wd wp Пошук:

Ян Крушэўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Крушэўскі. Ян Казі́мер Крушэ́ўскі (польск.: Jan Kazimierz Kruszewski; 18 чэрвеня 1888, Аляксандрава, Мазавецкае ваяводства, Царства Польскае — 28 сакавіка 1977, Лаі-ан-Валь, Францыя) — польскі ваенны дзеяч, брыгадны генерал Войска Польскага, трэці камандзір Корпуса аховы памежжа (1930—1939).

Біяграфія

Ян Крушэўскі нарадзіўся 18 чэрвеня 1888 года ў вёсцы Аляксандрава цяперашняга Мазавецкага ваяводства ў сям’і землеўладальнікаў Казімера Крушэўскага і Вікторыі Калоўскай[1]. Пасля заканчэння Плоцкай сярэдняй школы вывучаў медыцыну ў Кракаве і Жэневе, удзельнічаў у стралковым звязе. Ад жніўня 1914-га да ліпеня 1917 года служыў у польскіх легіёнах, дзе дасягнуў поспеху ў камандаванні шэрагам падраздзяленняў: чацвёртым узводам пры першай кадравай роце, адной з ротаў у пяхотным палку №1 і афіцэрскай школай пры 1 брыгадзе польскіх легіёнаў. Некаторы час з’яўляўся камендантам брыгаднага навучальнага курсу, аднак пасля прысяжнага крызісу быў высланы ў Беньямінаў[1].

Амаль увесь 1918 год Ян Крушэўскі правёў у статусе камандзіра роты ў 2-ім пяхотным палку польскіх узброеных сілаў, а ў непрацяглы час ад лістапада 1918-га да студзеня 1919 г. знаходзіўся на пасадзе начальніка батальёна ў лагеры рэкрутаў пад Яблонай. Пасля гэтага два месяцы Крушэўскі з’яўляўся галоўнакамандуючым групай «Яблона» у Варшаве. У перыяд часу ад красавіка 1919 да кастрычніка 1926 года ён камандаваў некаторымі падраздзяленнямі Пяхотнай брыгады легіёнаў: спачатку адным з батальёнаў, потым — першым пяхотным палком, а пачынаючы ад кастрычніка 1920 года займаў пасаду начальніка гэтага вайсковага фармавання. У гэты час Яну Крушэўскаму было прысвоена званне падпалкоўніка, што падцверджана загадам ад 11 чэрвеня 1920 г. 31 сакавіка 1924 года ён атрымаў павышэнне, стаўшы палкоўнікам і атрымаўшы дзявяты нумар у корпусе пяхотных афіцэраў.

У 1926—1928 гадах служыў камандуючым дывізіяй Першага пяхотнага легіёна, аднак потым пайшоў на падвышэнне і да 1930 г. працаваў камандзірам гэтага легіёна. Напачатку 1927 г. быў абраны кіраўніком рэвізійнай камісіі футбольнай асацыяцыі ў Вільні[2]. 14 кастрычніка 1930 года палкоўнік Крушэўскі ўзначаліў найбуйнейшую польскую памежную службу — Корпус аховы памежжа, якой ён кіраваў ажно да ўсеагульнай мабілізацыі стражнікаў у верасні 1939 г. У сувязі з пачаткам кіравання гэтай структурай прэзідэнт Польскай Рэспублікі Ігнацы Масціцкі 10 лістапада 1930 года надаў Яну Крушэўскаму званне брыгаднага генерала са старшынствам ад наступнага 1 студзеня і першым нумарам у корпусе генералаў. Нашэнне новых атрыбутаў генерала было дазволена ад пачатку 1931 г.[3]

З’яўляўся вайсковым асаднікам у калоніі Кавянёў Вілейскага павета[4].

У верасні 1939 года, пасля адхілення ад камандавання Корпусам аховы памежжа, генерал узначаліў аператыўнае злучэнне ў рэзервовай арміі «Прусы»[1], але неўзабаве быў захоплены ў нямецкі палон (утрымліваўся ў лагеры «Мурнаў») і па вызваленні эміграваў у Францыю. Апошнія гады жыцця праводзіў у Доме састарэлых Польскага гуманітарнага фундуша горада Лаі-ан-Валь, дзе і памёр на 89-ым годзе жыцця. Ян Крушэўскі быў пахаваны на мясцовых могілках.

Узнагароды

Зноскі

  1. 1 2 3 Danielewicz, 1994, с. 33
  2. «Światfilm», Nr.2 ад 13 лютага 1927 г.(польск.) . Wilno: Towarzystwo Filmowe „Światfilm” (12 сакавіка 1927). Праверана 20.06.2019.
  3. Dziennik Personalny MS Wojsk, 1930, с. 323
  4. Ліст вайсковых асаднікаў(польск.) . Wilno: Towarzystwo Filmowe „Światfilm”. Праверана 20.06.2019.
  5. 1 2 3 4 5 6 7 8 Łoza, 1938, с. 385
  6. Zarządzenie o nadaniu Wielkiej Wstęgi, Krzyża Komandorskiego z Gwiazdą i Krzyża Komandorskiego orderu Odrodzenia Polski(недаступная спасылка)
  7. Dziennik Personalny MS Wojsk, 1926
  8. Zarządzenie o nadaniu Złotego Krzyża Zasługi(недаступная спасылка)
  9. 1 2 Згодна з фотаздымкам Яна Крушэўскага Архівавана 15 ліпеня 2013.
  10. 6 sierpień, 1934, с. 20

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1977 годзе
Катэгорыя·Кавалеры сярэбранага знака ордэна Virtuti Militari
Катэгорыя·Узнагароджаныя Залатым Крыжам Заслугі
Катэгорыя·Кавалеры крыжа Храбрых
Катэгорыя·Афіцэры ордэна Адраджэння Польшчы
Катэгорыя·Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 чэрвеня
Катэгорыя·Корпус аховы памежжа
Катэгорыя·Генералы Польскай Рэспублікі (1918—1939)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1888 годзе
Катэгорыя·Кавалеры Крыжа Незалежнасці
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 28 сакавіка
Катэгорыя·Камандоры ордэна Адраджэння Польшчы