wd wp Пошук:

Вярховічы

Вярхо́вічы[1] (трансліт.: Viarchovičy, руск.: Верховичи) — вёска ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Вярховіцкага сельсавета. У вёсцы 230 гаспадарак (2005)[2], 531 жыхар (2010)[3].

Вярховічы размешчаны за 29 км на паўночны захад ад Каменца, за 57 км на поўнач ад Брэста, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск (лінія Брэст — Беласток). Праз вёску праходзіць аўтадарога рэспубліканскага значэння Брэст — Каменец — Камянюкі (Р83).

Гісторыя

Упершыню згаданы ў 1559 годзе ў «Рэвізіі пушч і пераходаў звярыных у Вялікім Княстве Літоўскім», дзе змяшчаецца апісанне межаў вярховіцкага ўладання паноў Копацяў. У другой палове XVI ст. двор у Берасцейскім павеце ВКЛ. У 1567 годзе маёнтак, з якога Васіль Копаць выстаўляў коней для войска. У 1577 годзе шляхецкае ўладанне, 151 гаспадарка. У 1582 — двор, уласнасць Войны. Каля Вярховічаў у час Невядомай вайны ў 1655 годзе маскоўскія войскі разграмілі гетмана польнага Паўла Сапегу, пасля чаго аблажылі Каменец.

У 1795 годзе ў выніку Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі. У другой палове XIX ст. мястэчка, цэнтр Вярховіцкай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Аднайменны маёнтак належаў памешчыкам Ротам. У 1878 годзе Іван Рот арганізаваў у маёнтку ферму па развядзенні буйной рагатай жывёлы, якая на выстаўках неаднаразова адзначалася медалямі. Перасяленцы з Валыні і перасяленцы-яўрэі, якія з’явіліся ў Вярховічах цягам XVIIXVIII стагоддзяў пабудавалі карчму і гандлёвыя рады.

У 1885 годзе мястэчка, 84 жыхары, валасное праўленне, праваслаўная царква (1818), малітоўны дом, піваварны завод, 12 крам, ветраны млын, за 1 вярсту ад мястэчка знаходзіўся вінакурны завод. У склад воласці ўваходзілі 22 паселішчы (724 двары, 5922 жыхары). У 1890 годзе ў маёнтку І.Рота 1023 дзесяціны зямлі, у мястэчку 99 дзесяцінаў зямлі. У 1897 годзе паводле перапісу ў мястэчку 23 двары, 384 жыхары, 2 царквы, хлебазапасны магазін, яўрэйскі малітоўны дом, урачэбны прыёмны пакой, валасное праўленне, народнае вучылішча, 2 абутковыя, кравецкая, фарбавальная, сталярная майстэрні, 5 дробных крам, карчма, кожны аўторак праводзіліся базары, 7 разоў у год — кірмашы; у маёнтку 5 двароў, 53 жыхары, вінакурны завод, ветраны млын; у фальварку 4 двары, 53 жыхары, кузня. У канцы XIX ст. царкоўнаму прыходу належала 99 дзесяцінаў зямлі, 691 двор, да яго адносілася 3098 прыхаджан мужчынскага і 2855 жаночага полу.

У 1905 годзе 248 жыхароў, у народным вучылішчы 106 навучэнцаў. У выніку Польска-савецкай вайны па Рыжскай мірнага дагавора з 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр Вярховіцкай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. У 1923 годзе мястэчку 45 двароў, 223 жыхары; у фальварку 1 двор, 18 жыхароў.

У выніку Пакту Молатава — Рыбентропа з 1939 года ў складзе Брэсцкай вобласці БССР. У 1940 годзе вёска, цэнтр сельсавета Высокаўскага раёна Брэсцкай вобласці, 50 двароў, 275 жыхароў, 7-гадовая школа, паштовае аддзяленне, сельпо, бальніца, аптэка. У былым маёнтку (20 двароў, 100 жыхароў) быў арганізаваны калгас «Парыжская камуна». Цягам 2-ой сусветнай вайны вёска акупавана нямецкімі войскамі з 22.06.1941 да 27.07.1944. Вызвалена воінамі 65-й арміі. На франтах загінулі 4 жыхары вёскі.

У 1960 годзе вёсцы 623 жыхары. З 1962 года ў Камянецкім раёне. У 1970 годзе 773 жыхары, у калгасе «Расія».

Інфраструктура

Дзейнічаюць сярэдняя школа, бібліятэка, аддзяленне сувязі, Дом культуры, 2 бальніцы, амбулаторыя, аптэка, крама, камбінат бытавога абслугоўвання, крухмальны завод.

Славутасці

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2007. С. 35
  3. Дзяржаўны каталог найменняў геаграфічных аб’ектаў Рэспублікі Беларусь(руск.) . Дзяржаўны цэнтр картографа-геадэзічных матэрыялаў і даных Рэспублікі Беларусь (30 верасня 2013).(недаступная спасылка)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Населеныя пункты Камянецкага раёна
Населеныя пункты паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Артыкулы пра населеныя пункты Беларусі, створаныя аўтаматычна
Вярховіцкі сельсавет
Вярховічы
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных