wd wp Пошук:

Арыстоцель

Арысто́цель (стар.-грэч.: Aristotelēs/Ἀριστοτέλης; 384 да н.э., Стагіра, Грэцыя — 322 да н.э., Халкіда на Эўбеі, Грэцыя) — старажытнагрэчаскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, заснавальнік шэрагу навуковых дысцыплін, заснавальнік асобнай філасофскай плыні і фармальнай логікі. Паводле энцыклапедыі «Брытаніка» «Арыстоцель быў першым сапраўдным навукоўцам у гісторыі… [і] кожны вучоны ў абавязку перад ім».

Біяграфія

Нарадзіўся ў македонскім горадзе Стагіра на паўвостраве Халкідзікі на паўночнай перыферыі Класічнай Грэцыі ў грэчаскай калоніі ў Фракіі. Паходзіў з высакароднай сям’і. Яго бацька, Нікамах, быў лекарам македонскага караля Аміны ІІІ, маці — Фестыда. Бацька памёр калі Арыстоцель быў дзіцём, пасля чаго яго апекуном стаў Праксен. У васямнаццаць гадоў ён уступіў у акадэмію Платона ў Афінах і заставаўся там да трыццаці сямі (347 да н.э.).

Каля 20 гадоў правёў у Афінскай акадэміі, філасофскай школе Платона, спачатку вучнем, а пасля паўнапраўным членам. Тэмы яго работ ахопліваюць мноства прадметаў — у тым ліку фізіку, біялогію, заалогію, метафізіку, логіку, этыку, эстэтыку, паэзію, тэатр, музыку, рыторыку, лінгвістыку, палітыку, такім чынам стварыўшы першую комплексную сістэму Заходняй філасофіі.

Неўзабаве пасля смерці Платона [347 да н.э.), Арыстоцель пакінуў Афіны і па просьбе Філіпа Македонскага ў 343 да н.э. на тры гады стаў настаўнікам яго сына Аляксандра. Выхаванне працягвалася каля трох гадоў, пасля яго заканчэння Арыстоцель быў шчыра ўзнагароджаны царом.

У 335 да н.э. адкрыў у Афінах філасофскую школу — Лікей (адсюль назва навучальнай установы ліцэй). Заняткі Арыстоцель праводзіў, гуляючы па алеях саду, таму яго вучняў сталі называць «перыпатэтыкамі» (тыя, што прагульваюцца). Падчас выкладання ў Лікеі займаўся логікай, эпістэмалогіяй, фізікай біялогіяй, паліталогіяй, этыкай, эстэтыкай.

Пасля смерці Аляксандра Македонскага ў 323 г. да н.э. Арыстоцель быў вымушаны пакінуць Афіны, бо праз свае былыя стасункі з Македоніяй не карыстаўся сімпатыяй у афінян. Больш за тое, ён ратаваўся ад пераследу па абвінавачванні ў злачынстве супраць рэлігіі. Праз год, у 322 да н. э., ён памёр у г. Халкідзе на востраве Эўбеі.

Светапогляд

Арыстоцель, які пад уплывам свайго настаўніка прытрымліваўся поглядаў Платанізму, пасля смерці Платона пагрузіўся ў эмпірыстычныя даследаванні і паступова перайшоў ад Платанізму да эмпірызму. Ён верыў, што канцэпцыі і веды ўсіх людзей заснаваны на асабістым пачуццёвым досведзе.

Арыстоцель лічыў, што ўсе рэчы, якія рэальна існуюць, створаны з формы і матэрыі. Паводле яго, матэрыя — субстанцыя без формы, якая ёсць матэрыялам для ўсіх рэчаў. Форма ж робіць матэрыю нейкім канкрэтным прадметам, іншымі словамі — гэта сутнасць кожнай рэчы. Форма не можа існаваць без матэрыі і наадварот. Пачаткам усяго існага ёсць Бог. Арыстоцель сістэматызаваў і развіў практычна ўсе галіны тагачасных ведаў — логіку, філасофію, фізіку, прыродазнаўства, гісторыю, палітыку, этыку, літаратуру, эстэтыку.

Ім напісаны сотні кніг («Катэгорыі», «Аналітыкі», «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Палітыка», «Паэтыка»), з якіх захавалася 47 твораў. Арыстоцель лічыў, што людзі пачалі філасофстваваць, каб пазбавіцца ад няведання, і неабходна стварыць асаблівую навуку, якая б даследавала «пачаткі і прычыны». Пазней гэта навука была названа «метафізікай». Арыстоцель крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі як першакрыніцу рэальнага свету. У аснове быцця бачыў чатыры пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэты. Паводле яго вучэння форма (актыўны пачатак) пераўтварае матэрыю (пасіўны пачатак) як магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і найвышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Гэта абумовіла аб’ектыўна-ідэалістычны характар яго філасофіі. У касмалогіі Арыстоцель стаяў на пазіцыях геацэнтрызму (Зямля — цэнтр). Прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл.

Працэс пазнання ён разумеў як рух ад адчуванняў да агульных паняццяў, паколькі «ўсялякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». Разглядаючы ўзаемаадносіны індывіда і грамадства, прыйшоў да высновы, што чалавек — «істота палітычная, …, грамадская». Таму важную ролю адводзіў дзяржаве. Найлепшай формай дзяржаўнага ладу лічыў такую ўладу, пры якой выключаліся б злоўжыванне ўладай, падаўленне свабодаў грамадзян, прычыненне шкоды дабрабыту і годнасці людзей. Але пры гэтым ён апраўдваў рабаўладальніцкі характар антычнага грамадства і лічыў, што рабства існуе «ад прыроды».

У эстэтычных трактатах развіваў тэорыю мастацтва, якое набліжаецца да рэальнасці. Вылучаў мастацтвы рухомыя (паэзія, музыка, танец) і нерухомыя (архітэктура, жывапіс, скульптура), распрацаваў канцэпцыю катарсісу. Яго вучэнне моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі і амаль 2 тыс. гадоў існавала як плынь арыстоцелізму ў філасофіі і прыродазнаўстве. Арыстоцель стаў заснавальнікам фармальнай логікі, стваральнікам сілагістыкі, якія паслужылі філасофскай асновай схаластыкі.

Шматлікія працы Арыстоцеля ахопліваюць амаль усе вобласці тагачасных ведаў, якія ў ягоных працах атрымалі больш глыбокае філасофскае абгрунтаванне, былі прыведзены ў строгі, сістэматычны парадак, і яго эмпірычны базіс значна вырас. Некаторыя з гэтых твораў не былі выдадзеныя ім самім пры жыцці, а многія іншыя фальсіфікавана прыпісаныя яму пазней. Але нават некаторыя месцы тых твораў, якія бясспрэчна належаць яму, можна паставіць пад сумнеў, і ўжо старажытныя стараліся растлумачыць сабе гэтую няпоўнасць і ўрыўкавасць складанасцю лёсу рукапісаў Арыстоцеля. Паводле падання, якое захавалася ў Страбона і Плутарха, Арыстоцель завяшчаў свае сачыненні Тэафрасту, ад якога яны перайшлі да Нэлія са Скепсіса. Спадчыннікі Нэлія схавалі каштоўныя рукапісы ад прагных пергамскіх цароў ў склеп, дзе яны моцна пацярпелі ад вільгаці і цвілі. У I стагоддзі да н. э. яны былі прададзеныя за высокую цану багацею і аматару кніг Апелікону ў самым убогім стане, і ён пастараўся аднавіць пацярпелыя месцы рукапісаў сваімі ўласнымі прыпіскамі, але не заўсёды ўдала. Пасля, пры Суле, яны патрапілі ў ліку іншай здабычы ў Рым, дзе Тыраніян і Андронік Радоскі выдалі іх у іх цяперашнім выглядзе[13]..

Арыстоцель імкнуўся не толькі вызначыць прадмет кожнай паасобнай навукі, але і правесці між імі мяжу. Ён дасягнуў падобнай дэмаркацыі, увёўшы адрозненне паміж прыкладной матэматыкай, якая ўжываецца ў складаных навуках, і чыстай матэматыкай, якая мае дачыненне да абстрактных лікаў і лічбаў[14].

Спадчына

Творы Арыстоцеля былі вядомыя на Русі, ў XIVXV ст. распаўсюджваліся зборнікі, што ўключалі ўрыўкі яго твораў. У Вялікім Княстве Літоўскім цікавасць беларускай грамадскай думкі да ідэй Арыстоцеля ўзрасла ў эпоху Адраджэння. Глыбока ведаў яго творы Францыск Скарына, які пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі ВКЛ асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і эстэтычным дактрынам Арыстоцеля (Сымон Будны, Лаўрэнцій Зізаній, Андрэй Волан і інш.). У 1568 годзе Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». Элементы філасофіі Арыстоцеля вывучаліся ў брацкіх школах. У XVIIXVIII ст. у навучальных установах ВКЛ вучэнне Арыстоцеля трактавалася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі; у той жа час значна ўзрасла цікавасць да яго прыродазнаўчых канцэпцый. Эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. Але ў канцы XVIII ст. адбыўся адыход навуковай думкі ад схаластызаванага арыстоцелізму.

Творы Арыстоцеля перакладаў арабскі філосаф і лекар, прадстаўнік арабскага арыстоцелізму Авероэс.

Зноскі

  1. 1 2 Aristotle Праверана 25 жніўня 2018.
  2. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118650130, Record #119609738 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  3. 1 2 Лосев А. Ф. Аристотель // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 1.
  4. Arithmetizations of Syllogistic à la Leibniz — 2012.
  5. OUTLINES OF GREEK AND ROMAN MEDICINE
  6. 1 2 3 4 5 Aristotle Праверана 25 жніўня 2018.
  7. Любкер Ф. Theophrastus // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 1375.
  8. Г. Надсон, Э. Р. Теофраст // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1901. — Т. XXXIIа. — С. 915–917.
  9. Аристоксен // Анрио — Атоксил — 1926. — Т. 3. — С. 326.
  10. Любкер Ф. Eudemus // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 500.
  11. Э. Р. Эвдем Родосский // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1904. — Т. XL. — С. 127.
  12. Clytus Milesius 4./3. Jh. v. Chr — 1987. Праверана 13 студзеня 2020.
  13. Алымова Е. В. Предисловие переводчика // Аристотель. Протрептик. О чувственном восприятии. О памяти. / Пер. Е. В. Алымовой. СПб.: Издательство СПбГУ, 2004. 184 стр.
  14. Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995. С.23

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Філосафы Старажытнай Грэцыі
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Асобы
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Далінееўскія батанікі
Арыстоцель
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Біёлагі Старажытнай Грэцыі
Памерлі ў 322 годзе да н.э.
Старажытнагрэчаскія філосафы
Вучоныя паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Педагогі
Нарадзіліся ў 384 годзе да н.э.
Палітолагі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных