Касцяні́цы, Касцянка[3], Касцяніцы камяністыя[4] (Rúbus saxátilis) — шматгадовая расліна-меданос; від роду Рубус (Маліна) сямейства Ружавыя[5].
Касцяніцы камяністыя, касцяніцы, коцезелле[6][7], касцянка[8][9], касцяніка[10].
![]() | ||||||||||
Касцяніцы — невялікая шматгадовая травяністая расліна вышынёю 15-30 см з прамастойнымі кветаноснымі сцёбламі, укрытымі шыпамі і валаскамі[5]. Ад карэнішча адыходзяць аднагадовыя неквітучыя паўзучыя парасткі (вусы) даўжынёй да 1,5 м, якія сцелюцца і ўкараняюцца да восені.
Лісце чаргаванае, доўгачаранковае, трайчастае, двойчынадрэзанае, шурпатае, з жорсткімі валасінкамі[5]. Прылісткі свабодныя, яйкападобна-ланцэтныя.
Кветкі белыя з 5 вузкімі пялёсткамі, невялікія, абодваполыя, сабраныя на верхавіне сцябла па 3-10 у шчыткападобныя або парасонападобныя суквецці. Цвіце ў маі — чэрвені[5].
Плод — параўнальна буйная шматкасцянка ярка-чырвонага або памяранцава-чырвонага колеру, складаецца звычайна з чатырох плодзікаў, унутры кожнага маецца буйная костачка. Звычайна на кусце пладоў не многа[5]. Ягады сакаўныя, кіслявыя, нагадваюць па смаку гранат. Плады спеюць у ліпені — жніўні.
![]() | ||||||||||
Злева направа: У навакольным асяроддзі, кветка, ягада, насенне |
Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі. Шырока распаўсюджаны па ўсёй Еўропе і Азіі ад Ісландыі і Іспаніі на ўсход да Кітая. Акрамя таго, былі знойдзены ў Грэнландыі[11][12][13][14].
На Беларусі трапляюцца ў лясах, зарасніках хмызняку, на лугавых схілах[5]. У Расіі сустракаюцца ў многіх раёнах еўрапейскай часткі (акрамя крайняга поўдня), у Сібіры і на Далёкім Усходзе. У Сярэдняй Расіі вядомая ва ўсіх абласцях, прымеркаваная да вільготных лясоў, пераважна хваёвых. Ва Украіне распаўсюджана звычайна ва ўсіх лясных, радзей лесастэпавых раёнах, у стэпавых раёнах — толькі па далінах буйных рэк.
Расце ў іглічных, змешаных, радзей лісцяных вільготных лясах, можа сустракацца на высечках і просеках. Ценетрывалая расліна. Цвіце ў маі, плады спеюць у ліпені.
Касцяніцы могуць утвараць шчыльныя зараснікі, распаўсюджваючыся пры дапамозе сваіх парасткаў[15]. Яны таксама могуць распаўсюджвацца насеннем, паколькі іх плады паядаюцца птушкамі, якія пераносяць насенне ў іншыя месцы са сваім памётам[15].
У пладах касцяніц утрымліваюцца вугляводы, арганічныя кіслоты, пекцінавыя і дубільныя рэчывы, да 44 мг% вітаміна C, больш за 1000 мг% флаваноідаў, такаферол, фітанцыды. У надземнай часткі — алкалоіды, флаваноіды, дубільныя рэчывы, рутын, аскарбінавая кіслата[5].
Харчовыя, вітамінавыя і лекавыя расліны. Выкарыстоўваюць плады і надземную частку расліны[5].
Плады ўжываюць у ежу свежымі і сушанымі[5]. Ягады можна падаваць у цукры або з вяршкамі, з малаком і мёдам, у выглядзе соуса і сухой прыправы, касцяніцавай вадзіцы і кававага напою.
З касцяніц робяць воцат і віно, складаную гарбату, іх сушаць. Але лепш за ўсё есці ягаду свежай. З касцяніц можна прыгатаваць квасы і морсы, кісялі і кампоты, варэнне і жэле, сіропы і сокі, мусы і прыправы. Для працяглага захоўвання ягады засыпаюць цукрам ці заліваюць вадой і захоўваюць у халодным месцы (халадзільнік, склеп, ледавік).
Плады збіраюць у стадыі поўнай спеласці, а лісце — у час цвіцення[5].
Ужыванне касцяніц вельмі пажадана і карысна пры малакроўі і прастудных захворваннях. У народнай медыцыне адвар лісця і сцеблаў ужываюць пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, пухлінах, падагры, запаленні суставаў і як супрацьцынготны і супрацьгемаройны сродак[5]. У Сібіры настоі лісця выкарыстоўваюць як болесуцішальны сардэчны сродак, пры мігрэні, перхаці, для ўмацавання валасоў і ў якасці седатыўнага сродку[5].
У навуковай медыцыне не ўжываюцца[5].
З пладоў можна атрымліваць фіялетавы і сіні фарбавальнікі[11].
Збіраюць плады ў сухое надвор’е рукамі, складаюць у невялікія кошыкі. У хатніх умовах мыюць, сартуюць і перапрацоўваюць на квас, варэнне, джэм. Сушаць ў печах пры тэмпературы 45-55 °C. Высушаныя плады пакуюць у папяровыя мяшкі або скрыні, высланыя паперай, і захоўваюць у сухіх прахалодных памяшканнях.
![]() | ||||||||||
Паштовая марка Беларусі |
Выява расліны змешчана на паштовай марцы Беларусі 2004 года.