wd wp Пошук:

Афанасій Філіповіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Філіповіч. Афанасій Філіповіч, Афанасій Брэсцкі, Апанас Брэсцкі (каля 1595 — 1648) — пісьменнік-публіцыст, палітычны і царкоўны дзеяч. Праціўнік Берасцейскай царкоўнай уніі, аўтар «Дыярыуша Філіповіча».

Біяграфія

Нарадзіўся імаверна ў Брэсце ў сям’і рамесніка. Атрымаў адукацыю ў брацкай школе, затым у Віленскім езуіцкім калегіуме. Некалькі год працаваў хатнім настаўнікам. У 1620 годзе канцлер Леў Сапега прызначыў Афанасія Філіповіча выхавацелем Афанісія Лубы, якога выдавалі за прэтэндэнта на маскоўскі сталец[2].

У 1627 годзе стаў манахам віленскага Святадухаўскага манастыра, з 1633 года — намеснік ігумена ў Дубойскім манастыры каля Пінска. У 1636 годзе, пасля перадачы Дубойскага манастыра езуітам, А. Філіповіч пераходзіць у Купяціцкі Увядзенскі манастыр, адкуль восенню 1637 года адпраўляецца ў Маскву.

У 1637—1638 гадах А. Філіповіч быў у маскоўскага цара, дзе сведчыў пра цяжкае становішчы праваслаўных у Рэчы Паспалітай, паведаміў цару пра планы ўраду Рэчы Паспалітай па падрыхтоўцы самазванца. Першым вядомым публіцыстычным творам Філіповіча было пісьмо да цара Міхаіла Фёдаравіча «Гісторыя падарожжа ў Маскву». У 1640 годзе, пасля прыезду з Масквы, А. Філіповіч абраны ігуменам Берасцейскага Сімяонаўскага манастыра. Узначаліў барацьбу мясцовага праваслаўнага брацтва супраць уніятаў.

У 1643 годзе пасля выступлення на сойме быў арыштаваны і сасланы ў Кіеў, аднак апраўданы там царкоўным судом. У 1644 годзе арыштаваны як дзяржаўны злачынца пасля перадачы маскоўскаму паслу ліста ад Лубы (самазванца).

У турме Афанасій Філіповіч напісаў шэраг вострых публіцыстычных артыкулаў. Варшаўскую турму змяніла ссылка ў Кіеў. Спадзеючыся на амністыю мітрапаліта, звёў свае творы ў адзіны твор — «Дыярыўш». Выйшаў на волю пасля смерці мітрапаліта ў 1647 годзе.

У час Казацкай вайны (1648—1651) расстраляны па абвінавачванні ў дапамозе казакам Хмяльніцкага. Кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой.

«Дыярыуш, або апісанне праўдзівых падзей»

Асноўны артыкул: Дыярыуш Філіповіча

«Дыярыуш» прападобнага Апанаса

Дыярыуш (дзённік) — жанр старажытнабеларускай літаратуры, які ў храналагічнай паслядоўнасці перадаваліся падзеі грамадска-палітычнага ці прыватнага жыцця праз суб’ектыўнае ўспрыманне пэўнай асобы. Дзейнасць А. Філіповіча была скіравана на змаганне за правы і прывілеі праваслаўнай царквы, таму грамадскае і асабістае ў яго «Дыярыушы» цесна пераплецена. Твор шматпланавы па кампазіцыі. Аўтар аб’яднаў падарожныя нататкі («Гісторыя падарожжа ў Маскву»), тлумачальныя запіскі, успаміны, дзённікі, аўтабіяграфічны нарыс пражытага, пасланні, лісты, выкрывальніцкія прамовы, канспектыўныя накіды асобных артыкулаў, філасофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы і песні, складзеныя ў турме. Твор стракаты стылем — апавядальная манера мяняецца заклікавай публіцыстычнасцю, дакументальныя згадкі — містычнымі карцінамі і г. д. Аўтар выступае то прапаведнікам «разумнай мернасці» ў грамадстве, то ваяўнічым абаронцам «веры праўдзівай і царквы ўсходняй грэчаскай».

У «Дыярыушы» А. Філіповіча няма кніжнай рыторыкі, да чаго часта звяртаўся ў творах яго сучаснік М. Сматрыцкі. Аўтар абапіраўся на ўласныя назіранні, на факты рэчаіснасці. Апантаны да фанатызму, надзвычай уражлівы, А. Філіповіч часам «бачыў» тое, што выходзіць за рамкі рэальнага. Так, у адной з частак «Дыярыуша» ён апісвае «борзо страшнии видоки (відовішчы) на неби и земли», убачанае ім не ў сне, а на яве і ў дзень. На небе — гнеўныя хмары з войскам, пастаўленым у строй, на зямлі — сем агнёў пякельных, прыгатаваных на сем смяротных грахоў. «З тых огнюв … трох особ выразне видилем: нунциуша легата в короне папежской. Жигмонта кроля и Сапегу гетмана, за преследоване церкви восточной барзо смутно седячих». Поруч гэтага ў «Дыярыушы» шмат дакладных апісанняў і згадак: «Мещане зась убогие з Люблина, Сокаля, Орши, Пинска, Белска, Кобриня, Берестя и з инших мест и местечек плачливе ляментуют, же юж не мают и людей, з ким бы церквей своих доходити могли!.. Ах, беда ж! Креста не принявши детки, а дарослые без шлюбов живут, а умерлых в полях, в огородах и в пивницах потаемне в ночи погребают!.. Над турецкую неволю, тут в панстве христианском православные люде болшую неволю терпят и мают! Бо оршане бедные за тое, што в братстве своем новую церков збудовали, двесте червоных золотых подканцлерому за печать давали…»

Твор складзены як зборнік публіцыстыкі і выйшаў у 1646 годзе.

Каўчэг для мошчаў Апанаса Брэсцкага. Срэбра, пазалота, 1857 год (са збору ДГМ)

Памяць

Кананізаваны царквой паміж 1658-1666 гадамі, мошчы знаходзяцца ў Брэсце.

Пабудаваны капліца ў вёсцы Гершоны Брэсцкага раёна, царква ў Гродзенскім Свята-Барыса-Глебскім манастыры (не захавалася).

На месцы гібелі Афанасія Філіповіча ў вёсцы Аркадыя ў 1996 годзе заснаваны Свята-Афанасьеўскі мужчынскі манастыр.

У кастрычніку 2005 года на праспекце Машэрава ў Брэсце каля сабора Сімеона Стоўпніка пастаўлены помнік «нябеснаму заступніку» Брэста Афанасію Брэсцкаму (Філіповічу). Скульптар — Алеся Гуршчанкава.

У 2010 годзе Сінод Беларускай праваслаўнай царквы заснаваў ордэн прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага.

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 15 студзеня 2022.
  2. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. ISBN 978-985-6954-73-6. С.563.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў Брэсце
Расстраляныя
Памерлі 5 верасня
Прападобнамучанікі
Праваслаўныя святыя
Афанасій Філіповіч
Нарадзіліся ў 1597 годзе
Памерлі ў Брэсце
Праваслаўныя святыя Беларусі
Хрысціянскія святыя XVII стагоддзя
Прападобныя Рускай Царквы
Пахаваныя ў Брэсце
Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Святыя паводле алфавіта
Пісьменнікі Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Публіцысты Беларусі
Праваслаўныя манахі Беларусі
Асобы
Памерлі ў 1648 годзе