Аканне — неадрозніванне галосных /о/ і /а/ ў ненаціскных складах. Уласціва паўднёварускім, частцы сярэднярускіх і ўсім беларускім дыялектам; з’яўляецца нормай у рускай і беларускай літаратурных мовах (у беларускай мове аканне адлюстроўваецца і на пісьме); ненарматыўнае ў паўночных дыялектах украінскай мовы[1]. Аканне супрацьпастаўляюць оканню — адрозніванню /о/ і /а/ ўва ўсіх пазіцыях; оканне характэрна для гаворак паўночнарускіх дыялектаў. У балгарскай мове акаючымі з’яўляюцца радопскія гаворкі (смалянскія і златаградскія), прычым у гаворках вёсак Ціхаміраў і Трыград аканне выяўляецца ўва ўсіх ненаціскных складах, а не толькі ў пераднаціскных[2]. Аканне існуе таксама ў некаторых дыялектах славенскай мовы[3].
Звычайна прынята лічыць, што аканне з’явілася адносна позна, не раней XIV стагоддзя. Найбольш старажытныя выпадкі змешвання літар о і а на пісьме ў ненаціскных складах адносяцца гэтага часу і зафіксаваны ў помніках маскоўскага паходжання.
Існуе меркаванне (яно ўзыходзіць да Аляксея Шахматава) пра больш раннія з’яўленні акання. Згодна з ім, аканне ўзнікае яшчэ ў некаторых гаворках праславянскай мовы з прычыны страты даўготнага проціпастаўлення ў сістэме вакалізму. Прычына позняга адлюстравання акання на пісьме ў гэтым выпадку тлумачыцца адсутнасцю старажытных помнікаў, напісаных на тэрыторыі распаўсюджвання гэтай з’явы.