wd wp Пошук:

Мосар

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Мосар (значэнні). Мосар — вёска ў складзе Удзелаўскага сельсавета Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. За 24 км да паўночнага захаду ад Глыбокага.

Гісторыя

Упершыню згадваецца ў 1514 г. як уладанне Юрыя Зяновіча. Паводле граматы вял. князя Жыгімонта Аўгуста ад 11 кастрычніка 1554 г. Яну Міхайлавічу Зяновічу было дазволена пры сваім маёнтку Мосары над ракой Дзіснай закласці мястэчка, а таксама дадзена права на торг і заснаванне «вольных» корчмаў. У Мосары на начлег спыняўся Стэфан Баторый падчас паходу на Пскоў у час Лівонскай вайны. Ад Зяновічаў (Дэспат-Зяновічаў) маентак Мосар у 1-й пал. XVII ст. Мосар перайшоў да Марцыяна Валовіча, віленскага земскага пісара. У 1639 г. — да Пятра Карла Долмат-Ісайкоўскага герба «Прус І», лоўчага літоўскага. У 1657 г. дачка Пятра Карла Долмат-Ісайкоўскага — Соф’я, удава Самуэля Паца, у другі раз пабралася шлюбам — з Віктарам Канстанцінам Млечкай герба «Даліва» (або «Тры Ружы»), палкоўнікам жамойцкім. Іх дачка Канстанцыя атрымала Мосар у пасаг, пабраўшыся шлюбам з Янам Уладзіславам Бжастоўскім герба «Стрэмя», кашталянам троцкім. З таго часу Мосар на працягу больш чым 200 гадоў знаходзіўся ва ўладанні Бжастоўскіх.

У часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у 1775-1790-я, пры Роберце і Ганне Бжастоўскіх у Мосары ўзведзены двухпавярховы палац у стылі класіцызму (знішчаны Чырвонай Арміяй пад час наступлення ў 1920-м) і касцёл Св. Ганны. Мосарскі палац нагадваў каралеўскую рэзідэнцыю у варшаўскіх Лазенках: з троннай залай, «асамблёвай, Саламона, ратунды» і інш. Асабліва вылучалася Каралеўская зала з генеалагічным дрэвам польскіх каралёў, а таксама арыгінальнай печчу ў выглядзе піраміды на 5 шарах і французскім камінам з бюстам караля Станіслава Аўгуста. У бальнай зале быў шыкоўны барочны камін з чорнага мармуру. Таксама вядомая Люстэркавая зала з люстэркавымі панелямі на сценах і Кітайская комната ва ўсходнім стылі. Палац акаляў пейзажный парк з дубовай алеяй і садам. У тыя часы нескалькі разоў у Мосары гасцяваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які нават удзельнічаў тут у археалагічных раскопках як аматар даўніны.

У 1830-я гады маёнтак набыў пісьменнік і паэт Вінцэнт Рэут. У XVIII — 1-ай пал. XIX стст. існавала уніяцкая царква. Народнае вучылішча, адкрытае ў 1872 г., размяшчалася ў агульным доме, фінансавалася ў памеры 200 руб. у год. Пад 1885 г. у маёнтку Мосар было 558 жыхароў і 2030 дзесяцін зямлі. У аднайменнай вёсцы налічвалася 117 жыхароў.

У 1870-я гады Мосар набыў Эдмунд Пілсудскі. Наступным і апошнім ўладальнікам маёнтка быў яго сын Калікст Юзаф. З 1921 г. Мосар у складзе Польшчы, належаў Луцк-Казлоўскай гміне Дзісненскага павета Віленскага ваяводства. Буйнейшымі зямельнымі ўласнікамі былі Эдмунд Пілсудскі (1718 дзесяцін і 182 дзесяцін у Рэпішчы), Калікст Пілсудскі (165 дзесяцін) — родзічы Юзэфа Пілсудскага і інш. Нашчадак апошніх гаспадароў Мосыра, праз дачку Эдмунда Марыю — Анджей Яцына цяпер жыве ў ЗША, ён выказваў намер стварыць на месцы Мосарскага палаца музей і передаць яму сваю бібліятэку.

З 1939 Мосар у складзе БССР, з 12 кастрычніка 1940 — цэнтр Мосарскага сельсавета Дунілавіцкага раёна. З 20 студзеня 1960 знаходзіўся ў Глыбоцкім раёне, з 20 мая 1960 — ва Удзелаўскім сельсавеце. У 1997 у вёсцы налічваліся 494 жыхары і 231 двор.

Гаспадарка

Працуюць базавая школа, бібліятэка, клуб, музей, фельчарска-акушэрскі пункт, 2 крамы, аддзяленне сувязі, ільнозавод. Мосар — папулярны аб’ект турызму Беларусі.

Славутасці

Цікавыя факты

У касцёле Св. Ганны ў Мосары і на пляцоўцы за касцёлам праходзіць фэст дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй[1].

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. https://catholicnews.by/u-kastsyole-svyatoj-ganny-u-mosary-svyataya-imsha-raspachalasya-dudarskaj-muzy-kaj/
  2. Францішак — паслядоўнік Францішка. Партрэт полацкага святара Францішка Кісяля ў гістарычным інтэр’еры.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Удзелаўскі сельсавет
Катэгорыя·Мястэчкі Віленскага ваяводства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Мосар
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты Глыбоцкага раёна