Столінскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Брэсцкай вобласці. Займае плошчу 3,342 тыс. км² і з’яўляецца найбуйнейшым па плошчы раёнам Беларусі.
Пад лесам знаходзіцца 35 % тэрыторыі Столінскага раёна. Працякае рака Прыпяць з прытокамі Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой. Рачная сетка ў асноўных сваіх рысаў склалася да антарагенавага перыяду, прыкладна 12—10 тысячагоддзяў таму. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 253 возеры плошчай больш за 0,1 га. У асноўным гэта азёры-старыцы рэк Прыпяць, Гарынь, Сцвіга. Агульная плошча азёр складае 625 га. Найбольшае па плошчы возера — Вялікае Засомінае (101,65 га). На тэрыторыі Столінскага раёна размешчаны ландшафтныя заказнікі «Альманскія балоты», «Сярэдняя Прыпяць». Вадасховішча Вялікія Арлы.
Клімат Століншчыны ўмерена-кантынентальны, вільготны, з мяккай зімой. Лета адносна прахладнае і нярэдка дажджлівае, асабліва ў другой палове. Тэрыторыя раёна знаходзіцца пад уплывам паветраных мас з Атлантыкі і арктычнага паветра, якое прыносіць пахаладанні. Паўднёвыя трапічныя паветраныя масы радзей дасягаюць Палесся. Зімой яны выклікаюць адлігі, а летам гарачыя і сухасць. Самы цёплы месяц — ліпень, яго сярэдняя тэмпаратура 18—19 ºС, а найбольш халодны — студзень, калі тэмпература вагаецца аж -4,5º да -7ºС. Ападкаў за год выпадае каля 600 мм. Вегетацыйны перыяд доўжыцца прыкладна 203 сутак[5].
Глебы раёна вызначаюцца пэўнай разнастайнасцю. На ўзвышшах і плоскіх водападзелах пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярновыя і карбанатна-перагнойныя, у ніжэйшых мясцінах, пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, а ў поймах рэк — алювіяльныя дзярнова-забалочаныя, балотныя і тарфяна-балотныя. Паводле механічнага складу яны падзяляюцца на сугліністыя, супясчаныя і пясчаныя[6].
Адзін з чатырох раёнаў Брэсцкай вобласці, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г.[7]
Карысныя выкапні прадстаўлены радовішчамі торфу, тугаплаўкіх і лёгкаплаўкіх глін, будаўнічых і кварцавых пяскоў, гаручых сланцаў.
Па разведаным запасам тугаплаўкіх глін (каля 24 млн т) раён займае першае месца ў краіне. Сыравінная база тугаплаўкіх глін прадстаўлена 5 радовішчамі з агульнымі прамысловымі запасамі 21,9 млн т[8].
Раён утвораны 15 студзеня 1940 г. у складзе Пінскай вобласці[9]. 12 кастрычніка 1940 г. быў падзелены на 17 сельскіх саветаў: Асаўскі, Белавушскі, Беражноўскі, Беразцоўскі, Варанёўскі, Гараднянскі, Глінкаўскі, Дубайскі, Дубенецкі, Манькавіцкі, Плотніцкі, Радчыцкі, Рухчанскі, Рэчыцкі, Стахаўскі, Стружскі, Фядорскі.
У 1941 г. акупаваны немцамі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны загінула ў Століне і раёне 9309 чалавек. Падчас акупацыі дзейнічалі Столінскія падпольныя райкомы КПБ(б) і ЛКСМБ партызанскія брыгады імя Молатава, «Савецкая Беларусь», асобны партызанскі атрад Столінскі. Горад быў вызвалены ў ліпені 1944 г. у выніку наступлення на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку падчас Беларускай аперацыі 1944 г.
У 1950-я гады, пры правядзенні суцэльнай калектывізацыі, а таксама ў выніку спецыяльнай буйнамаштабнай кампаніі па ссяленні, зніклі хутары Долін, Маковішча, Осцікава, Быкоўск, Постраў (Поструў), Южанаўка, Купісце, Леснічоўка, Радуні, Стасін, Лугі, Вегерын, Круглы Лес, Добжын, Копач, Ліпешаў, Здымна, Знейна, Зацішша, Лапечава, Бортні, Ляды, Ластавіца, Ліхча, Тэйцы[10].
З 8 студзеня 1954 г. у складзе Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 г. скасаваныя Варанёўскі, Дубенецкі, Манькавіцкі, Стахаўскі сельсаветы, у склад раёна з Пінскага раёна перададзены вёскі Грыўковічы і Тырвовічы[11]. 9 кастрычніка 1954 года вёскі Грыўковічы і Тырвовічы вернуты ў склад Пінскага раёна[12].
31 сакавіка 1959 г. скасаваныя Асаўскі, Дубайскі сельсаветы, утвораны Відзіборскі сельсавет. 6 ліпеня 1960 г. вёска Рэчыца набыла статус рабочага пасёлка, Рэчыцкі сельсавет скасаваны. 19 студзеня 1961 г. да раёна далучаны горад Давыд-Гарадок і Аздаміцкі, Альшанскі, Веляміцкі, Лядзецкі, Мярлінскі, Рубельскі, Харомскі, Храпунскі сельсаветы скасаванага Давыд-Гарадоцкага раёна[13]. 2 кастрычніка 1962 г. Мярлінскі і Храпунскі сельсаветы скасаваныя[14].
У пачатку 1960-х гадоў зніклі практычна ўсе населеныя пункты ва ўсходняй і паўднёва-ўсходняй частках Століншчыны — Мярлінскія хутары, вёскі Колкі, Колбікі, Рубрын, Храпунь, Вілье (Вільё), Дубок, Падрубрын, Пад’ямнае, пасёлкі і хутары Краснае, Варацец (Варанец), Старыя Тавары, Евы, Клённае, Серадбор’е (Сярэдбор’е), Янкевічы, Яблынькі, Язвінкі, Луцецкае, Астравы, Арлы, Дабрынт, Любкуш, Святуха (Світуха) і інш.[10]
4 мая 1981 г. утвораны Рамельскі сельсавет, Аздаміцкі сельсавет перайменаваны ў Вялікамалешаўскі.
16 лістапада 1987 г. Беразцоўскі сельсавет перададзены ў склад Пінскага раёна. 2 сакавіка 1998 г. утвораны Манькавіцкі сельсавет.
У другой палове 1990-х гадоў былі скасаваны хутары Альманскія, Калінікі[10].
Праз Столінскі раён праходзіць чыгунка Баранавічы — Сарны (Украіна), аўтадарогі на Пінск і Тураў.
У раёне на 1 снежня 2010 г. дзейнічала 19 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў (СВК), 1 адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ), каля 30 фермерскіх гаспадарак. Працуе торфапрадпрыемства «Глінка» ў вёсцы Калоднае, завод лінейнага абсталявання ў Плотніцы.
На тэрыторыі раёна працуе 28 сярэдніх, 14 базавых, 8 пачатковых, 2 спартыўныя, 2 музычныя школы. Таксама працуе 14 дашкольных устаноў, 43 бібліятэкі і 59 клубаў.
Выдаецца раённая газета «Навіны Палесся».