wd wp Пошук:

Язэп Сажыч

Язэп Сажыч (5 верасня 1917, в. Гарадзечна, цяпер Навагрудскі раён — 19 лістапада 2007, Сэнт-Клэр-Шорз, Мічыган, ЗША) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, вайсковец.

Біяграфія

Вырас у сялянскай сям’і, якая паходзіла з Нягневічаў пад Шчорсамі. Дзед Язэпа Тамаш, адслужыўшы ў войску 25 гадоў, атрымаў дзве дзесяціны зямлі каля Наваградку. Бацька Язэпа, Сымон Сажыч, які меў 4 дзяцей, напачатку ХХ ст. паехаў на заробкі ў ЗША, дзе жыў у Нью-Ёрку, развозіў піва. За заробленыя грошы накіраваў старэйшага сына ў вышэйшую народную вучэльню ў Наваградку. Даведаўшыся, што жонка памерла, вярнуўся на Беларусь, дзе, дакупіўшы зямлі, ажаніўся з маці Язэпа — Верай Дарашэвіч. Памёр у 1919 ад іспанкі.

Пэўны час навучаўся ў беларускай гімназіі, потым скончыў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча ў Наваградку[1].

У 1938 мабілізаваны ў польскае войска, дзе быў пасланы навучацца ў школе падхарунжых у Торуні, якую скончыў у званні сяржанта. У час польскай абарончай вайны ад самага яе пачатку, быў камандзірам узводу. У 1939 годзе трапіў у нямецкі палон. Быў пераведзены ў шпіталь у Лодзі, адкуль праз Беласток і Баранавічы вярнуўся ў Наваградак. Працаваў скарбнікам у сельпо, пасля паступіў на ўлікова-эканамічны факультэт Львоўскага універсітэту. З нападам Германіі на Савецкі Саюз быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, але дэзертыраваў і вярнуўся ў Львоў. Супрацоўнічаў з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў, працаваў у харчовай краме.

Пазней вярнуўся ў Наваградак, дзе браў удзел у арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Служыў у Беларускай дапаможнай паліцыі. Улетку 1942 прызначаны камендантам падафіцэрскай школы Беларускай народнае самапомачы. У лютым 1943 на загад Франца Кушаля зарганізаваў у Лідзе Беларускі батальён чыгуначнай аховы, удзельнічаў у яго фармаванні ў Маладзечне, Стоўбцах, Баранавічах. Ад ліпеня 1943 таксама выкладаў у афіцэрскай школе ў Мінску. Пасля таго, як пад канец 1943 немцы адсунулі ад кіравання беларускіх афіцэраў, стаў афіцэрам прапагандавага батальёну. Напачатку 1944 увайшоў у Беларускую краёвую абарону, кіраваў ротай. У чэрвені 1944 удзельнічаў у ахове Другога Усебеларускага кангрэсу, тады ж уступіў у Беларускую незалежніцкую партыю.[2]

З 1944 года ў Германіі. Быў перавезены на французскую мяжу, у Саарбрукен. Там атрымаў загад пры першай магчымасці з падначаленымі перайсці да французскіх партызанаў і ўсталяваць з імі кантакты ад імя падпольных беларускіх уладаў. Калі пра гэта даведалася СД, быў пераведзены ў Берлін. Удзельнічаў у стварэнні беларускага дэсантнага батальёну Дальвіц, увайшоў у склад 1-га кадравага батальёну БКА. У Баварыі выконваў функцыі каменданта афіцэрскай школы 1-й беларускай дывізіі Вафэн-СС. Напярэдадні заканчэння вайны паспеў яшчэ прайсці курсы ў нямецкай афіцэрскай школе ў Растоку.

Сканчэнне вайны сустрэў у Цюрынгіі, там і ажаніўся з Барбарай Мазурай. Даведаўшыся, што Цюрынгія пераходзіць у савецкую зону акупацыі, перабраўся з сям’ёй у Гесэн. Там у яго нарадзілася дачка Алена. Вывучаў медыцыну ў Марбургскім універсітэце, адначасова працаваў на сухотнай станцыі. Скончыў Марбургскі ўніверсітэт (1950) з дыпломам лекара і выехаў у ЗША. Стаў адным з заснавальнікаў аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночання ў штаце Мічыган. З 1953 года сябра Рады БНР. Заснаваў аддзел Згуртавання беларускіх ветэранаў у Дэтройце, выконваў абавязкі сакратара ў справах ветэранаў пры Радзе БНР. У 1982—1997 гадах — старшыня Рады БНР. У сакавіку 1993 года браў удзел у святкаванні 75-й гадавіны незалежнасці Беларусі ў Мінску.

Памёр 19 лістапада 2007 года ў Сэнт-Клэр-Шорз, Мічыган[1]. Пахаваны на беларускіх могілках ў Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі, ЗША).

Зноскі

  1. 1 2 ЯЗЭП САЖЫЧ
  2. Сяргей Ёрш Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (20):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Навучэнцы Навагрудскай беларускай гімназіі
Члены 30-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў пры СС
Вікіпедыя:Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Выпускнікі Марбургскага ўніверсітэта
Медыкі Беларусі
Члены Беларускай дапаможнай паліцыі
Выпускнікі Львоўскага ўніверсітэта
Члены Беларускай краёвай абароны
Нарадзіліся 5 верасня
Пахаваныя на Беларускіх могілках у Іст-Брансуіку
Памерлі 19 лістапада
Нарадзіліся ў 1917 годзе
Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Нарадзіліся ў Навагрудскім раёне
Памерлі ў Мічыгане
Памерлі ў 2007 годзе
Вікіпедыя:Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Асобы