wd wp Пошук:

Гісторыя філасофскай думкі на Беларусі

Гісторыя філасофскай думкі на Беларусі — дысцыпліна, якая вывучае гісторыю станаўлення, адметнасці, а таксама ўмовы і набыткі мыслення ў межах Беларускай прасторы. Канцэптуальна, з’яўляецца часткай шырэйшай дысцыплінарнасці — гісторыі еўрапейскай альбо заходняй філасофіі. У гэтых межах яна даследуе лакальны, рэгіянальны кантэкст заходняй філасофіі. Гісторыя беларускай філасофіі ўваходзіць у гісторыю філасофскай думкі на Беларусі і носіць канатацыі нацыянальнай філасофіі, што ёсць неабходнай часткай інтэлектуальных набыткаў гэтай дысцыпліны.

Прастора

Канцэнтрацыя дысцыплінарнасці на лакальнай, рэгіянальнай традыцыі мыслення абумоўлівае тэрытарыяльную абмежаванасць даследавання. Згаданая абмежаванасць звязана з Усходне-Еўрапейскім памежжам і ўлучае тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі і Малдовы. Канцэптуальна, рэгіянальная традыцыя мыслення знаходзіцца на перакрыжаванні двух вектараў духоўнай дамінацыі: Поўнач-Поўдзень, Захад-Усход.

Характарыстыкі

Асаблівасці прасторы рэгіянальнай традыцыі мыслення абумоўліваюць шэраг характарыстык, якія з’яўляюцца адметнасцямі філасофскай думкі на Беларусі.

Сярэднявечча

Прыход філасофіі на беларускія землі неадрыўна звязаны з пісьменнасцю. Культурны і інтэлектуальны ўплыў Візантыі, які адбываўся як праз Хрысціянізацыю, так і праз увядзенне пісьма прынёс не толькі інтэлектуальную спадчыну айцоў царквы, але і набыткі старажытнагрэчаскай філасофіі. Інтэлектульная дамінацыя, якая ўзнікла на аснове сінтэзу платанізму, арыстатылізму і філасофіі айцоў царквы, набыла сваю адметнасць у рэгіёне дзякуючы постацям Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага.

Кірыл Тураўскі
Тытульны ліст кнігі Т. Білевіча «Рацыянальная філасофія…», 1675 г.

Дадзены перыяд характарызуецца дамінацыяй хрысціянскай праблематыкі, дзе не апошняе месца займала крытыка язычніцтва і грэчаскай філасофіі. Дзякуючы гэтаму, мясцовыя інтэлектуалы спрачыняюцца да традыцыі старажытна-грэчаскай філасофіі, чытаючы як вытрымкі, так і каментары да Платона і Арыстоцеля.

Эпоха адраджэння

Эпоха заняпаду Сярэднявечча (Рэнесанс, Адраджэнне), якая найбольш звязана з поўднем Еўропы і лакалізуецца ў Італіі ажыццяўляла ўплыў на рэгіянальную традыцыю мыслення. Дамінантай гэтага перыяду з’яўляецца разняволенне свецкасці, а таксама спалучэнне філасофскіх і сацыяльна-палітычных ідэй, што было не характэрна для росквіту Сярэднявечча.

Найбольш яскравай праявай Адраджэння ў лакальнай традыцыі з’яўляецца постаць Францыска Скарыны, які пераклаў і выдаў Біблію, а таксама змясціў прадмову і ўласныя каментары. Безумоўным набыткам адраджэння з’яўляюцца Статуты ВКЛ. А таксама лацінскамоўная творчасць Міколы Гусоўскага.

Эпоха рэфармацыі

Філасофія позняга Рэнесансу (Паўночны Рэнесанс, Рэфармацыя) выявілася ў дзвюх надзвычайна істотных для рэгіянальнай традыцыі мыслення пазіцыях. Першая пазіцыя заключалася ў перакладзе рэлігійнай літаратуры на лакальную мову, а таксама наданне асаблівай увагі канцэпту «свабоды» (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Волан). Другая пазіцыя заключалася ў росквіце палемічнай літаратуры, дзе мысленне ў форме дыспуту спрабавала выявіць кропкі супадзенне і раз’яднання шматлікіх канфесій рэгіёну. (Мялецій Сматрыцкі, Стэфан Зізаній, Афанасій Філіповіч, Пётр Скарга, Іпацій Пацей, Я. Руцкі)

Контррэфармацыя і другая схаластыка

Рэфармацыя, якая стала асноўнай небяспекай Каталіцтву ў Еўропе выклікала да жыцця ордэн Езуітаў, які змагаўся з ерытычнымі праявамі сіламі лацінскай адукацыі і мыслення. Набраўшы вагі ў Еўропе ордэн Езуітаў дасягнуў і перыферыйных арыялаў, адным з якіх быў мясцовы кантэкст. Стварыўшы найбольш разгалінаваную сістэму адукацыі, Езуіты сталіся асноўнай адукацыйнай сілай рэгіёну. Менавіта з гэтым звязана актуалізацыя лацінскай мовы ў філасофскім і навуковым жыцці, а таксама вяртанне сярэднявечнай рэлігійнай праблематыцы, што выявілася ў феномене Другой схаластыкі (Мацей Сарбеўскі, А. Каяловіч, Т. Білевіч і інш.).

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта і касцёл Св. Янаў (1840-1850-я)

Эклектыка

Змена інтэлектуальнай парадыгмы ў Еўропе (калі інтэлектульнае першынство ад універсітэцкіх прафесараў перайшло да інтэлектуальных герояў, якія раней стаялі на маргенесе філасофскага жыцця (Дэкарт, Спіноза, Лейбніц)) спарадзіла ў мясцовым кантэксце спробу сінтэзу ўніверсітэцкай схаластыкі з набыткамі новай філасофскай плыні (А. Скаульскі, С. Шаурскі і інш.).

Папулярным робіцца канцэпт эксперыменту, што знаходзіць сваё яскравае выяўленне ў пастаноўцы навуковых эксперыменаў (Фізіка) у маёнтках шляхты.

Асветніцтва

Асветніцтва як і іншыя філасофскія эпохі, у мясцовым кантэксце, таксама набывала перыферыйны кшталт. З’явілася як рэакцыя на інтэлектуальны выклік новага філасофскага напрамку, галоўнай постацю якога выявіўся Імануіл Кант. Цэнтрам асветніцтва стаў Віленскі ўніверсітэт, у сценах якога схаластычныя набыткі ўніверсітэцкай навукі спалучалі з вывучэннем пазітыўнай навукі. У дачыненні да новай філасофскай плыні прафесура была падзелена на крытыкаў (Б. Дабшэвіч, А. Снядэцкі, Я. Снядзецкі, А. Доўгірд) і паслядоўнікаў (І. Быхавец, Ю. Галухоўскі).

Рамантызм

Падзелы Рэчы Паспалітай, а таксама закрыццё Віленскага ўніверсітэта прывяло да расцякання рэгіянальнай традыцыі мыслення па інтэлектульных цэнтрах Расійскай Імперыі (Варшава, Пецярбург, Масква). Тое ж стала прычынай змены шляху пранікнення філасофскіх актуальных плыняў у перыферыйную прастору мясцовага рэгіёну. Гэтым разам пранікненне адбывалася не праз Захад, але праз Расію. Выразнікамі рамантызму робяцца Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч. Як і паўсюль, мясцовы рамантызм з далікатнасцю ставіцца да фальклору, эксплуатуе тэму народных павер’яў, а таксама звяртаецца да нацыянальнай праблематыцы (вяртанне літвінізму).

Сацыяльна-дэмакратычны перыяд

Актуалізацыя сацыяльна-дэмакратычнай праблематыцы ў Еўропе прыводзіць да з’яўлення гэтай плыні і ў мясцовым арыяле. Пасярэдніцтва зноў адбываецца праз Пецярбург І Маскву. Папулярнасць набывае праблематыка вызвалення і сацыяльнай роўнасці. У той жа час, адметным з’яўляецца ўвага да нацыянальнай лучнасці з вызваленнем, што стварае ўмовы для развіцця не чыстай сацыяльнай праблематыкі, а антыкаланіяльнага мыслення (Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Ігнат Абдзіраловіч). Той жа посткаланіяльны вектар абумовіў канчатковае сіпарыраванае драбленне рэгіянальнай інтэлектуальнай традыцыі на шэраг нацыянальных, а менавіта Польскай, Беларускай, Літоўскай і Украінскай.

Варта дадаць агаворку, што шэраг вучоных, мылсяроў і філосафаў увогуле лічылі сябе часткай агульнарускай традыцыі, хоць даследавалі рэгіянальную праблематыку (Адам Міцкевіч, Міхаіл Восіпавіч Каяловіч і інш.)

Францішак Багушэвіч

Беларуская савецкая філасофія

Беларуская савецкая філасофія стала вынікам інстытуалізацыі філасофскай думкі і філасофскіх даследаванняў, што выявілася ў адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1921 г.) і Інстытута філасофіі Акадэміі навук БССР (1931 г.). Такая інстытуалізаваная падзеленасць афармляецца ў падвоены вектар даследавання і дзейнасці гэтых устаноў. Калі для БДУ асноўным напрамкам развіцця з’яўляецца агульнаадукацыйны кантэкст філасофіі (філасофіі як дысцыплінарнасці, для патрэбаў выкладання), то Інстытут філасофіі больш канцэнтруецца на нацыянальных акалічнасцях філасофіі, іншымі словамі даследуе гісторыю рэгіянальнага кантэксту мыслення (Дарашэвіч, Конан, Майхровіч, Падокшын і інш.)

У сваю чаргу, навуковы напрамак БДУ таксама дзеліцца на два вектары даследавання, што не ў апошнюю чаргу звязана было з адрознасцю навуковай праблематыкіа дзвюх кафедраў (кафедра Філасофіі і логікі, цяпер кафедра філасофіі культуры, і кафедра філасофіі, кафедра філасофіі і метадалогіі навукі). Найбольшы росквіт, а таксама вызначэнне напрамку інтэлектуальных вышукаў не ў апошнюю чаргу звязана з загадчыкамі гэтых кафедр (А. А. Міхайлавым і В. С. Сцёпіным). Такім чынам, кафедра Александра Міхайлава сфакусавалася на гісторыя-філасофскім кантэксце (адукацыя), а Вячаслава Сцёпіна на метадалогіі навукі.

Сучасная філасофія на Беларусі

Сучасная беларуская філасофія неад’емна звязана з беларускай савецкай філасофіяй. Тыя інтэлектуальныя падзелы і факусіроўка праблематыкі наўпрост звязаны з інстытуацыйнымі падзеламі беларускай савецкай філасофіі.

Пасля знікнення СССР большасць даследчыкаў знаходзілася ў разгубленасці. З аднаго боку, частка мусіла далей паразытаваць на савецкім варыянце марксісцкай філасофіі. Далей, гэты кірунак выліўся ў дзяржаўную беларускую ідэалогію. Астатнія вымушаны былі шукаць новыя шляхі развіцця філасофскай думкі.

Інстытут філасофіі сканцэнтраваўся на беларускім кантэксце, а менавіта на больш грунтоўным даследаванні беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Гэтая плынь спарадзіла такія інтэлектуальныя плыні як філасофію памежжа (Ігар Бабкоў), і этнакасмалогію (Сяргей Санько)

У межах адукацыйнай парадыгмы кафедральны падзел замацаваўся ў больш трывалы, універсітэцкі. Створаны Аляксандрам Міхайлавым Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт сканцэнтраваўся на даследаваннях у рэчышчы сучаснай еўрапейскай філасофіі (Уладзімір Фурс, Таццяна Шчытцова, Вольга Шпарага і інш.) (заходні вектар штудый), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт наадварот прэарытэт аддаў філасофіі навукі і ўсходнему вектару штудый.

Апроч інстытуалізаванага абшару філасофіі на Беларусі, нацыянальнае адраджэнне выштурхнула на паверхню адметную форму мыслення — Беларускую філасофію, асаблівасцю якой з’яўляецца даследаванне мясцовага кантэксту, пільная ўвага да гісторыі філасофіі рэгіёна, а таксама беларуская мова як асноўны інструмент мыслення. (Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Пётр Рудкоўскі і інш.)

Літаратура

Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Эпоха Сярэднявечча / В. Б. Евароўскі [і інш.]; рэд. кал.: В. Б. Евароўскі [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т філасофіі. — Мінск: Беларус. навука, 2008. — ххх с. ISBN 978-985-08-0967-4.

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Філасофія Беларусі