wd wp Пошук:

Астравы Піткэрн

Карта астравоў Піткэрн

Астравы Пі́ткэрн (на мясцовым дыялекце Pitkern Ailens, англ. Pitcairn Islands) — заморская тэрыторыя Вялікабрытаніі ў Ціхім акіяне. Агульная плошча сушы — 47 км². Насельніцтва — 67 чал. (2011 г.). Сталіца і адзінае паселішча — Адамстаўн на востраве Піткэрн.

Геаграфія

Астравы ўяўляюць сабою чатыры малыя кавалкі сушы на поўдні Ціхага акіяна:

Востраў Піткэрн — адзіны населены з іх і адзіны востраў вулканічнага паходжання. Ён месціцца ў 2170 км ад Таіці, 5310 км ад Новай Зеландыі і 6600 км ад Панамы. Астатнія астравы — каралавыя.

Клімат спякотны, трапічны, даволі вільготны. Дажджлівы сезон працягваецца з лістапада па сакавік. У гэты час астравы часцяком церпяць ад тайфунаў. Сярэдняя тэмпература ўлетку — 25-35 °C, у дажджлівы сезон — 17-25 °C.

Прырода

Значную частку астравоў пакрываюць лясы. На востраве Піткэрн захавалася ўсяго 4 віды эндэмічнай флоры, у тым ліку дрэвападобная папараць Angiopteris chauliodonta і дрэва тапаў, якое шануецца астравіцянамі з-за высакаякаснай драўніны.

Фаўна прадстаўлена марскімі чарапахамі, пацукамі, крабамі і шматлікімі рэдкімі птушкамі. На Хендэрсане захавалася эндэмічная нялётаючая птушка.

Гісторыя

Палінезійская каланізацыя

Першымі насельнікамі астравоў Піткэрн і Хендэрсан былі палінезійцы, якія трапілі сюды ў прамежку часу паміж XI ст. і XV ст. Яны падтрымлівалі цесныя стасункі з востравам Мангарэва, адкуль завозілі высокаякасныя прылады працы з каменю і вулканічнага шкла. Аднак да прыходу еўрапейцаў палінезійцы пакінулі астравы. Магчыма, гэта тлумачыцца заняпадам культуры на Мангарэва і немагчымасцю ўтрымоўваць буйную супольнасць на ізаляваных землях без кантактаў са знешнім светам. Рэшткі палінезійскай каланізацыі сустракаліся на Піткэрне яшчэ ў кан. XVIII ст.

Еўрапейскія першаадкрывальнікі

Астравы Піткэрн былі адкрытыя ў студзені 1606 г. іспанскім мараплаўцам П. Ф. дэ Кірасам. Але ў іншых краінах Еўропы інфармацыя пра іх не была асабліва распаўсюджана.

3 ліпеня 1767 г. каманда брытанскага судна «Ластаўка» на чале капітана Філіпа Картэрэта зноў убачыла Піткэрн. Капітан даў назву востраву па прозвішчу першага матроса, які заўважыў яго на гарызонце. Аднак каардынаты былі нанесены не зусім верна, што пазней стварыла праблему для мяцежнай каманды «Баўнці».

Дзюсі быў паўторна адкрыты брытанцам Эдвардам Эдвардсам, які на судне «Пандора» безвынікова шукаў паўстанцаў з «Баўнці».

У студзені 1819 г. былі паўторна адкрытыя Хендэрсан і Оўэна.

Каланізацыя паўстанцамі з «Баўнці»

28 красавіка 1789 г. у Ціхім акіяне на судне «Баўнці», пасланым брытанскімі ўладамі на востраў Таіці за парасткамі хлебнага дрэва, успыхнуў мяцеж маракоў. Яны высадзілі капітана Вільяма Блая і лаяльных чальцоў каманды на шлюп і паспрабавалі асесці на Тубуаі, а потым на Таіці. Аднак правадыр мяцежнікаў Флетчэр Крысчэн асцерагаўся, што тут іх знойдуць. Таму разам з 8 іншымі паўстанцамі і падманам заманенымі на карабель 6 мужчынамі і 11 жанчынамі-таіцянамі (адна з іх мела немаўля) ён адправіўся на «Баўнці» на пошукі бяспечнага месца. Пасля доўгіх пошукаў 23 студзеня 1790 г. судна спынілася ў заліве, які пасля атрымаў яго імя, каля вострава Піткэрн. Каб не правакаваць членаў каманды пакінуць востраў, мяцежнікі спалілі «Баўнці».

Жанчыны былі падзелены паміж мужчынамі ў якасці жонак. Мяцежнікі прывезлі з сабою насенне і свойскую жывёлу, што дазволіла ім займацца сельскай гаспадаркай. Флетчэр Крысчэн імкнуўся справядліва кіраваць новай калоніяй і прымаў мужчын-таіцян як роўных. Аднак адносіны паміж таіцянамі і брытанцамі паступова пагоршыліся. Пасля таго, як жонка аднаго з брытанцаў, Джэка Вільямса, у 1793 г. памерла, ён адабраў сабе жонку мужчыны-таіцяніна. У адказ, таіцяне паднялі паўстанне, у выніку якога Флетчэр Крысчэн, Джэк Вільямс, яшчэ 2 брытанцаў і ўсе мужчыны-таіцяне былі забіты.

Пасля смерці Флетчэра Крысчэна меліся сутычкі паміж каланістамі-брытанцамі. Некалькі разоў паўставалі жанчыны-таіцянкі, аднак пасля кожны раз прабачаліся. Пасля смерці Нэда Янга ад астмы ў 1800 г. у жывых застаўся толькі адзін мужчына-брытанец Джон Адамс. Ён прыняў на сябе адказнасць за ўсіх жанчын і дзяцей, арганізаваў навучанне дзяцей чытанню і прапаведаваў сярод каланістаў хрысціянства. Негледзячы на ізаляванасць і наяўнасць толькі аднаго дарослага мужчыны, абшчына здолела існаваць далей.

У лютым 1808 г. да Піткэрна падыйшоў амерыканскі гандлёвы карабель «Тапаз» на чале капітана Мэйх’ю Фолджэра, які спыніўся на востраве і быў вельмі здзіўлены, калі сустрэў мясцовых каланістаў, у тым ліку Джона Адамса. Пасля вяртання на радзіму Мэйх’ю Фолджэр паведаміў аб калоніі на Піткэрне шырокай аўдыторыі, але шмат хто ўспрымаў яго апавяданне як байку. Брытанскія ўлады адтрымалі канчатковае падцверджанне толькі ў 1823 г.

У 1825 г. Джон Адамс атрымаў амністыю. 5 сакавіка 1829 г. ён памёр.

30 лістапада 1838 г. астравы Піткэрн былі афіцыйна ўключаны ў склад Вялікабрытаніі.

Піткэрн у XIX—XX стст.

Пасля смерці Джона Адамса на Піткэрне разгарнулася барацьба за душы астравіцян. У 1828 г. сярод іх пасяліўся пастар Джон Нобс, які ажаніўся з дачкой Флетчэра Крысчэна і ўзначаліў абшчыну. У 1831 г. піткэрнцаў, колькасць якіх расла, перасялілі на Таіці. Але там пачалася эпідэмія, пад час якой частка піткэрнцаў памерла, а 65 вярнулася на востраў. У 18321838 гг. улада апынулася ў руках прэсвітарыянскага прапаведніка Джошуа Хіла, які ўвёў жорсткі рэжым і забараніў алкагольныя напоі. Пасля яго выгнання ўведзеныя ім законы былі адмененыя.

Супольнасць зноў узначаліў Нобс, які абагульніў зямлю. У пач. 1850-ых гг. ён упэўніў астравіцян звярнуцца да брытанскіх уладаў з просьбай аб перасяленні. 3 мая 1856 г. 193 астравіцяніны пакінулі Піткэрн і былі дастаўлены на востраў Норфалк. Пасля 18 месяцаў жыцця на новым месцы 17 чалавек вярнулася дадому. Праз 5 гадоў яшчэ 27 чалавек рушылі ўслед. Астатнія засталіся на Норфалке, дзе іх нашчадкі да сёй пары складаюць аснову мясцовага насельніцтва. Сучасныя піткэрнцы ўзгадваюць рэформы Нобса з асуджэннем. Пасля вяртання на востраў зямля зноў была падзелена паміж сем’ямі.

З 1876 г. Піткэрн наведваўся амерыканскімі пратэстанцкімі прапаведнікамі. У 1890 г. Джон Тэй з Каліфорніі пераканаў астраўлянінаў стаць адвентыстамі сёмага дня. Некалькі піткэрнцаў былі накіраваны для навучэння ў адвентысцкі коледж у Сан-Францыска.

Пасля адкрыцця Панамскага канала Піткэрн стала наведваўся іншаземнымі суднамі. З 1930-ых гг. частка моладзі пачала пакідаць востраў у пошуках працы. Калі ў 1936 г. насельніцтва дасягнула свайго максімума і складала 250 чал., то ў 1940 г. — толькі 163 чал. У 1993 г. быў зафіксафаны мінімум — 40 чал.

Скандал 2004 г.

Некаторыя наведвальнікі Піткэрна сцвярджалі, што з часоў Джона Адамса існавала правіла, згодна якому ўсе астравіцяне павінны браць шлюб, але пазашлюбныя адносіны таксама не павінны асуджацца. Так, да 1930 г. прыкладна чвэрць усіх дзяцей на востраве была вынікам пазашлюбных адносін. У друг. пал. XX ст. даследчыкі рэдка звярталі ўвагу на гэтую акалічнасць. Аднак у 2004 г. маленькая супольнасць была ўцягнута ў вялікі скандал.

Яшчэ ў 1999 г. супрацоўнік Брытанскай паліцыі распачаў справу аб згвалтаванні 15-летняй дзяўчыны з Піткэрна. Да 2004 г. было апрошана мноства сведкаў, якія знаходзіліся па-за межемі вострава, але мелі досвед аб жыцці на ім. Адзін з аўстралійскіх прапаведнікаў-адвентыстаў сведчыў, што сексуальныя дамаганні да падлеткаў на Піткэрне — звычайная з’ява. Ён звяртаўся з прапановай пачаць барацьбу з распустай да Савета Піткэрна, але прапанова была адхілена, паколькі згодна мясцовай традыцыі дзяўчыны лічыліся дарослымі з 12 гадоў.

У выніку, 30 верасня 2004 г. 7 мужчын, у тым ліку мэр Сціў Крысчэн, былі абвінавачаны ў сексуальных злачынствах. Негледзячы на спробы адвакатаў сцвердзіць тое, што брытанскія законы не дзейнічаюць на Піткэрне, 24 кастрычніка 6 абвінавачаных былі асуджаныя. У 2005 г. было асуджана яшчэ 6 піткэрнцаў, якія жылі ў Новай Зеландыі.

Рэакцыя большасці насельнікаў Піткэрна на працэс была адмоўнай.

Эканоміка

Паштоўка

Галоўны занятак насельнікаў вострава Піткэрн — сельская гаспадарка. Дзякуючы ўрадлівым глебам яны цалкам забяспечваюць сябе асноўнымі прадуктамі. Вырошчваюць садавіну, гародніну, кукурузу, гарбузы, кававае дрэва, бананы і інш. Воды вакол астравоў багатыя рыбай, аднак яе лоў не мае прамысловага характару. Частку ўраджая садавіны і свежую рыбу прадаюць на судны, якія падыходзяць да вострава. У апошнія гады некаторы прыбытак дае вываз сухафруктаў.

Піткэрнцы таксама трымаюць курэй і коз у асноўным для атрымання яек і малака, паколькі мяса ў ежу не ўжываюць.

З кан. XX ст. важную эканамічную ролю адыгрывае пчалярства. У 1998 г. пры падтрымцы ўрада Вялікабрытаніі было праведзена даследаванне, якое выявіла, што мясцовыя пчолы ў выніку ізаляцыі не падвержаныя хваробам, а іх мёд мае высокую якасць. У выніку была распрацавана праграма развіцця пчалярства. Прадукты гэтага промыслу, у першую чаргу мёд, прадаюцца ў іншыя краіны, галоўным чынам у Новую Зеландыю і Вялікабрытанію.

Турызм пакуль мае абмежаванае значэнне. У асноўным Піткэрн наведваюць пасажыры круізных суднаў. Аднак дзякуючы яму піткэрнцы працягваюць займацца саматужным рамяством. Турысты купляюць мясцовыя вырабы з дрэва і вопратку з тапы.

Піткэрн таксама выпускае свае паштоўкі і сувенірныя манеты, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод калекцыянераў.

У Адамстаўне працуе адзіная дызельная электрастанцыя.

Фармальна, афіцыйная валюта — долар Піткэрна. Але рэчаісныя разлікі праводзяцца ў доларах Новай Зеландыі.

Кіраванне

Піткэрн лічыцца самай малой дэмакратычнай краінай у свеце. З 1838 г. жанчыны афіцыйна маюць роўныя выбарчыя правы з мужчынамі. Замест Канстытуцыі дзейнічае ўказ аб мясцовым кіраванні ад 1964 г. Кіраўнік дзяржавы — каралева Вялікабрытаніі. На астравах яе прадстаўляе губернатар. Гэтую пасаду сумяшчае брытанскі вярхоўны камісар у Новай Зеландыі. Мясцовыя кіруючыя функцыі знаходзяцца ў мэра Піткэрна, які выбіраецца на трохгадовы тэрмін астравіцянамі і зацвярджаецца губернатарам.

Заканадаўчыя функцыі выконвае Савет Піткэрна. У яго склад уваходзяць 10 чалавек: мэр, старшыня Савету, 2 асобы, прызначаныя губернатарам, 1 асоба, прызначаная старшынёй, 4 чальца, выбраных дарослымі астравіцянамі (на 1 год), 1 месца зарэзервавана за камісарам, прызначаным губернатарам для вядзення стасункаў паміж ім і Саветам, але які стала не жыве на востраве.

Насельніцтва

Астравы Піткэрн — самая маланаселеная краіна свету. У 2011 г. насельніцтва склала ўсяго 67 чал. Усе яны з’яўляюцца прамымі нашчадкамі маракоў з «Баўнці» і жанчын-таіцянак, жывуць у адзіным паселішчы Адамстаўн на востраве Піткэрн.

Нараджальнасць нізкая, характэрная больш для еўрапейскіх краін, чым для Акіяніі. У 19862003 гг. на Піткэрне не нарадзілася ні воднага дзіцяці. Малая колькасць насельніцтва таксама абумоўлена эміграцыяй піткэрнцаў у іншыя краіны, асабліва ў Новую Зеландыю.

Дынаміка колькасці насельніцтва на астравах Піткэрн:

ГодНасельніцтваГодНасельніцтваГодНасельніцтваГодНасельніцтваГодНасельніцтва
1790271880112197096199254200248
1800341890136197574199357200359
1810501900136198061199454200465
1820661910140198558199555200563
1830701920163198668199643200665
18401191930190198759199740200764
18501461936250198855199866200866
1856*1931940163198955199946200967
1859**1161950161199059200051201064
1870701960126199166200144201167

Культура

Культура піткэрнцаў спалучае еўрапейскія і палінезійскія рысы, аднак еўрапейскія пераважаюць, што звязана з паступовым працэсам мадэрнізацыі. Ізаляцыя спрыяе захаванню мясцовай тоеснасці. Усе піткэрнцы — адвентысты сёмага дня (гл. Пратэстанцтва), што таксама ўздзейнічае на асаблівасці мясцовай культуры і светаўспрымання. Яны не ужываюць тытунь, алкагольныя напоі, не танчаць і не ядуць мяса.

Такія традыцыйныя заняткі, як разьбярства па дрэве, ручны выраб тканін, будаванне малых лодак, захаваліся да нашага часу. Аднак адыйшлі ў нябыт традыцыйныя пабудовы ў палінезійскім стылі. Значна змяніліся формы гаспадарання.

На Піткэрне працуе 1 пачатковая школа. Для атрымання сярэдняй або вышэйшай адукацыі астравіцяне павінны ехаць у іншыя краіны.

Сувязь з вонкавым светам падтрымліваецца пераважна праз радыё і інтэрнэт.

Мова

Афіцыйная мова — англійская. Яна вывучаецца ў школе, таму большасць піткэрнцаў свабодна валодае ёй. Аднак у паўседзённым жыцці астравіцяне размаўляюць на мясцовым дыялекце, які ўвабраў у сябе вялікую колькасць палінезійскіх слоў, адрозніваецца ад стандартнай англійскай фанетычна і граматычна, а таму разглядаецца некаторымі вучонымі як самастойная мова.

Прыклады асаблівасцяў піткэрнскага дыялекту:

Спасылкі

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны

Mien_Paij норфалкскай

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Англамоўныя краіны і тэрыторыі
Катэгорыя·Астравы Піткэрн