Беларуская народна-дыялектная мова падзяляецца вучонымі на два асноўных дыялекты, паўночна-усходні дыялект і паўднёва-заходні дыялект, падзеленых пераходнымі сярэднебеларускімі гаворкамі. Гаворкі беларускай народна-дыялектнай мовы адрозніваюцца адзін ад аднаго лексікай, характарам акання, наяўнасцю цвёрдага «Р» ва ўсякім становішчы або ў пэўных умовах, або змешваннем цвёрдага «Р» з мяккім, наяўнасцю або адсутнасцю дыфтонгаў, дзекання і цекання, змешвання «Ч» і «Ц» і г. д., а таксама ўяўляюць змешаныя гаворкі па суседстве з украінскімі, паўночна- і паўднёварускімі.
Вялікі ўклад у вывучэнне асаблівасцяў гаворак беларускай мовы ўнёс акадэмік Расійскай Імператарскай Акадэміі навук Яўхім Карскі. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук БССР сумесна з Беларускім Дзяржаўным універсітэтам і педагагічнымі інстытутамі савецкай рэспублікі было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак беларускай мовы ў дзяржаўных межах БССР. На аснове сабраных матэрыялаў быў складзены падрабязны «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», не ўсе мовы свету і нават не ўсе мовы Еўропы маюць такія падрабязныя і добра зафіксаваныя навуковыя працы ў галіне дыялекталогіі.
У Беларусі таксама існуе такая з’ява, як трасянка. Гэта — размоўная мова з пераважна рускай лексікай, але беларускай граматыкай і фанетыкай. Утварылася трасянка ў выніку змешвання народна-дыялектнай беларускай мовы з сучаснай рускай літаратурнай мовай. Адзначаецца, што з вуснай прамовы трасянка пранікае і ў публіцыстыку. Літаратурная беларуская мова выкарыстоўваецца галоўным чынам гарадской інтэлігенцыяй; вялікая частка гарадскога насельніцтва карыстаецца сучаснай рускай літаратурнай мовай.
Для беларускай мовы вылучаюць наступныя асноўныя групы дыялектаў[2]: