскадрону ў 42-м палку Войска Польскага ў Беластоку. З пачаткам Другой сусветнай вайны ваяваў супраць нямецкіх войскаў у складзе Войска Польскага на мяжы Польшчы і Усходняй Прусіі, у выніку чаго трапіў у палон. У студзені 1940 года няўдала спрабаваў уцячы з палону, у жніўні здолеў уцячы з палону ў Заходнюю Беларусь, ужо далучаную да СССР. Працаваў настаўнікам у школе ў Любчы.

У студзені 1941 года арыштаваны НКУС, утрымліваўся ў мінскай «амерыканцы», абвінавачаны «у нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасці, шпіянажы». Быў асуджаны на смерць, здолеў вырвацца на волю на пачатку нямецка-савецкай вайны і вярнуўся да хаты. У гэты час маці загінула падчас бамбёжкі Наваградка, ратуючы пацыентаў. З пачаткам нямецкай акупацыі браў актыўны ўдзел у палітычных, грамадскіх, школьных ды вайсковых акцыях. Працаваў перакладчыкам у Навагрудку, выкладчыкам настаўніцкай семінарыі. Далучыўся да ЦК падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі.

У ліпені 1942 года прызначаны камандзірам акруговага аддзелу Беларускай самааховы ў Навагрудку. З восені 1943 — камандзір беларускага эскадрона (батальёна) ў Навагрудку: батальён быў створаны з прапановы нямецкага камісара Наваградскага павету Вільгельма Траўба ў кастрычніку 1943 года, які пагадзіўся на ўмовы Рагулі — поўная незалежнасць эскадрону перад мясцовымі нямецкімі ўладамі, поўная свабода ў тактыцы барацьбы з партызанамі, пачатак арганізацыі эскадрону толькі пасля атрымання ўзбраення, амуніцыі і абмундзіравання, а таксама асабістая гарантыя генеральнага гаўляйтара фон Готберга, што немцы будуць прытрымлівацца гэтых умоў. У лістападзе таго ж году батальён атрымаў усе згоды, амуніцыю, зброю і абмундзіраванне, а ў снежні пачалося фармаванне. Эскадрон выкарыстоўваў нямецкую форму з беларускай нацыянальнай сімволікай. Фактычнае фармаванне батальёну скончылася ў студзені 1944 г., але насамрэч яго жаўнеры прымалі ўдзел у баях з савецкімі і польскімі партызанамі амаль з самага пачатку фармавання. На пачатку 1944 г. капітан Рагуля быў прызначаны акруговым начальнікам Беларускай краёвай абароны, што было звязана з забеспячэннем мабілізацыі ў БКА і аховай Навагрудскім батальёнам мабілізацыйных пунктаў.

Пасля эвакуацыі немцаў з тэрыторыі Беларусі, Барыс Рагуля распусціў батальён на пачатку ліпеня 1944 г., на Захад адышоў толькі яго касцяк. У тым жа годзе ажаніўся з Людмілай Гутар, дачкой шчырага беларускага патрыёта, які загінуў у падвалах НКУС. Са жніўня 1944 — у ваеннай школе «Дальвіц» (таксама вядомай як беларускі дэсантны батальён «Дальвіц»), дзе меў ранг капітана і займаўся падрыхтоўкай. У кастрычніку 1944 адмовіўся ляцець з дэсантам у Беларусь.

Эміграцыя

Пасля вайны апынуўся ў амерыканскай зоне акупацыі Германіі. Скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) і далучыўся да Рады БНР. Пры падтрымцы заходніх спецслужб удзельнічаў у закідцы беларускіх груп за «жалезную заслону» (група Вострыкава, група Філістовіча).

4 снежня 1954 года Барыс Рагуля, Людміла і дзеці, Рагнеда і Вітаўт, адплылі ў Канаду. Сям’я пасялілася ў Лондане (Канада). Там адбыў 16 месяцаў лекарскай стажыроўкі, здаў экзамены і атрымаў ліцэнзію на практыку. У 1963 г. быў запрошаны прадставіць ад імя беларускай грамады ў Канадзе меркаванні адносна дзвюхкультурнасці і дзвюхмоўя краіны, у выніку чаго ягоныя прапановы былі прынятыя і разасланыя больш як у 160 бібліятэк.

Зацікавіўся прэвентыўнай медыцынай, асабліва выяўленнем ранніх сімптомаў рака шыйкі маткі. Вынікі працы Барыса Рагулі зацікавілі Pan American Cancer Cytology Society (New York), і ў маі 1967 г. ён быў запрошаны з дакладам на трэці Панамерыканскі Кангрэс, дзе ягоны даклад быў вельмі добра прыняты і апублікаваны ў часапісе Cancer Cytology: a Journal for Clinicians Dedicated to Cancer Detection, што дало вялікі штуршок у кар’еры. У гэтым жа годзе яго выбралі Старшынёй Камітэта па даследаванні цыталогіі рака і кампаніі па цыталогіі (Chairman of the Cancer Cytology Research Committee and Cytology Campaign, London Ont.), а Кангрэс запрасіў яго на становішча сакратара гэтай арганізацыі. У 1967-1968 гадах Барыс Рагуля разгарнуў шырокую адукацыйную акцыю сярод жанчын Лондану і прадмесцяў, прапагандуючы штогоднае абследаванне ўсіх жанчын у веку ад 17 да 65 гадоў, у выніку чаго да 1970 г. (да часу даклада на кангрэсе Pan American Cancer Cytology Society на Ямайцы) удалося абследаваць 84% жанчын, прычым у кожнай сотай жанчыны была выяўлена пачатковая стадыя захворвання. На пятым Кангрэсе ў Аўстрыі (Зальцбург, 1973) Барыс Рагуля дакладваў, што дзякуючы ранняй дыягностыцы больш за 85% з гэтых жанчын былі вылечаныя.

У 1971 годзе заняў пасаду медычнага дарадчыка ў Canadian Cancer Society, дзе заняўся доследамі ранняга выяўлення рака страўніка і тоўстай ды адхадной кішак. На шостым Кангрэсе Pan American Cancer Cytology Society (Las Vegas, 1976) Барыс Рагуля паказаў, што спецыяльным метадам аналізу крыві можна выявіць каля 80% захворванняў і паспяхова лячыць, у выніку чаго гэты метад дыягностыкі сталі паспяхова выкарыстоўваць медыкі Лондану, а пазней і іншых правінцый. У тым жа годзе здаў дадаткова экзамены на права выкладаць у медычнай школе і быў запрошаны на факультэт медыцыны, дзе працаваў да 1991 г., не пакідаючы прыватнай практыкі.

У 1973 годзе Барыс Рагуля выбраны прэзідэнтам London Academy of Medicine (Канада) і стаў першым лекарам неканадскага паходжання, выбраным на гэтае становішча. На становішчы займаўся прапагандай медыцынскіх ведаў і добрага фізічнага стану сярод насельніцтва, а таксама дабіўся забароны курэння на тэрыторыі школ, пазней — у шпіталях і публічных месцах. Пры гэтым на працягу 15 гадоў сам даваў прыклад і браў удзел у двухдзённым лыжным марафоне на 160 км.

Дасягнуўшы вялікіх прафесійных поспехаў, таксама актыўна ўдзельнічаў у беларускім эміграцыйным жыцці. З 1971 года быў намеснікам старшын і Рады БНР. Генерал Рады БНР. Старшыня сусветнай арганізацыі «Канфэрэнцыя Вольных Беларусаў». Старшыня філіялу Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе. Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады ў 1971-1989 гадах. Сябра Canadian Councel of Multiculturalism у 1976-1989 гадах. У 1976-1978 гадах працаваў з прадстаўнікамі латышоў, літоўцаў, эстонцаў і ўкраінцаў над дакументам пра дэкаланізацыю Савецкага Саюзу. Дакумент быў уручаны Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 20 лістапада 1978 года.

З 1986 г. Барыс Рагуля актыўна ўдзельнічаў у Камітэце дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю. З 1990 г. – мэдычны дырэктар дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю. З 1994 г. — старшыня камітэту, мэта якога была пабудаваць дзіцячую дантыстычную клініку ў Мінску паводле канадыйскіх стандартаў.

У 1997 г. з яго ініцыятывы была актывізавана Рада БНР, у яе былі ўведзеныя свежыя сілы.

Памёр 21 красавіка 2005 года. Развітанне адбылося 23 красавіка, пасля ён быў крэміраваны паводле сваёй волі.

Памяць

Творы

Літаратура

Зноскі

  1. Дзеячы БНР. Барыс Рагуля (нявызн.). Рада БНР.
  2. 1 2 Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на чужыне (нявызн.).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Нарадзіліся ў 1920 годзе
Памерлі 21 красавіка
Вікіпедыя:Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Памерлі ў Антарыа
Члены Беларускай краёвай абароны
Члены Наваградскага коннага эскадрона
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц»
Выпускнікі Лёвенскага каталіцкага ўніверсітэта (да падзелу)
Асобы
Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Постаці беларускай эміграцыі
Анколагі Беларусі
Нарадзіліся 1 студзеня
Выкладчыкі Навагрудскай настаўніцкай семінарыі
Члены Беларускага інстытута навукі і мастацтва
Нарадзіліся ў Турцы
Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Памерлі 22 красавіка
Імігравалі ў Канаду з Беларусі
Дактары медыцыны
Навучэнцы Навагрудскай беларускай гімназіі
Памерлі ў 2005 годзе
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы