wd wp Пошук:

Мікола Купрэеў

Міко́ла Сымо́навіч (Сямёнавіч) Купрэ́еў (25 мая 1937, вёска Ямнае, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць — 19 верасня 2004, вёска Лясная, Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) — беларускі паэт, пісьменнік.

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Ямнае (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) ў сям’і настаўніка. У 1943 годзе нацысты арыштавалі яго бацьку і забілі маці[1]. У 1947 годзе Мікола з бацькам пераехалі на Брэстчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёна, а ў 1953 — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёна. Выхоўваўся мачыхай.

Мікола Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу (1957), факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута (1962).

Працаваў у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах Ганцавіцкага раёна, у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму». Адным з вучняў Купрэева ў Чудзінскай школе падчас яго працы на пасадзе завуча і настаўніка літаратуры быў Алесь Каско, а ў Сташанах — Мікола Антаноўскі і Анатоль Шушко[2].

У 1988 Мікола Купрэеў не без дапамогі Міколы Антаноўскага, рэдактара пружанскай «раёнкі», пераехаў у вёску Папялёва Пружанскага раёна, выкладаў у базавай школе гісторыю. Тут выйшаў на пэнсію з прычыны хваробы.

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1994). У 1996 годзе зборнік вершаў «Правінцыйныя фантазіі» быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і адзінагалосна падтрыманы на галасаванні. Аднак у самы апошні момант перамога Міколы Купрэева была скасавана за іранічную згадку Лукашэнкі ў вершы «Сустрэча з К. Крапівой у 1993 годзе»[3]. Прэмія тады не дасталася нікому, а паэт замест гэтага атрымаў прэмію Саюзу пісьменнікаў імя Аркадзя Куляшова і аднапакаёвую кватэру ў Пружанах[4].

Пасля выдання аповесцяў «Дзіцячыя гульні пасля вайны» (1995) і «На вуліцы Карла Маркса з паэтам» (1997), якія вызначаліся надзвычайнай шчырасцю ў адносінах да сябе і сваіх родных, бацька адмаўляўся пускаць Міколу ў родную хату падчас яго візітаў на радзіму. Мікола Купрэеў вымушаны быў начаваць у кацельнях, дзе працаваў яго школьны сябра[4].

Апошнія гады жыцця правёў у Пружанах, перыядычна лекуючыся ў тубдыспансеры ў Вярховічах (Камянецкі раён). Памёр у доме састарэлых у вёсцы Лясная Баранавіцкага раёна[1]. Пахаваны ў Міхнавічах (прадмесце Івацэвічаў). На яго надмагіллі выбітыя словы ўласнага вершу «О, я многа хацеў вам сказаць…».

Творчасць

На празаічны, як шэрае грубае палатно, фон рука паэта, адукаванага філолага, знарок нязграбна і абыякава або паспешліва шпурляе яскравыя мазкі метафар ці асацыятыўных параўнанняў. Так азартны прадавец рассыпае брыльянты на чорным моршчаным бархаце, каб здзівіць і ашаламіць пакупніц. Спантаннасць выяўлення абвостраных пачуццяў чалавека, які чамусьці перанатужыў сваю эмацыянальнасць, і яна ўжо не вяртаецца да колішніх нармальных дыяпазонаў, — характэрны каларыт лірыкі Купрэева. Ён сутыкае на сцежках быцця паэзію і прозу, красу і брыдоту, цнатлівасць і бруд. Прытым гэтыя сутыкненні часам такія рызыкоўныя, што ў душы з'яўляюцца дысануючыя рэакцыі, якія пагашаюць адна другую, пакідаючы адчуванне збянтэжанасці і патрэбу ў ахоўных рэакцыях: густ хоча пратэставаць супраць бесцырымонных выпрабаванняў.

Уладзімір Калеснік, З літаратуразнаўчай працы «Брэсцкае вогнішча»[5].

Пісаць пачаў яшчэ ў школе, найперш вершы на беларускай мове. Аднак друкавацца пачаў падчас вучобы ў інстытуце (19571962). Яго першыя абразкі былі апублікаваныя ў 1958 годзе ў «Советской Отчизне» (цяпер часопіс «Нёман»). Прозу Мікола, у адрозненне ад вершаў, пісаў па-руску, за што, як прызнаваўся пазней, было вельмі сорамна[2]. Рукапіс аповесці «Бродят на рассвете юные», напісанае ў студэнцкія часы, аўтар пасля знішчыў, нягледзячы на тое, што яна атрымала ў цэлым станоўчыя водгукі Янкі Брыля і Барыса Бур’яна. Машынапісны тэкст аповесці захоўваецца ў Ганцавіцкім краязнаўчым музеі[2].

Першая кніга паэзіі «Непазбежнасць» (1967), складзеная з баладаў і элегій, вызначаецца лірычнай, ціхай інтанацыяй. Вершы вызначаюцца казачнасцю, выкарыстаннем фальклорных матываў і стыляў. Пасля выхаду зборніку «Непазбежнасць» у Міколы Купрэева пачалася зацяжная творчая дэпрэсія, звязаная з неўладкаванасцю ўласнага побыту, расчараванасцю ў паэтычнай працы, вялікай плыняй крытыкі, якая абрынулася на першую яго кнігу[5]. У сямідзясятыя гады Мікола Купрэеў амаль нічога не пісаў.

Актыўна ўключыўся ў літаратурны працэс пад канец 80-х. Перакладзеныя на рускую мову яго вершы былі апублікаваныя ў часопісе «Нёман», пасля чаго яго творы сталі часцей траплаць у перыядычны друк. У 1995 годзе выйшаў яго другі зборнік паэзіі «Правінцыйныя фантазіі». У ім перададзеная цесная сувязь чалавека з радзімай, з яе гісторыяй. Паэт пастаянна звяртаецца да вобраза дарогі, героі яго вершаў — вечныя вандроўнікі.

Літаратуразнаўцы заўважалі, што яго паэзіі ўласцівыя «арыгінальнасць раскаванай свабоднай формы, шчырае трапяткое пачуццё, нестандартныя вобразы, глыбіня падтэксту і ў той самы час — прастата выказвання»[4]. Творчасць аўтара адзначаная асаблівай любоўю да верлібру, баладаў, элегіяў, прытчаў.

Пісаў таксама і прозу. Падчас жыцця ў Пружанах напісаў аповесці «Дзіцячыя гульні пасля вайны» (1995), «Імгненне светлае» (1996), «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам» (1997), «Палеская элегія» (1998), «Рэчкаю плывём, плывём…» (1999), «Пастух у космасе» (2002), «Лісты з млына» (2004)[5].

Два розныя як па стылі, так і па манеры аналізу даследчыкі літаратуры Уладзімір Саламаха і Сяргей Грышкевіч, аналізуючы розныя творы пісьменніка (першы — «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам», другі — «Лісты з млына»), сыходзяцца ў агульнай выснове: лірычная проза Купрэева шчырая і праўдзівая, гуманістычная і чалавечная ў сваёй аснове.

I тут я зноў думаю пра тое, пра што ўжо неаднойчы пісаў у некаторых сваіх артыкулах: як жа мы, людзі, прывыклі ўсе нашы горшыя, па-чалавечы невытлумачальныя ўчынкі апраўдваць фактарам часу, рэжымам, грамадскім ладам. Пры гэтым забываем, што толькі сапраўдныя людзі застаюцца людзьмі ў любых сітуацыях. Думаю, твор выклікае на такі роздум.
Уладзімір Саламаха
З артыкула «Пра што раскажа вучням», кніга крытыкі «Сусвет дабрыні»[5]
У беларускай прозе апошніх гадоў рэдка калі сустрэнеш падобную шчырасьць, без штучнага схематызму ў дыялогах, ненатуральных паводзін, сэрыяльнай тэатральнасьці, навамодных сэксуальных выкрунтасаў… Аказваецца, пра каханне можна пісаць так, каб быць сучасным ва ўсе часы. Каб табе верылі, як уласна перажытаму. Хоць і не прапушчанаму цераз млын запозьнена спасцігнутай ісьціны, ужо непатрэбнай у сівой сталасці гадоў.
Сяргей Грышкевіч
З артыкула «Адвечныя лісты з млына…», газета «Заря»[5]

Вершы Міколы Купрэева перакладаў на рускую мову і публікаваў у Маскве беларускі паэт і перакладчык Валерый Грышкавец[5]. Аповесць «Імгненне светлае» перакладзеная таксама на балгарскую мову.

Бібліяграфія

Прэміі

Ушанаванне памяці

Зноскі

  1. 1 2 Незабыўныя галасы. Я хацеў вам сказаць…(нявызн.). Прастора.by. Праверана 5 снежня 2011.
  2. 1 2 3 Валянцін Смаль. Мікола Купрэеў(нявызн.). Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 25 мая 2012.
  3. Леанід Галубовіч. «Мяне — яшчэ нямала» // Дзеяслоў. — 2011. — № 2, 51.
  4. 1 2 3 Арлоў, Уладзімір Імёны Свабоды: Мікола Купрэеў (1937 — 2004)(нявызн.). Імёны Свабоды. Радыё «Свабода». Праверана 5 снежня 2011.
  5. 1 2 3 4 5 6 Гардзей, Віктар Вершы, напісаныя ў белых бярэзніках(нявызн.). Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 5 снежня 2011.
  6. Святлана Яскевіч. Мікола Купрэеў стаў лаўрэатам прэміі імя Ул. Калесніка. Пасмяротна // «Звязда». — 12 снежня 2007. — № 236 (26101).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Памерлі ў Баранавіцкім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 19 верасня
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Педагогі Беларусі
Катэгорыя·Лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова
Катэгорыя·Лаўрэаты Мядовай літаратурнай прэміі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1937 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Памерлі ў 2004 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Беларусі
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Івацэвіцкім раёне
Катэгорыя·Выпускнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна
Катэгорыя·Лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Рагачоўскім раёне
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 мая
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў