wd wp Пошук:

Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чарвякоў.

Алякса́ндр Рыго́равіч Чарвяко́ў (сапраўднае прозвішча — Чарвя́к; 8 сакавіка 1892, Дукоркі, цяпер Пухавіцкі раён — 16 чэрвеня 1937, Менск) — беларускі савецкі палітычны дзеяч. Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. 1-ы Старшыня ЦВК БССР (1920—1937) і 1-ы Старшыня Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1920—1937). Старшыня СНК БССР (1920—1924), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920—1923).

Імя

Народжаны Аляксандр Чарвяк. У пачатку палітычнай дзейнасці падпісваўся як Алесь Чэрвяк (Чарвяк). Паводле гісторыка Наталлі Голубевай, Чарвяк змяніў прозвішча на Чарвякоў у 1918 годзе паводле рэкамендацыі тагачаснага старшыні народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў у бальшавіцкім урадзе Іосіфа Сталіна (Джугашвілі)[2].

Біяграфія

2-я сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15 (28) кастрычніка 1917, Мінск). Аляксандр Чарвякоў стаіць у другім радзе 5-ы справа.

Нарадзіўся 8 сакавіка (ст. ст. 25 лютага) 1892 года ў вёсцы Дукоркі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер у складзе вёскі Дукора Пухавіцкага раёна) у сялянскай сям’і[3]. Скончыў царкоўнапрыходскую школу, а пасля гарадское вучылішча. У сямнаццаць гадоў вытрымаў экзамен на званне народнага настаўніка, настаўнічаў у Троцкім павеце[3].

У 1915 годзе скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут[4], прызваны ў армію. Праз сваю адукацыю быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў, якую паспяхова скончыў, служыў у розных часцях. Атрымаў накіраванне ў Петраград, дзе павінен быў прайсці курс у кулямётнай школе, трапіў у горад 28 лютага 1917 года[3]. 3 мая 1917 года член РСДРП(б), прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе(руск.) бел., у гэты ж час пазнаёміўся з Іосіфам Сталіным[3]. Паводле рэкамендацыі Змітра Жылуновіча становіцца сябрам Нарвскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады[3]. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі бальшавіцкага кірунку, якая існавала з восені 1917 да красавіка 1918 года, калі на яе аснове была створана беларуская секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкаме РКП(б). Увосень 1917 года сябра Беларускага бежанскага камітэта[3]. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Петраградзе.

Удзельнік Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (5 (18)—18 (31) снежня 1917) ад беларусаў-бальшавікоў Петраграда[3]. У лютым—траўні 1918 года камісар Беларускага нацыянальнага камісарыята. 3 ліпеня 1918 года ў Чырвонай Арміі: камісар дывізіі, аднак па дарозе да месца службы цягнік пацярпеў крушэнне і Чарвякоў быў вызвалены з пасады «праз атрыманыя ўдары»[3]. Атрымаў месца загадчыка культурна-асветніцкага аддзела ва Усерасійскім бюро ваенных камісараў пры УЦВК[3]. Адначасова ўваходзіў у кіруючае ядро Беларускіх секцый РКП(б)[4].

1 студзеня 1919 года ў ліку 5 членаў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі падпісаў у Смаленску Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У 1919 годзе камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР[4].

Пасля пачатку польска-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі ў палітаддзеле Заходняга фронту, начальнік палітаддзела Гомельскага ўмацаванага раёна, асобнай Гомельскай крапасной брыгады. У 1920 годзе начальнік аддзела РВС Заходняга фронту, старшыня Менскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, ВРК ССРБ. 31 ліпеня 1920 года ад імя ЦК КП(б)ЛіБ разам з прадстаўнікамі ЦК Бунда, Беларускай камуністычнай арганізацыі, Цэнтральнага бюро прафесійных саюзаў Менска і Менскай губерні падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Удзельнік мірных перамоў з Польшчай у Рызе ў кастрычніку 1920 года[4]. Першапачаткова беларуская дэлегацыя (як ад ССРБ так і ад БНР) не была запрошаная. Аляксандр Чарвякоў самастойна накіраваўся ў Рыгу як старшыня ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, разам з ім едзе сакратар рэўкама Іван Клішэўскі. Атрымаць прызнанне савецкай беларускай дэлегацыі не ўдалося, але Чарвякоў застаўся як эксперт пры савецкай дэлегацыі без надання афіцыйнага статусу[2].

Аляксандр Чарвякоў, 1924 год.

У 1920—1924 гадах старшыня ЦВК і СНК БССР, з 1924 года — старшыня ЦВК БССР і адзін са старшынь ЦВК СССР з 1922 года. Удзельнічаў у падрыхтоўцы ўтварэння СССР, распрацоўцы 5-гадовых планаў развіцця народнай гаспадаркі і культуры СССР і БССР, Канстытуцый СССР і БССР. Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі[4].

Член ЦБ КП(б)Б у 1920—1924, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—1937. Член ЦВК БССР у 1919—1937 і яго Прэзідыума, ЦВК СССР і яго Прэзідыума з 1922 года[4].

Старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў на Надзвычайным XII З’ездзе Саветаў БССР робіць даклад аб праекце Канстытуцыі СССР, 1936 год.

У канцы 1920 — пач. 1930-х гадоў Аляксандр Чарвякоў быў абвінавачаны ў тым, што падзяляе праваапартуністычныя погляды Мікалая Бухарына, затушоўвае вядучую ролю прамысловасці, найперш цяжкай, у сацыялістычнай перабудове вёскі падмяняе пралетарскі характар Кастрычніцкай рэвалюцыі дробнабуржуазным; ідэалізуе беларускія дробнабуржуазныя партыі, з’яўляецца прыхільнікам тэорыі «саступак» нацыянальнай інтэлігенцыі. Рабіўся вывад пра тое, што ў яго прамовах і артыкулах сфармулявана цэлая сістэма праваапартуністычных і нацыянал-апартуністычных поглядаў. Пад націскам крытыкі на партыйных пленумах, пасяджэннях Бюро ЦК, у прэсе ён вымушаны быў прызнаць наяўнасць зробленых памылак і абяцаў выправіць іх практычнай працай[4].

Зацемка пра самагубства Аляксандра Чарвякова ў № 138 газеты «Звязда» ад 17 чэрвеня 1937 года.

Асабліва жорстка Аляксандра Чарвякова крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б (10—19 чэрвеня 1937). Ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», каб назваў носьбітаў варожых ідэй у КП(б)Б, дзяржаўным апараце, асяроддзі інтэлігенцыі[4]. Абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі, намякалі на вяршэнства ў антысавецкім падполлі ў БССР. Дэлегаты патрабавалі выказаць Старшыні ЦВК палітычны недавер. У перапынку з’езда Аляксандр Чарвякоў застрэліўся ў сваім службовым кабінеце[5]. Рэабілітаваны ў 1957 годзе[6].

Пахаваны на Вайсковых могілках Менска.

Сям’я

Быў жанаты з Ганнай Іванаўнай Чарвяковай, мелі дачку Соф’ю (1918—2000). Адразу пасля пахавання Аляксандра Чарвякова Ганна з дачкой з’ехала ў Маскву, каб пазбегнуць рэпрэсій. Ганна Іванаўна арыштаваная ў 1937 годзе ў Маскве, вызваленая з лагера ў 1945 годзе[7]. Дачка, Соф’я Аляксандраўна, у сакавіку 1938 года выключаная з Баўманскага інстытута, высланая ў адміністрацыйным парадку ў Яраслаўль, куды па вызваленні пераехала і яе маці. У 1948 годзе Соф’ю Чарвякову выслалі ў Кустанайскую вобласць Казахскай ССР, з ёй паехала маці. У 1964 годзе Соф’я Аляксандраўна з сынам Аляксандрам вярнулася ў Мінск[8].

Творы

У мастацтве

Фігуруе ў 22 раздзеле аповесці «Знак бяды» Васіля Быкава[9], у трэцяй частцы рамана Івана Мележа «Пoдыx нaвaльнiцы»[10]. Аляксандр Чарвякоў выяўлены на карціне Леаніда Дударэнкі «Мінск, 1919» (1977)[11].

Ушанаванне памяці

Мемарыяльная дошка Аляксандру Чарвякову на доме па вул. Карла Маркса, 30 у Мінску.
Магіла Аляксандра Чарвякова і яго дачкі Соф’і на Вайсковых могілках у Мінску

У 1967 годзе ў гонар Аляксандра Чарвякова названыя вуліца і завулак у Цэнтральным раёне Мінска[12]. У гонар Аляксандра Чарвякова названая вуліца ў Дукоры. Імя Чарвякова носіць Свіслацкая сярэдняя школа Пухавіцкага раёна, дзе створаны прысвечаны яму музей. На колішнім Другім Доме Саветаў (гістарычны Дом Свянцікага), дзе жыў Аляксандр Чарвякоў, усталяваная памятная дошка[13].

Зноскі

  1. Червяков Александр Григорьевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. 1 2 Наталля Голубева Час памятаць. Жыццёвы шлях Аляксандра Чарвякова — першага кіраўніка БССР (нявызн.). zviazda.by (17 кастрычніка 2020). Праверана 21-2-2022.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Алена Ляўковіч Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста» (нявызн.). zviazda.by (24 кастрычніка 2018). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2019. Праверана 23-01-2019.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 Платонаў Р., 2003, с. 138
  5. Платонаў Р., 2003, с. 139
  6. Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  7. Документы Комиссии по установлению персональных пенсий при Совете Министров БССР(руск.) . narb.by. Архівавана з першакрыніцы 28-4-2020. Праверана 28-4-2020.
  8. Руслан Горбачев «Деда довели до самоубийства, хотя Сталин отдыхал с ним в Крыму и держал на руках мою маму»(руск.) . gazetaby.com (11 красавіка 2011). Праверана 28-4-2020.
  9. Анатоль Сідарэвіч Подзвіг Аляксандра Чарвякова (нявызн.). nashaniva.by (13 ліпеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
  10. Пaлecкaя xpoнiкa. Пoдыx нaвaльнiцы. Чacткa тpэцяя (кapoткi змecт)
  11. Ніна Стужынская Ролі Усевалада Фальскага: лёс народнага камісара замежных спраў у першым урадзе савецкай Беларусі (нявызн.). nashaniva.by (14-005-2016). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
  12. Вячеслав Бондаренко Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы. Переименования в 1960-е и дальше(руск.) . minsk-old-new.com (16 жніўня 2007). Архівавана з першакрыніцы 28-01-2019. Праверана 28-01-2019.
  13. Червяков Александр Григорьевич(руск.)  (недаступная спасылка). will-remember.ru. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2017. Праверана 28-01-2019.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (31):
Старшыні СНК БССР
Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі
Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда
Члены Цэнтральнага бюро КП(б)Б
Нарадзіліся ў Дукоры
Нарадзіліся 8 сакавіка
Асобы
Старшыні ЦВК БССР
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Памерлі ў Мінску
Члены Прэзідыума Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б)
Члены КПСС
Пахаваныя на Вайсковых могілках (Мінск)
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Памерлі 16 чэрвеня
Памерлі ў 1937 годзе
Члены Прэзідыума ЦВК СССР
Народныя камісары замежных спраў БССР
Рэабілітаваныя ў СССР
Народныя камісары Літбел ССР
Члены ЦК КПБ
Выпускнікі Аляксандраўскага ваеннага вучылішча
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў 1892 годзе
Члены Беларускай сацыялістычнай грамады
Выпускнікі Віленскага настаўніцкага інстытута
Удзельнікі Першай сусветнай вайны
Застрэліліся
Народныя камісары асветы БССР
Члены бюро ЦК КПБ