wd wp Пошук:

Біблія

Першы аркуш Псалтыра, біблейскай кнігі старазапаветнага цыклу, выдадзенага Ф. Скарынам (6 жніўня 1517, Прага)

Біблія (ад грэч.: βιβλία / biblia — кнігі, звод кніг[1][2]) — збор старажытных рэлігійных тэкстаў, кананізаваных у іудаізме і хрысціянстве[1][2], гістарычных паданняў — літаратурных і фальклорных твораў[3]. Першая кніга Бібліі — «Быццё», была напісана каля XVI ст. да н.э. (ёсць меркаванні, што кніга Iова яшчэ больш старадаўняя за Быццё), а апошняя кніга «Апакаліпсіс» — у канцы I ст. н.э. Сама назва «Біблія» паходзіць з грэчаскай мовы — τὰ βιβλία і перакладаецца як «кнігі». Такім чынам, Біблія не з’яўляецца адзінай кнігай, а зборнікам асобных кніг, напісаных у розныя часы рознымі асобамі.

Уключае апавяданні пра паходжанне свету і чалавека, рэлігійныя павучанні, догматы, прароцтвы, малітвы і інш., на працягу тысячагоддзяў біблейскія творы распаўсюджваліся ў рукапісах[2]. У Бібліі адлюстраваліся вераванні, культы, традыцыі, сацыяльныя ўмовы жыццядзейнасці людзей розных гістарычных эпох, іх маральна-этычныя прынцыпы, уяўленні аб светабудове і да т.п. Яе ідэі, вобразы, нормы складаюць духоўную аснову хрысціянскай, іудзейскай і мусульманскай культуры, з’яўляюцца адной з важных крыніц развіцця мастацкай культуры, фарміравання ідэалаў і ўзораў, якія вызначаюць менталітэт грамадства[1]. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы выкарыстоўвае літаратура, выяўленчае, тэатральнае, музычнае і іншыя віды мастацтва[2].

Біблія лічыцца Свяшчэнным Пісаннем для хрысціянскай і іудаісцкай рэлігій. Складаецца з дзвюх частак — Старога і Новага Запаветаў[1][2][3]. Іудзейская рэлігія прызнае толькі Стары Запавет, хрысціянская — абедзве часткі[2].

Стары Запавет

Асноўны артыкул: Стары Запавет Кананічны тэкст Старога Запавету ўключае 39 кніг, некананічны грэчаскі пераклад Септуагінта — на 11 кніг больш. Тэкст Старога Запавета напісаны на арамейскай мове, якая ў той час ужывалася яўрэямі ў паўсядзённым жыцці. Паводле іудаісцкай традыцыі стары запавет (Танах) дзеліцца на 3 часткі: «Закон» (Тора), «Прарокі» (Невіім) і «Пісанне» (Ктувім).

Новы Запавет

Асноўны артыкул: Новы Запавет Новы Запавет уключае 27 кніг, напісаных на старажытнагрэчаскай мове, у якіх апісваецца жыццё і дзейнасць Ісуса Хрыста — 4 Евангелля, пашырэнне яго вучэння. Таксама значную частку Новага запавету складаюць лісты або пасланні да тагачасных вернікаў Рымскай імперыі ў Грэцыі, Малой Азіі, Палесціны ды Рыму. Заканчваецца Новы Запавет кнігай Апакаліпсіс.

Некананічныя кнігі Старога Запавету

Асноўны артыкул: Некананічныя кнігі Бібліі Пераклады Бібліі

Асноўны артыкул: Пераклады Бібліі Біблія з’яўляецца найбольш перакладаемай кнігай у свеце. На 31 студзеня 2007 г. Біблія выдадзена на 438 мовах, акрамя таго Новы Запавет перекладзены яшчэ на 1 168 моў, а на 848 моў Біблія перекладзена часткова. Згодна з дадзенымі кнігі рэкордаў Гінеса агульны тыраж падрукаваных Біблій з 1815 па 1975 г. склаў 2,5 мільярдаў асобнікаў.

Гісторыя перакладу на беларускую мову

Асноўны артыкул: Пераклады Бібліі на беларускую мову На тэрыторыі Беларусі спісы асобных біблейскіх кніг або іх фрагментаў з’явіліся, верагодней за ўсё пасля хрышчэння Русі (986—988). На працягу многіх стагоддзяў Біблія на тэрыторыі сучаснай Беларусі чыталася на царкоўнаславянскай мове. Вядомы дзясяткі рукапісаў XI—XV стст. на царкоўнаславянскай мове. Магчыма, перапісваннем свяшчэнных кніг займалася Ефрасіння Полацкая (XII ст.). Пра сталую біблейскую традыцыю на тэрыторыі Беларусі сведчаць рукапісныя помнікі: Аршанскае, Полацкае, Друцкае Евангеллі, Смаленскі псалтыр і інш.

Першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданнем Бібліі на роднай мове, блізкай да тагачаснай старабеларускай літаратурнай мовы, была Біблія Ф. Скарыны. 6 жніўня 1517 г. ён выпускае Псалтыр, потым амаль кожны месяц — новую кнігу Бібліі. За два гады ён выдаў 23 ілюстраваныя кнігі. У першую беларускую Біблію выдавец уключыў амаль паўсотні ілюстрацый: шматлікія застаўкі, іншыя дэкаратыўныя элементы, якія гармануюць з вёрсткай старонак, шрыфтам і тытульнымі лістамі. У яго пражскіх выданнях мноства арнаментальных упрыгожанняў і графічных ініцыялаў. У сакавіку 1525 г. у Вільні Скарына выпусціў «Апостал» («Дзеі і пасланні апосталаў»).

Наступным значным перакладам з’явілася праца Васіля Цяпінскага. Ён быў вядомым прыхільнікам Рэфармацыі ў Беларусі, заснаваў у сваім маёнтку Цяпіна друкарню. Ён выдаў Евангелля ад Матфея, Марка і пачатак Лукі на дзвюх мовах: царкоўнаславянскай і беларускай.

Пазней у 1563 г. выдадзена Берасцейская Біблія (Радзівілаўская Біблія). Выданнем біблейскіх кніг займаўся С. Будны, І. Фёдараў і П. Мсціславец, С. Собаль, М. Вашчанка і інш.[2]

На працягу XVII—XIX стагоддзяў не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову.

У пачатку 1920-х гг. баптысцкі прэсвітар з Брэста Лукаш Дзекуць-Малей пераклаў Евангелле на беларускую мову. Пазней свае паслугі перакладу прапанаваў Антон Луцкевіч. Ён і далучыўся да працы Дзекуць-Малея. У 1931 г. выйшаў іх сумесны пераклад Новага Запавету і псалмоў. Наступны пераклад па храналогіі належыць да Вінцэнта Гадлеўскага, які скончыў пераклад Новага Запавету да 1930 г., аднак супрацьстаянне каталіцкіх уладаў дазволіла выпусціць Новы Запавет толькі ў 1939 г. Вінцэнт пачаў перакладаць і Стары Запавет, аднак загінуў падчас вайны ад рук гестапа. Яго працу працягнуў Пётр Татарыновіч. Аднак пераклад Гадлеўскага і Татарыновіча моцна насычаны паланізмамі. Наступны пераклад звязаны з імем Янкі Станкевіча. Ён першы, хто перавёў ўсю Біблію на беларускую мову. Варта згадаць пераклады Мікалая Мацукевіча, Яна Пятроўскага, Міхася Міцкевіча (брата Якуба Коласа), Анатоля Клышкі, Уладзіміра Чарняўскага. У 2002 г. Васіль Сёмуха выдаў у Мінску пераклад ўсёй Бібліі[4] на беларускую мову тарашкевіцай.

З 1989 г. ажыццяўляе дзейнасць па перакладзе Святога Пісання Беларуская Біблейская камісія, арганізаваная пры Беларускім Экзархаце мітрапалітам Філарэтам. У 2017 годзе выйшаў з друку поўны перакладзены Новы Запавет.

Пераклад кніг Новага Запавету таксама быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў папярэдне (2002—2005) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў. Пераклад таксама пабачыў свет у 2017 годзе.

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Культуралогія…
  2. 1 2 3 4 5 6 7 Чалавек і грамадства:…
  3. 1 2 Скарына Ф. Творы:… С. 157.
  4. Біблія на беларускай мове Архівавана 7 верасня 2013.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Біблія
Рэкардсмены Кнігі рэкордаў Гінеса
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле