wd wp Пошук:

Людвіг фон Лібенцэль

Людвіг фон Лібенцэль (ням.: Ludwig von Liebenzell) — брат-рыцар Тэўтонскага ордэна, комтур рагнітскі (1294—1300), комтур шлохаўскі (1321); военачальнік, дыпламат і прапаведнік.

Біяграфія

Паходзіў з рыцарскага роду з Лібенцэля, паблізу Кальва ў паўночным Шварцвальдзе[1]. Пётр з Дусбурга называе яго высакародным і з юнацтва загартаваным у ваеннай справе[2], шматкроць згадвае ў сваёй «Хроніцы зямлі Прускай», адпаведна згадвае яго і Мікалай фон Ерошын у рыфмаванай нямецкамоўнай версіі гэтай хронікі[3].

У 1280 годзе, падчас рэйду прускага ландмайстра Мангольда фон Штэрнберга ў ятвяжскую воласць Красіма, Людвіг фон Лібенцэль трапіў у палон да ятвяжскага князя Команта, у тым жа баі загінуў тапіаўскі комтур Ульрых Баўвар і яшчэ чатыры чалавекі[2]. Комант ацаніў здольнасці і адвагу Лібенцэля, ставіўся да яго з павагай, у іх склаліся добрыя адносіны.[4]

Неўзабаве Комант узяў Людвіга на пір, дзе сабраліся ятвяжскія нобілі і адзін з іх, незадаволены прысутнасцю немца, выказваў абразы у яго бок. Нягледзячы на статус палоннага, Лібенцэлю дазволілі паядынак і ён забіў ятвяга. Потым Комант адпусціў Лібенцэля ў Ордэн.[2]

У 1283 годзе Людвіг браў удзел у рэйдзе вялікага маршала Конрада фон Тырберга малодшага на ятвяжскую воласць Сілія (Зліна). Паход быў паспяховы, але цяжка параненага Лібенцэля пакінулі ў снезе, ятвягі знайшлі яго, узялі ў палон, вылекавалі і аддалі пад нагляд нобілю Кантэгерду[5].

Немцы лічылі Людвіга зніклым без вестак, тым часам ён пасябраваў з Кантэгердам і пераканаў яго прыняць хрысціянства разам з падданымі. Лібенцэль вярнуўся ў ордэнскія ўладанні і прывёў з сабой Кантэгерда і 1600 яго падданых для хрышчэння[6].

У 1294 годзе Людвіга прызначылі комтурам рагнітскім. Адразу па прызначэнні здзейсніў некалькі паспяховых рэйдаў у землі Вялікага княства Літоўскага. У Аўкштоце пад яго кіраўніцтвам быў знішчаны горад Рамена, які літоўцы лічылі святым. У жамойцкай воласці Паграўда нанёс паразу мясцовым жыхарам і, напэўна, сагнаў шмат коней, бо паграўдцы доўга адчувалі іх нястачу.[7]

У баявых дзеяннях Лібенцэля ў воласці Вайкен загінула шмат мясцовых нобіляў. У выніку ўсе літоўцы, якія жылі на беразе Нёмана ад ракі Нары (напэўна, Нярыса — Віліі[3]) да зямлі Ламоціны[lt], заключылі мір з Ордэнам, абавязаліся выплачваць штогадовую даніну і браць удзел у паходах супраць Вялікага княства Літоўскага.[7]

Пра дзейнасць Лібенцэля пасля 1300 года крыніцы не згадваюць. Вядома толькі, што ў 1321 годзе ён быў комтурам шлохаўскім.[1]

Зноскі

  1. 1 2 Dorna, 2004, p. 28
  2. 1 2 3 Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 210
  3. 1 2 Fischer, 2010
  4. Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 209
  5. Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 212
  6. Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 217
  7. 1 2 Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 259

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Комтуры шлохаўскія
Катэгорыя·Комтуры рагнітскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XIII стагоддзі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Рыцары Тэўтонскага ордэна