wd wp Пошук:

Мінскі езуіцкі калегіум

Калегіум езуітаў на малюнку пач. XIX ст.

Мінскі езуіцкі калегіум — архітэктурны комплекс рымска-каталіцкай навучальнай установы ў Мінску, што давала адукацыю на ўзроўні гуманітарнага ўніверсітэта.[1]

Збудаваны ў кан. XVII — 1-й палове XVIII стст. Большую частку комплексу савецкая ўлада знішчыла пасля Другой Сусветнай вайны, да нашага часу захаваліся Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі і значна перабудаваная езуіцкая школа (цяпер музычны каледж).

Займаў практычна ўвесь квартал ад плошчы Высокага Рынку (цяпер пл. Свабоды), абмежаваны вуліцамі Койданаўскай (цяпер вул. Рэвалюцыйная), Зборавай (вул. Інтэрнацыянальная) і Феліцыянаўскай (вул. Камсамольская).

Гісторыя

Езуіты аселі ў Мінску ў 1654 годзе па фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзідэнцыі мураваную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і плошчы Высокі Рынак. Да 1686 года супольнасць езуітаў у Мінску мела статус місіі, пасля — рэзідэнцыі, а з 1714 года — калегіі.

Калегіум езуітаў на паштоўцы пач. XX ст.

Будынкі рэзідэнцыі да канца ХVII ст. паступова мадэрнізаваліся. У 1699 годзе з’явілася мураваная двухпавярховая езуіцкая школа, а 24 красавіка 1700 року ва ўрачыстай абстаноўцы быў асвечаны краевугольны камень новага мураванага касцёла. 16 красавіка 1710 года віленскі біскуп Канстанты Казімір Бжастоўскі асвяціў храм пад тытулам Ісуса, Дзевы Марыі і Св. Барбары.

У 1723 годзе пачалася рэканструкцыя дома Гегера і ўзвядзенне справа ад касцёла 2-павярховага мураванага будынка калегіума, у якім знаходзіліся пакоі прафесараў і магістраў. Пазней з боку вуліцы Койданаўскай было яшчэ прыбудавана 3-павярховае крыло, дзе размясціліся рэфектар, кухня і інш. Канчатковы выгляд комплекс калегіума набыў у 1750 годзе, калі ў цэнтры яго фасада скончылася ўзвядзенне высокай 3-яруснай, перакрытай барочным купалам складанай формы вежы, у ёй быў усталяваны гадзіннік. У 1749[2] року побач з касцёлам з’явіўся будынак аптэкі з лабараторыяй, былі ўзведзеныя гаспадарчыя і дапаможныя пабудовы. У гэты час у езуіцкім калегіуме выкладалі рыторыку, паэзію, сінтаксіс, граматыку, тэалогію, старажытнаяўрэйскую мову, этыку, матэматыку, фізіку, логіку, метафізіку. Дзейнічаў школьны тэатр і найлепшая ў горадзе бібліятэка.

Кафедра і калегіум на фатаздымку міжваеннага часу

У 1770 годзе быў рэканструяваны будынак школы — уваход у яго быў пазначаны квадратнай у плане вежай з купалам.

У 1773 годзе папская була скасавала ордэн, на базе калегіума была ўтвораная 6-гадовая павятовая свецкая школа, а касцёл перайшоў у ранг парафіяльных і праз пяць гадоў стаў кафедральным касцёлам Мінскай дыяцэзіі.

Ад 1799 года ў колішняй езуіцкай школе размясціўся Дом губернатара, будынак быў цалкам перабудаваны ў стылі класіцызм. Да 1820 року калегіум займалі Прысутныя месцы, пасля — Гарадская дума, а з 1852 року — Казённая палата. Вежа калегіума страціла свой купал і ператварылася ў дазорную вежу пажарнай аховы.

У 1951 годзе на касцёле былі разабраныя вежы, ліквідавана ўпрыгожанне святыні, храм быў перабудаваны ў спарткомплекс таварыства «Спартак». Будынак калегіума і яго вежа былі зруйнаваныя, на іх месцы збудавалі жылы дом (пл. Свабоды, 11). Крыху пазней, у 1968 годзе была цалкам перабудаваная езуіцкая школа.

Рэктары мінскага езуіцкага калегіума

Рэктарамі мінскага езуіцкага калегіума былі[3]:

Паводле прывілею ад 11 сакавіка 1773 года, пасля скасавання закона езуітаў у Мінску, аптэку пры калегіуме ўзначальваў Міхал Карыцкі. 12 сакавіка 1781 года быў унесены яго тэстамент. На час смерці Міхал Карыцкі займаў пасаду рэктара ўсіх школ горада Мінска.

Вядомыя выкладчыкі

Зноскі

  1. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 168
  2. У. М. Дзянісаў. Комплекс езуітаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 326
  3. Фёдар Віктаравіч Чарняўскі. Ураднікі (пасады, тытулы) менскага ваяводства XVI—XVIII стст. Біяграфічны даведнік. Выпуск IIІ: (канюшыя, абозныя, крайчыя, мастаўнічыя і будаўнічыя). — Мн.: ТАА «Белпрынт», 2010. — С. 286. ISBN 985-4591-65-0.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Збудаванні Мінска ў стылі барока
Знішчаныя збудаванні Мінска
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
XVIII стагоддзе ў Мінску
Езуіцкія калегіумы
З’явіліся ў XVIII стагоддзі
Духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Мінскі езуіцкі калегіум
Плошча Свабоды (Мінск)
Адукацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім