wd wp Пошук:

Квантавая механіка

Ква́нтавая меха́ніка (хва́левая меха́ніка) — раздзел фізікі, які вывучае законы руху мікрачасціц з улікам іх хвалевых уласцівасцей.

Матэматычныя фармулёўкі квантавай механікі з’яўляюцца абстрактнымі. Многія з вынікаў, часцяком выглядаюць нелагічнымі на погляд класічнай фізікі, акрамя таго многія з іх не маюць мадэлі, якую лёгка было бы наглядна прадставіць у класічнай механіцы. Напрыклад, асноўным станам у квантава-механічнай мадэлі з’яўляецца стан ненулявой энергіі, які з’яўляецца самым нізкім магчымым энергетычным станам сістэмы, тады як у традыцыйнай класічнай сістэме стан спакою ёсць стан з нулявой кінетычнай энергіяй.

Сутнасць квантавай механікі

Яна апісвае эвалюцыю ў часе фізічных сістэм з дапамогай матэматычнай структуры, якая называецца хвалевай функцыяй і вызначае імавернасць таго, што сістэма павінна быць знойдзена ў дадзеным стане ў дадзены момант часу. Квантавая механіка дазваляе разлічыць эфект ад сістэмы прыняцця вымярэння ўласцівасцей сістэмы, вызначаючы ўплыў гэтых вымярэнняў на хвалевую функцыю. Гэта прыводзіць да вядомага прынцыпа нявызначанасці, а таксама да трывалых дэбатаў аб ролі эксперыментатара, увасобленых ва ўяўным эксперыменце пад назвай «Кот Шродзінгера».

Квантавая механіка істотна адрозніваецца ад класічнай механікі ў сваіх прагнозах, калі маштаб назіранняў становіцца параўнальны з маштабам атамаў і субатамаў, так званай квантавай сферы. Аднак, многія макраскапічныя ўласцівасці сістэмы можна ў поўнай меры зразумець і растлумачыць з дапамогай квантавай механікі. Такія з’явы, як звышправоднасць ці ўласцівасці матэрыялаў, як паўправаднікі і ядзерныя і хімічныя механізмы рэакцыі, якія назіраюцца як макраскапічныя паводзіны, не могуць быць растлумачаны з дапамогай класічнай механікі.

Гісторыя

Макс Планк лічыцца бацькам квантавай тэорыі.

Тэрмін «квантавая механіка» быў прыдуманы Максам Планкам і выцякае з таго, што энергія выдзяляецца і паглынаецца дыскрэтнымі колькасцямі, ці квантамі, кратнымі пастаяннай Планка.

Перадпасылкамі для з’яўлення квантавай механікі сталі некаторыя праблемы, якія не маглі быць вырашаныя сродкамі класічнай фізікі.

Падмурак квантавай механікі закладзены ў першай палове 20 стагоддзя Максам Планкам, Альбертам Эйнштэйнам, Вернерам Гейзенбергам, Эрвінам Шродзінгерам, Максам Борнам, Полем Дзіракам, Рычардам Фейнманам і іншымі. Некаторыя фундаментальныя аспекты тэорыі ўсё яшчэ патрабуюць вывучэння.

У 1900 г. Макс Планк выказаў гіпотэзу пра выпрамяненне святла квантамі і прапанаваў канцэпцыю квантавання энергіі для таго, каб атрымаць правільную формулу для энергіі выпраменьвання абсалютна чорнага цела.

У 1905 Эйнштэйн патлумачыў прыроду фотаэлектрычнага эфекту, пастуліраваўшы, што энергія святла паглынаецца не бесперарыўна, а порцыямі, якія ён назваў квантамі. У 1913 Бор патлумачыў канфігурацыю спектральных ліній атама вадароду, зноў жа з дапамогай квантавання. У 1924 Луі дэ Бройль прапанаваў гіпотэзу карпускулярна-хвалевага дуалізму.

Гэтыя тэорыі, хоць і паспяховыя, былі занадта фрагментарнымі і разам складаюць так званую старую квантавую тэорыю.

Сучасная квантавая механіка нарадзілася ў 1925, калі Гейзенберг распрацаваў матрычную механіку, а Шродзінгер прапанаваў хвалевую механіку і сваё ўраўненне. Пасля Джон фон Нейман даказаў, што абодва падыходы эквівалентныя.

Фізікі на Сальвееўскай канферэнцыі 1927 года ў Бруселі.

Наступны крок адбыўся ў час, калі Гейзенберг сфармуляваў прынцып нявызначанасці ў 1927 годзе, і прыкладна тады пачала складвацца імавернасная інтэрпрэтацыя. У 1927 г. Поль Дзірак аб’яднаў квантавую механіку са спецыяльнай тэорыяй адноснасці. Ён таксама першым прымяніў тэорыю аператараў, уключаючы папулярныя бра-кет абазначэнні. У 1932 Джон фон Нейман сфармуляваў матэматычны базіс квантавай механікі на аснове тэорыі аператараў.

Эра квантавай хіміі была пачата Гейтлерам і Фрыцам Лонданам, якія апублікавалі тэорыю ўтварэння кавалентных сувязей у малекуле вадароду ў 1927. У далейшым квантавая хімія развівалася вялікаю супольнасцю навукоўцаў ва ўсім свеце.

Пачынаючы з 1927, пачаліся спробы прымянення квантавай механікі да многачасцічных сістэм, вынікам чаго стала з’яўленне квантавай тэорыі поля. Работу ў гэтым напрамку ажыццяўлялі Дзірак, Паўлі, Вайскопф, Жардан. Кульмінацыяй гэтага напрамку даследаванняў стала квантавая электрадынаміка, сфармуляваная Фейнманам, Дайсанам, Швінгерам і Таманагай на працягу 1940-х. Квантавая электрадынаміка — гэта квантавая тэорыя электрамагнітнага поля і яго ўзаемадзеяння з палямі, якія апісваюць зараджаныя часціцы, найперш электроны і пазітроны.

Тэорыя квантавай хромадынамікі была сфармулявана ў ранніх 1960-х. Гэта тэорыя, якою мы ведаем яе цяпер, была прапанавана Поліцтэрам, Гросам і Вілчэкам у 1975. Абапіраючыся на даследаванні Швінгера, Хігса, Голдстона і іншых, Глэшоу, Вайнберг і Салам незалежна паказалі, што слабыя ядзерныя ўзаемадзеянні і квантавую электрадынаміку можна аб’яднаць і разглядаць як адзінае электраслабае ўзаемадзеянне.

Гл. таксама

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Істотныя артыкулы
Катэгорыя·Квантавая фізіка