wd wp Пошук:

Антоні Дулінец

Антоні Дулінец (20 красавіка 1889, в. Мосар — 21 лютага 1966, в. Будслаў) — беларускі каталіцкі святар лацінскага абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху[1]. Быў знаёмы з многімі беларускімі дзеячамі. Сябраваў з Вацлавам Аношкам і Пятром Татарыновічам.

Сям’я

Антоні (злева) з братам Францам. 1912 год.

Паходзіў з сялянскай каталіцкай сям’і з в. Мосар. Бацька — Ігнась, маці — Паўліна з Гарбоўскіх. Меў 8 братоў, палова з іх стала місіянерамі.

Адукацыя і духоўная фармацыя

Атрымаў гімназійную адукацыю ў 1917 годзе у Санкт-Пецярбургу. Там жа працаваў памочнікам бухгалтара ў вайсковым порце.

Вырашыў стаць ксяндзом пасьля таго, як у яго стукнула маланка і ён цудам выжыў.

У 1920—1924 навучаўся ў Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі пасьля эвакуацыі яе ў Кельцы (Польшча). Пасьля чаго працягнуў багаслоўскае навучаньне ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце (1924—1926).

Высьвячаны на каталіцкага сьвятара лацінскага абраду біскупам Пінскім Зыгмунтам Лазінскім 4 красавіка 1926.

Падчас навучаньня ў сэмінарыі зацікавіўся справай адраджэньня Уніі. У сэмінарыі навучаўся разам з Вацлавам Аношкам[2].

Душпастырская праца

У 1926 прызначаны вікарыем касьцёлу Ўнебаўзяцьця НПМ у мяст. Браньск на Падляшшы. Аб гэтым прызначэньні Антонія і іншых ксяндзоў, сьвядомых беларусаў, пісалі як аб «ссылцы» за культурную працу сярод беларусаў-каталікоў[3].

З 1929 году супрацоўнічаў зь Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданьняў «Krynica» і «Chryścijanskaja Dumka»[4].

З 1929 пробашч парафіі Марочна каля Пінску. Намаганьнямі кс. Антонія — шчырага і ідэйнага беларуса — быў збудаваны мясцовы касьцёл[5][6]. На пасьвячэньне якога прыяжджаў ягоны сябар — беларускі каталіцкі сьвятар Пётар Татарыновіч. Гаварыў казаньні па-беларуску. Заахвочваў вернікаў размаўляць на роднай мове. Распаўсюджваў беларускую культуру.

Удзельнік 1-й канфэрэнцыі, прысьвечанай царкоўнай уніі (23—24.4.1930, Пінск)[7].

З 1931 да пачатку 2-й сусьветнай вайны служыў пробашчам парафіі у парафіяльным касьцёле сьв. Яна Хрысьціцеля ў мяст. Гранне Бельска-Падляскага павету. У 1932 г. гэты храм быў грунтоўна перабудаваны і папоўнены хорам кс. Дулінцам[8].

Хадзіў у пілігрымку ў Кальварыю[9].

Пілігрымы у Кальварыі, 1935 год. Кс. Дулінец у цэнтры побач з кс. Станкевічам.

У верасьні 1936 году кс. Антоні разам з а. Аношкам віншуюць кс. Татарыновіча зь юбілеем сьвятарства ў Мядзьведзічах. Там жа ён гаворыць навуку па-польску, але так зразумела і ўсё з беларускага жыцьця[10].

З 1940 па 1949 гг. пробашч касьцёла Апекі НПМ Ружанцовай у в. Сігневічы Пружанскага дэканату.

Пасьля вызваленьня зь лягеру ў 1954—1966 быў пробашчам у в. Будслаў.

Дзейнасьць у час вайны

Падчас 2-й сусьветнай вайны садзейнічаў беларусізацыі Касьцёлу. Уваходзіў у сьпіс 45 каталіцкіх сьвятароў на беларускіх паслугах, падрыхтаваны разьведкай Арміі Краёвай у Менску (жнівень — верасень 1942 г.).

Паваенны лёс

Кс. Дулінец у Будславе

Арыштаваны ў лютым 1949 у Сігневічах. Асуджаны да 25 гадоў ППЛ. Этапаваны ў адзін з лягераў ГУЛЯГу каля Кемерава. Атрымаў кілу. Прабыў нейкі час у лагеры з Фабіянам Ярэмічам[11]. Вызвалены ў 1954. Зарэгістраваны пробашчам парафіі Унебаўзяцьця НПМ у мяст. Будслаў Вілейскага дэканату.

Анеля Катковіч у сваіх успамінах «Разьвітаньне з Будславам» піша:

«Адведваў нас у Будславе кс. Антон Дулінец, які таксама доўгія гады быў на Сібіры й вярнуўся з „раю“ амаль што разам з намі. Ён знаў амаль усіх ксяндзоў-беларусаў і сам быў беларусам. Казаньні ў касьцеле гаварыў па-польску, але ўводзячы цэлыя беларускія сказы. Ужо ён не жыве, памёр па дарозе з плябані ў касьцёл. Упаў і больш не падняўся.»

На ягоным пахаваньні было шмат парафіян. Пахаваны на могілках у Будславе, каля капліцы. У Будславе нават праз паўстагодзьдзя з пашанай ўзгадваюць яго імя.

Заўвагі

  1. Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964 С. 161—162
  2. Catalogus Ecclesiarum et Utriusque Cleri tam Saecularis quam Regularis Dioecesis Vladislaviensis seu Calissiensis pro Anno Domini 1921 С. 34
  3. «Bielaruskaja Krynica» № 26, 1926 г. С.6
  4. Małgorzata Moroz «KRYNICA» — Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu", Беласток, 2001. С. 218
  5. «Chryścijanskaja Dumka» № 21-22, 1930 г. С.11
  6. «Bielaruskaja Krynica» № 31, 1930 г. С.4
  7. Pamiętnik I-ej Konferencji Kapłańskiej w sprawie Unji [!] Kościelnej w Pińsku (23-24 IV 1930 roku)
  8. «Spis Kościołów i Duchowieństwa Diecezji Pińskiej w Rzeczypospolitej Polskiej 1933 i 1934» С. 44.
  9. «Chryścijanskaja Dumka» № 6,1936 г. С. 4.
  10. «Chryścijanskaja Dumka» № 9, 1936 г. С 11.
  11. «ŹNIČ» № 48 KASTRYCNIK-LISTAPAD 1958 г. C.5.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Постаці беларускага каталіцтва
Катэгорыя·Памерлі 21 лютага
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1889 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Будславе
Катэгорыя·Каталіцкія святары
Катэгорыя·Удакладненне арфаграфіі
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 красавіка
Катэгорыя·Памерлі ў 1966 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Глыбоцкім раёне