По́лацкі павет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў 1777—1924 гадах у складзе Полацкай, Беларускай, Віцебскай губерняў, потым у БССР. Другі па плошчы (пасля Люцынскага) павет Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Полацк.
Утвораны 22 сакавіка 1777 г. ў складзе Полацкай губерні. З 12 снежня 1796 г. знаходзіўся ў Беларускай губерні, з 27 лютага 1802 г. — ў Віцебскай губерні.
У студзені 1906 г. у асобных маёнтках павета прайшлі забастоўкі падзёншчыкаў, занятых абмалотам збожжа і лесанарыхтоўкамі[1].
У красавіку 1919 года павет быў абвешчаны прыфрантавой паласой. Пастановай рэўкама (ваенна-рэвалюцыйныя камітэты на тэрыторыі губерні былі створаны палітаддзеламі 15-й і 16-й арміі) горад Полацк і павет былі пераведзены на ваеннае становішча[2]. У другой палове жніўня 1919 года фронт наблізіўся да Полацка. 20 верасня 1919 г. польскія войскі выйшлі да Полацка, да вечара занялі задзвінскую частку горада. Аднак, спроба захапіць увесь горад правалілася і пачалася пазіцыйная вайна, якая працягвалася 8 месяцаў[3]. Польскія войскі кантралявалі 7 воласцяў павета (Нацкая, Арэхаўская, Ветрынская, Банонская, Гомельская, Варанецкая, Тураўлянская) і паўднёвую частку Полацка. Адначасова пачала павялічвацца колькасць дэзерціраў, якія, як адзначалася ў справаздачах, іншы раз здзяйснялі адкрытыя напады на грамадзян і ўстановы[4]. Шматлікімі былі і выпадкі марадзёрства і гвалту з боку салдат Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Так жахар Замшанскай воласці напісаў заяву, што «… верасні 1919 г. у яго адсутнасць чырвонаармейцы забралі адзінага каня, заявіўшы, што конь бярэцца па мабілізацыі. Затым ён яе знайшоў у іншай вёсцы, а не на фронце»[5]. Начальнік 3-га раёна Полацкай павятовай міліцыі ў пачатку красавіка 1920 г. прадставіў пратаколы аб парушэннях з боку прадстаўнікоў 11-й дывізіі, у якіх былі зафіксаваныя сведкавыя паказанні пра незаконныя дзеянні салдат на тэрыторыі падначаленых яму валасцей. Напрыклад, збіццё 15-гадовага хлопчыка, стральба над галавой жанчыны і г.д.[6]
У маі 1920 г. левабярэжная частка павета была вызвалена, з эвакуацыі вярнуліся савецкія ўстановы, а павет ператварыўся ў тыл арміі, дзе засяродзіліся буйныя ваенныя сілы.
З 3 сакавіка 1924 г. — ў БССР. 17 ліпеня 1924 г. павет быў скасаваны, большасць яго тэрыторыі ўвайшла ў Полацкую акругу.
У 1873 г. у Полацкім павеце налічвалася каля 90 тысяч жыхароў, у тым ліку каля 17 тысяч у Полацку, 1,7 тысяч дваран, 53,6 тысяч сялян. Паводле перапісу 1897 г., насельніцтва павета складала каля 142 тысяч жыхароў[7]. У тым ліку колькасць беларусаў складала 73%, яўрэяў - 12,1%, рускіх - 11,1%, палякаў - амаль 2%, латышоў - 1,2%.
У 1906 г. у склад павета ўваходзіла 15 валасцей[8]:
Воласць | Валасны цэнтр |
---|---|
Аляксандраўская | с. Гарбачова |
Вышкаўская | с. Мішкавічы |
Арцейкаўская | с. Сухі-Бор |
Банонская | в. Ліцвінава |
Вазнясенская | в. Альбрэхтава |
Ефрасіннеўская | маёнтак Сакалішча I |
Замашанская | маёнтак Белае |
Лаўжанская | с. Ловаж |
Мікалаеўская | с. Тродавічы |
Міхайлаўшчынская | с. Любічы |
Петрапаўлаўская | маёнтак Обаль |
Струнская | маёнтак Струнь I |
Тураўлянская | маёнтак Туроўля |
Уладзімірская | с. Забор'е |
Юравіцкая | в. Юравічы |
У 1923 г. пасля ўзбуйнення воласцей у Полацкім павеце іх стала 13:
20 чэрвеня 1924 г. да павета былі далучаны Лепельская, Ушацкая, Хоцінская воласці Бачэйкаўскага павета.