wd wp Пошук:

Сярэдняя Прыпяць

Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» — прыродаахоўчая тэрыторыя, якая месціцца на тэрыторыях Столінскага, Пінскага, Лунінецкага раёнаў Брэсцкай вобласці і Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Апісанне

Заказнік быў створаны пастановай Савету Міністраў ад 19 ліпеня 1999 г. па месцы заказнікаў «Вусце Лані», «Нізоўе Ясельды», «Нізоўе Случы»[1]. Поўная назва — Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Сярэдняя Прыпяць». Плошча складае 90 447 га[1]. Месціцца ў сярэдняй пойме ракі Прыпяці. Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код — BY017, крытэрыі А1, А4, В1, В2, В3). Рамсарскае ўгоддзе заснавана ў 2001 годзе (крытэрыі 1а, 1с, 2а, 3а, 3с, 4b)

Гаспадарчая дзейнасць

На 64 % тэрыторыі заказніка вядуць сваю гаспадарку 34 калгасы. Асноўныя віды выкарыстання: сенакосы, выпас жывёлы (каля 14 % плошчы), на мінеральных астравах вядзецца распашка зямель. 27 % тэрыторыі заказніка выкарыстоўваецца пад мэты лясной гаспадаркі.

У пойме Прыпяці захавалася бортніцтва. Акваторыя ракі выкарыстоўваецца для суднаходства.

Флора

Каля 92 % тэрыторыі складаюць плошчы, занятыя натуральнай расліннасцю. На тэрыторыі заказніка шмат пойменных лясоў і лугоў. Сярод лясоў пераважаюць чорнаалешнікі і дубравы. На тэрыторыі заказніка можна знайсці ўсе тыпы лугоў: ад вельмі забалочаных да сухіх, якія па структуры набліжаюцца да стэпаў. У пойме таксама прысутнічаюць тыповыя нізінныя балоты, якія ствараюць біятопы, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення ў Еўропе. Самыя вялікія балоты сканцэнтраваны ў вусцях рэк Ясельда і Стыр, якія з’яўляюцца прытокамі Прыпяці.

На тэрыторыі заказнікі растуць 725 відаў раслін, з іх 11 відаў занесеныя ў Чырвоную кнігу.

Фаўна

На тэрыторыі заказніка добрыя умовы для падтрымання колькасці рэдкіх каляводных млекакормячых. Тут сустракаюцца 16 відаў земнаводных і паўзуноў, сярод якіх: балотная чарапаха (Emys orbicularis), звычайная квакша (Hyla arborea), чаротавая рапуха (Bufo calamita).

На плошчы заказніка «Сярэдняя Прыпяць» сустракаецца 37 відаў рыб, якія жывуць у Прыпяці і азёрах-старыцах. Адзначана 182 віды птушак, 52 з якіх занесены у Чырвоную кнігу, а 5 — пад глабальнай пагрозай знікнення: чарацянка вяртлявая (Acrocephalus paludicola), вялікі арлец (Aquila clanga), драч (Crex crex), дупель (Gallinago media), белавокая чэрнець (Aythya nyroca) і гусь-піскулька (Anser erythropus). 155 відаў птушак адзначаны пры гнездаванні, 39 з якіх знаходзяцца пад аховай.

Сальвінія плывучая (Salvinia natans). Аверс
Балотная чарапаха (Emys orbicularis). Рэверс

Зноскі

  1. 1 2 Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 19 июля 1999 г. № 1105 “Об образовании республиканского ландшафтного заказника «Средняя Припять». Час доступу: 6 лютага, 2011 (руск.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Пінскі раён
Катэгорыя·Лунінецкі раён
Катэгорыя·Жыткавіцкі раён
Катэгорыя·Катэгорыя МСАП IV
Катэгорыя·Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі
Катэгорыя·Тэрыторыі, важныя для птушак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Столінскі раён