wd wp Пошук:

Малеч

Ма́леч[1] (трансліт.: Malieč, руск.: Малеч) — аграгарадок у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Малецкага сельсавета. Размешчана за 20 км на захад ад Бярозы, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская[2].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першыя пісьмовыя звесткі знойдзены ў «Апісанні войска Літоўскага Кобрынскага павета» 1528 года калі ўзгадваецца «Фёдар з Мальча»[2]. У 1563 годзе Малеч узгадваўся ў сувязі з будаўніцтвам у сяле царквы[3]. Тады знаходзілася ў Пружанскім павеце Кобрынскай эканоміі, было цэнтрам абшары двара Блудзенскага і войтаўства Малецкага. Згодна з актам рэвізіі, вакол вёскі на той час ляжалі 39 валок сярэдняй па якасці зямлі. У канцы XVI ст. вядома ў Берасцейскім павеце Берасцейскага ваяводства[2].

6 чэрвеня 1645 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Малечы гарадскія правы, але ўладальніца Блудаўскага (Блудзенскага) староства Ізабэла Хадкевіч у 1668 годзе свавольна скасавала іх. Дэлегатаў горада, якія былі накіраваны ад імя ўсіх мяшчан да караля са скаргай на яе і прашэннем узнавіць правы на самакіраванне, яна загадала схапіць і аддаць у рукі катаў. Спецыяльны загад караля вярнуў ім волю. На гербе Малеча была Святога Пятра з ключамі ў руцэ[4]. Вакол галавы — німб, сімвал святасці. У правай верхняй частцы герба — выява чорнага пеўня, у левай — зялёная галінка расліны. Пазбаўлены гарадскіх прывілеяў у XVIII ст.[2]

Пад уладай Расійскай імперыі

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 года ў Расійскай імперыі, мястэчка. У Расіі было ўведзена палажэнне, згодна з якім сяляне павінны былі адбываць натуральныя павіннасці. Жыхары мястэчка адмовіліся іх выконваць, падымалі сялянскія бунты ў 1806, 1807, 1813, 1819, 1820, 1823 гг. Былі выпадкі, калі местачкоўцы «сабраліся ўсёй грамадою, мужчынскага і жаночага полу, разламалі дзверы ў доме, дзе ўтрымоўваліся арыштаваныя 8 чалавек, адбілі іх у паліцыянтаў»[5]. У XIX ст. маёнтак належаў роду Шведаў, потым перайшоў да роду Завадскіх. У 1824 годзе ў мястэчку дзейнічалі рымска-каталіцкая царква, капліца, З масты, рынак, 5 піцейных дамоў. У 1833 годзе пазначана як мястэчка Мальча, у якім 5 мураваных цэркваў і 1 драўляная, 152 драўляныя дамы, 5 духоўных навучальных і 5 свецкіх духоўных устаноў, 5 фабрык і заводаў 3 піцейныя дамы. У 1856 годзе ў мястэчку і в. Лукомер памешчыку Іосіфу Здзітоўскаму належала 387 рэвізскіх душ[2].

У 1864 годзе мястэчка Малеч (Мальча)  — цэнтр Малецкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні. У 1886 годзе дзейнічалі школа, 2 царквы, яўрэйскія малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, банк, 2 конныя млыны, 5 піцейных дамоў, штогод адбываліся 12 кірмашоў. У вёсцы працавалі вінакурны і вапнавы заводы[2].

У 1890 годзе ў воласці налічваліся 32 паселішчы, 335 сялянскіх двароў, 4535 душ, 183 несялянскія дамы. Сельскаму таварыству належалі 889 дзес. зямлі, царкве — 63 дзес., памешчыку Іосіфу Завадскаму ў маёнтку Малеч разам з фальваркамі — 740 дзес., памешчыку Садоўскаму ва ўрочышчы Малеч — 62 дзес. зямлі. Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку дзейнічалі прыходская царква, царква на могілках, капліца, народнае вучылішча, валасное праўленне, яўрэйскі малітоўны дом і багадзельня, а таксама З ветраныя млыны, кузня, 30 крам (з іх З «краснага» тавару, 2 жалезных тавараў, астатнія малочнага гандлю), 4 піцейныя дамы. Праводзіліся 8 кірмашоў у год. Побач з мястэчкам знаходзілася сядзіба ва ўладанні Іосіфа Заваленага (5 двароў, 70 жыхароў), у якой працаваў вінакурны завод. Каля мястэчка паштовая сядзіба. Мястэчка межавала з сялом той жа назвы. У канцы XIX ст. ў маёнтку быў пабудаваны палац і закладзены вялікі парк[2].

Найноўшы час

У 1905 годзе — мястэчка і маёнтак. 29 ліпеня 1905 года адбылася дэманстрацыя ў сувязі з паўгоддзем «кровавого воскресення». На працягу 1905 годзе адбываліся сялянскія хваляванні з эканамічнымі патрабаваннямі, і гаспадар маёнтка Завадскі вымушаны быў хавацца ў горадзе. У 1908 годзе жыхар мястэчка Х. Жук напісаў ліст Л. Талстому, у якім выкладаў яму свае погляды на жыццё, прасіў у пісьменніка дапамогі ў вызначэнні маральных арыенціраў. Л. Талстой назваў яго ліст «превосходным письмом»[2].

З 1915 года акупіраваны германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года — войскамі Польшчы. У ліпені—жніўні 1920 года ўстаноўлена савецкая ўлада[2].

Царква, 1939

З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр Малецкай гміны Пружанскага павета Палескага ваяводства. У 1924 годзе Малеч — мястэчка, вёска, фальварак. У 1928 годзе пабудавана Сямёнаўская царква (захавалася). У 1920-я г. былі створаны ячэйка КПЗБ і камсамольская арганізацыя. У 1930-я г. працавала народная школа. Арганізавана баявая група, якая раззбройвала паліцэйскіх і асаднікаў[2].

З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр Малецкага с/с Пружанскага раёна[2]. Статус паселішча панізілі да вёскі.

У 19411944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Акупанты загубілі ў вёсцы 22 жыхары, на фронце загінуў 31 воін-зямляк. На ўшанаванне памяці землякоў у 1975 годзе быў пастаўлены абеліск[2].

Пасля вайны 19 студзеня 1949 года арганізаваны калгас імя К. Маркса. З 14 красавіка 1960 года вёска і сельсавет у Бярозаўскім раёне. З 1960 года вёска ў саўгасе «Бярозаўскі», з лютага 1961 года цэнтр саўгаса «Малеч» (у студзені 1979 — кастрычніка 1990 саўгас імя 60-годдзя Кампартыі Беларусі)[2].

У 19691970 гг. інстытут «Белдзіпрасельбуд» распрацаваў праект планіроўкі і забудовы саўгаса (архітэктар Н. М. Нядзелька, інжынер В. М. Хандогін). Былі ўзведзены Дом культуры з залай на 600 месцаў, гандлёвы цэнтр са сталовай, магазінамі, камбінатам бытавога абслугоўвання, гасцініцай, бальніца, школа. У 1980-я г. цэнтр, сядзіба саўгаса была прыкладам сучаснай планіроўкі і забудовы сельскіх пасёлкаў. У 1972 годзе дзейнічалі сярэдняя і музычная школы, санаторная школа-інтэрнат, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, бальніца (на 85 ложкаў), паліклініка, аддзяленне сувязі, магазіны. У 1997 годзе на тэрыторыі сельсавета дзейнічалі аграфірма-калгас «Малеч»; з 1990 калгас «Прагрэс»[2].

Інфраструктура

У Малечы працуюць сярэдняя і музычная школы, санаторная школа-інтэрнат, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Культура

Пры сярэдняй школе працуе грамадскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Забудова

Найбольшую працягласць забудова вёскі мае ў напрамку з поўначы на паўднёвы захад.

Насельніцтва

Славутасці

Страчаная спадчына

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
  3. ЭнцВКЛ, 2005
  4. Малеч // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  5. Соркіна, І. Мястэчкі Беларускага Палесся ў XIX - першай трэці XX стст. / Іна Соркіна // ARCHE Пачатак. — 2013. — № 4 (121). — С. 62. Са спасылкай на Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Гродне. — Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 1360. — Арк. 324 адв.
  6. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
  7. Malecz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 8.
  8. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VIII: Województwo Poleskie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1924.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Населеныя пункты Бярозаўскага раёна
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Мястэчкі Берасцейскага ваяводства
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Малецкі сельсавет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Малеч
Катэгорыя·Аграгарадкі Брэсцкай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з разыходжаннем каардынат з Вікідадзенымі