wd wp Пошук:

Пруская мова

Балцкія плямёны прыблізна ў ХII ст.

Пру́ская мова (саманазва: Prūsiskan[1], Prūsiska Bila) — мёртвая заходнебалцкая мова балцкае групы індаеўрапейскай моўнай сям’і, на якой гаварылі прусы — балцкі народ. Была распаўсюджана на паўночным усходзе сучаснай Польшчы і Калінінградскай вобласці сучаснай Расіі.

Часам мову называюць старажытнапрускай (ням.: Altpreußische Sprache, англ.: Old Prussian), каб адрозніваць яе ад прускіх гаворак нямецкай мовы.

Першыя пісьмовыя фіксацыі мовы прыпадаюць на XIII ст. і былі зроблены лацінскім алфавітам. На цяперашні момант захавалася невялікая колькасць пісьмовых помнікаў мовы. Многія з іх адлюстроўваюць на сабе ўплыў з боку польскай і нямецкай моў. Некаторае ўяўленне пра мову даюць тапаніміка і антрапаніміка, а таксама прускія запазычанні і субстратныя элементы ў суседніх мовах: нямецкай, польскай, літоўскай, беларускай.

Гісторыя

Апрача ўласна гістарычнага рэгіёна Прусія, на ўсход ад ракі Вісла, мова магла быць таксама распаўсюджанай на ўсходзе гістарычнага рэгіёна Усходняе Памор’е, разам з гэтым, на думку некаторых даследчыкаў, тэрыторыя распаўсюджвання носьбітаў мовы магла працягвацца на ўсход і поўдзень, закранаючы Падляшша і Палессе.

Па войнах XIII-XV стст. ў гэтым рэгіёне, арэал прускай мовы распаўся на шэраг невялікіх тэрыторый. Ад пачатку XVII ст. мова стала выміраць нават у апошніх традыцыйных арэалах (напрыклад, існуюць сведчанні пра смерць «апошняга старога, які жыў на Куршскай касе і ведаў прускую» ў 1677 годзе), на пачатак XVIII ст. нашчадкі прусаў поўнасцю перайшлі на ніжненямецкую мову; таксама шэраг апошніх носьбітаў мовы вымер з прычыны голаду і чумы, якія доўжыліся ў перыяд з 1709 да 1711 гады[2]. У лексіцы нямецкага маўлення нашчадкаў прусаў часам захоўваліся некаторыя элементы прускага субстрату (напрыклад, kurp — «абутак», ад прускага kurpi, параўн. з літаратурным нямецкім Schuh).

У дадатак да нямецкіх каланістаў, падчас Рэфармацыі ў Прусіі знаходзілі прытулак перасяленцы з Польшчы[3][4], Літвы, Францыі, Шатландыі[5]. Гэтыя прычыны выклікалі паступовы пераход прусаў на іншыя мовы, асабліва нямецкую, якая была дзяржаўнай мовай тагачаснай Прусіі.

Асноўная характарыстыка

Фанетыка

Для фанетыкі прускай мовы былі характэрнымі проціпастаўленне галосных паводле даўжыні або кароткасці, адносна простая сістэма зычных, вольны націск, супрацьпастаўленне інтанацый, палаталізацыя і лабіялізацыя зычных, змяшэнне шыпячых і свісцячых, дыфтангізацыя доўгіх галосных, захаванне di, ti (перайшлі ў шыпячыя ў латышскай і літоўскай), але пераход si у шыпячы; змена глухіх і звонкіх (у шэрагу выпадкаў звязаная з успрыманнем мовы немцамі).

Марфалогія

Некаторыя сведчанні (у прыватнасці, катэхізісы) даюць некаторую аснову для рэканструкцыі граматыкі прускай мовы.

У прускай мове засведчана наяўнасць склонаў, аднак не існуе пэўнага меркавання пра іх колькасць. У прускай мове налічваюцца прынамсі чатыры склоны: назоўны, родны, давальны і вінавальны. Ёсць сляды клічнага склону (напрыклад, фраза O Deiwe Rikijs — «О Божа»), у якіх адлюстроўваецца захаванне праіндаеўрапейскага канчатку клічнага склону *-e. Адзначаецца наяўнасць вызначаных і нявызначаных артыкляў, аднак застаецца спрэчным пытанне, ці было гэта ўласна прускай моўнай з’явай, ці калькаванем з нямецкай мовы. У прускай мове вылучаюцца дзеясловы мінулага, цяперашняга і будучага часу, існуе аналітычны перфект з дзеясловам быць, чатыры лады, стан. У прускай мове адзначаўся лексікалізаваны дзеяслоўны від славянскага тыпу (напрыклад, прыстаўка po-), аднак ён слаба задакументаваны. У некаторых адносінах пруская мова праяўляе падабенства са славянскімі мовамі (у прыватнасці, агульныя структурныя рысы ў марфалогіі).

Сінтаксіс і лексіка

Не захавалася дакладных звестак пра сінтаксіс у прускай мове, што звязана з дакладнай адпаведнасцю парадку слоў у катэхізісах нямецкаму арыгіналу.

Пруская мова была досыць блізкай да іншых заходнебалцкіх моў (на цяперашні момант усе яны з’яўляюцца мёртвымі), у меншай ступені — да ўсходнебалцкіх (літоўская, латышская). Мова мае запазычанні славянскага, германскага (напрыклад, з гоцкай мовы), а таксама скандынаўскага паходжання[6].

Сведчанні

Прускі катэхізіс.

Да прамых сведчанняў прускай мовы адносяцца тапонімы Прусіі (першае даследаванне па гэтай тэматыцы было ажыццёўлена Георгам Герулісам), уласныя імёны[7], асобныя словы ў гістарычных дакументах, дыялектызмы ў нямецкай, літоўскай і беларускай мовах.

Разам з гэтымі звесткамі асабліва вылучаецца выпадкова знойдзены ў 1970-х гадах Базельскі фрагмент (XIV ст., пасля 1369 года), які лічыцца найстаражытнейшым балцкім тэкстам. Гэты тэкст з’яўляецца жартаўлівай эпіграмай, складзенай, верагодна, прускім студэнтам Карлаўскага ўніверсітэта.

Kails rekyse Thoneaw labonache thewelyse

Eg koyte poyte Nykoyte pennega doyte.

пруская беларуская
KailsВітаю
rekyse, rikīsспадар
Tho ne awты не такі
labonacheдобры
thewelyseсябра, таварыш
egкалі
koyteжадаеш (жадаеце)
poyteпіць
Nykoyteне жадаеш (не жадаеш)
peningāгрошы
dōitiдаваць

Звычайна тэкст перакладаюць наступным чынам: «Вітаю, спадар! Ты нядобры таварыш, калі хочаш піць, а грошай даваць не жадаеш».

Серад некаторых іншых пісьмовых сведчанняў адзначаюцца слоўнік з 100 слоў, складзены ў 15171526 гг. Сымонам Грунаў, эльбінскі слоўнік XIV ст. (памезанскі дыялект, 802 словы), выкананыя немцамі пераклады трох катэхізісаў (XVI ст., самбійскі дыялект), аднак застаецца дыскусійным пытанне пра ступень правільнасці адлюстравання прускага маўлення ў гэтых катэхізісах.

Адраджэнне

На цяперашні час у Літве, Польшчы, Расіі і некаторых іншых краінах існуе некалькі эксперыментальных супольнасцей, якія ставяць мэту рэканструкцыі прускай мовы. Каля 200 чалавек вывучыла мову і спрабуе выкарыстоўваць яе ў паўсядзённым жыцці ў пэўнай ступені. Сярод дзеячаў руху адзначаюцца Вітаўтас Мажуліс і Летас Палмаціс, лідар руху і аўтар тэматычнага сайта[8].

Зноскі

  1. 1 2 Palmaitis, Mykolas Letas (2007). Dictionary of revived Prussian: basic English-Prussian dictionary for further lexical reconstruction. Lithuanian’s World Center for Advancement of Culture, Science and Education. p. 353. ISBN 978-9-986-41855-9.
  2. Donelaitis Source, Lithuania Архівавана 26 верасня 2007.
  3. Wickham Steed, et al. A Short History of Austria-Hungary and Poland.
  4. Christianity in Poland(англ.) . Ccel.org. Праверана 12 лістапада 2013.
  5. Scots in Eastern and Western Prussia, Part III – Documents, 3(англ.) . electricscotland.com. Праверана 12 лістапада 2013.
  6. Baltic languages(англ.) . Encyclopædia Britannica. Праверана 12 лістапада 2013.
  7. Reinhold Trautmann, Die altpreußischen Personennamen Архівавана 20 лютага 2006. (The Old Prussian Personal-names). Vandenhoeck und Ruprecht, Göttingen: 1923. Includes the work of Ernst Lewy in 1904.
  8. Letas Palmaitis PRUSSIAN RECONSTRUCTIONS BALTIC PRUSSIAN IN BALTIC PRUSSIA Language, country and people once and today(англ.) . Праверана 12 лістапада 2013.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мовы і дыялекты паводле алфавіта
Катэгорыя·Мёртвыя мовы
Катэгорыя·Гісторыя Прусіі
Катэгорыя·Балтыйскія мовы